Ліда стала сталіцай народнай музыкі

21 Ноября 2025 7737
Музычная восень у Лідзе гучала па-асабліваму – у нашым горадзе з размахам прайшоў абласны фестываль народнай музыкі «Зайграйце, музыкi!»

Арганізатарамі музычнага свята выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел культуры Лідскага райвыканкама і абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

У конкурснай праграме панавала разнастайнасць: ад шчырых народных песень да віртуозных інструментальных твораў. Асабісты каларыт стварала ўмова конкурсу – адна з дзвюх кампазіцый у выкананні кожнага артыста абавязкова павінна была належаць беларускаму аўтару, што падкрэслівала павагу да роднай культуры.

Ярка выступілі на фестывалі калектывы Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, прадэманстраваўшы сапраўднае майстэрства. Ансамбль народнай музыкі «Крынiчка» (кіраўнік Алена Сячко) зачараваў гледачоў сваім шчырым гучаннем. Народны аркестр беларускіх народных інструментаў «Бравэрка» (кіраўнік Галіна Пушкіна) зарадзіў залу сваёй энергіяй. Найвышэйшы ўзровень прадэманстраваў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны аркестр рускіх народных інструментаў (кіраўнік Алена Сячко).

Сапраўдным падарункам для ўсіх гасцей і ўдзельнікаў фестывалю стаў канцэрт народнага аматарскага калектыву духавога аркестра Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Віктара Бяльчыцкага. У той вечар сцэна літаральна ажыла: ад магутнага дыхання медзі і захапляльных рытмаў, здавалася, стукала само сэрца залы. У іх выкананні ажывалі і велічныя маршы, і  гарачыя джазавыя імправізацыі, і лірычныя мелодыі, якія краналі да глыбіні душы.

Журы мела складаную задачу – выбраць лепшых сярод дарослых і дзіцячых аркестраў, ансамбляў народнай музыкі і песні. Асобна адзначаліся лепшыя рэжысёрскія рашэнні, аранжыроўкі і дырыжорскае майстэрства.

Па выніках конкурсных праслухоўванняў менавіта лепшымі былі прызнаны калектывы з Ліды. У іх ліку дыпломам І ступені ўзнагароджаны заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны аркестр рускіх народных інструментаў (кіраўнік Алена Сячко). Таксама дыплом I ступені ў ансамбля народных інструментаў “Крынічка” (кіраўнік Алена Сячко). Дыплом ІІ ступені ў народнага аркестра беларускіх народных інструментаў “Бравэрка”. А мастацкі кіраўнік «Бравэркі» Галіна Пушкіна атрымала дыплом «За дырыжорскае майстэрства».

Фестываль завяршыўся, але ў сэрцы кожнага, хто быў яго часткай, засталася цёплая і яркая нота, якая будзе гучаць да наступнай музычнай восені!

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться