“Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!”: народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі-калыскі” адзначыў юбілей
Поўная зала, кветкі, шчырыя ўсмешкі і адчуванне сапраўднага сямейнага свята. Так адзначаў свой 40-гадовы юбілей народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў “Мы з вёсачкі-калыскі”. Іх творчы вечар пад знакавай назвай «Адна сям'я, адно жыццё, адна песня!» стаў не проста канцэртам, а жывым сведчаннем таго, як мастацтва і родная песня аб'ядноўваюць
пакаленні. Са сцэны лілася не проста музыка, а сама душа беларускай вёскі, а ў зале, быццам на вялікім сямейным свяце, сабраліся самыя блізкія людзі.
Сямейны фенамен: чатыры пакаленні на адной сцэне
Усё пачалося 40 гадоў таму з простай і шчырай сямейнай традыцыі – спяваць песні, сабраўшыся разам. Сям'я Парфенчыкаў зразумела: яны не толькі ўмеюць, але і вельмі любяць спяваць. Гэтае імкненне перарасло ў ідэю несці беларускую песню людзям. Крыніцай натхнення стала родная вёсачка-калыска, якой яны і прысвяцілі адну з першых песень: "Паклон вам вельмi нiзкi з вёсачкі-калыскi".
Самай моцнай рысай ансамбля заўсёды была яго сямейнасць. У яго складзе – прадстаўнікі чатырох пакаленняў вялікай сям’і – не прафесійныя музыкі, а ўрачы, будаўнікі, цырульнікі... Іх дэвіз "Без песні хоць трэсні!" жыве ў сэрцы кожнага ўдзельніка. Менавіта песня згуртавала блізкіх людзей на доўгія гады і працягвае ўмацоўваць роднасныя сувязі.
– Выдатна, што шмат гадоў таму ў сям'і Парфенчыкаў вырашылі несці свой талент людзям, – зазначыла ў прывітанні старшыня Лідскага раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш. – Але пачаць – гэта палова справы. А вось прадоўжыць і развіваць яе на працягу 40 гадоў, несучы людзям дабрыню, цяпло і беларускую мову, – гэта дарагога варта!
Ад сямейнага гуртка да народнага ансамбля
Гісторыя калектыву – гэта гісторыя пастаяннага развіцця і прызнання. У 1994 годзе ансамбль адным з першых у краіне атрымаў ганаровае званне “Народны аматарскі калектыў”! Яны станавіліся дыпламантамі і лаўрэатамі шматлікіх фестываляў, сярод якіх – Рэспубліканскі фестываль сямейных ансамбляў у Слоніме, Міжнародны фестываль сямейнай творчасці ў Польшчы, тэлевізійны фестываль “Залатыя ключы”. Іх творчасць высока ацанілі не толькі на радзіме, але і за мяжой.
Час імчыцца, але ансамбль не стаіць на месцы. Калісьці невялікі сямейны гурток вырас, а да творчай суполкі далучаюцца новыя пакаленні: дзеці і ўнукі старэйшых удзельнкіаў Аляксандра і Інэсы, Зінаіды, Сафіі, Таццяны. І кожны знаходзіць тут свой творчы голас. Гэта галоўная гарантыя таго, што песня “Мы з вёсачкі-калыскі” будзе гучаць яшчэ шмат дзясяткаў гадоў.
Сёння ансамбль застаецца актыўным удзельнікам культурнага жыцця краіны. У 2024 годзе ён прымаў удзел у праграме “Добры вечар!” на тэлеканале Белрусь-1, а салістка Інэса Парфенчык дайшла да суперфіналу праекта “Фактар бай 60+”. Ужо ў 2025-м калектыў прадстаўляў Гродзенскую вобласць на міжнароднай выстаўцы "Адпачынак-2025" у Мінску.
Юбілейны вечар: музычная і сямейная гармонія
Канцэртная праграма юбілея была насычанай і разнастайнай: народныя і сучасныя песні, гумарэскі, вершы, мініяцюры… Асаблівую атмасферу стварылі выступленні калег-музыкантаў, якія прыехалі павіншаваць юбіляраў. ВІА “Шкляры” выканалі песню на словы Аляксандра Парфенчыка, Андрэй Панісаў дадаў у свой рэпертуар таксама песню Аляксандра Парфенчыка з уласнай аранжыроўкай. На сцэне выступілі народны ансамбль народнай музыкі і песні “Гудскі гармнік”, народны ансамбль бытавых інструментаў “Каханачка” і сямейны народны ансамбль акардэоннай музыкі “Круіз” з Мажэйкава, удзельнікі аматарскага аб’яднання “Эліт Данс” з Дзятлава і саліст Дзмітрый Сакалоў з п. Першамайскага, а таксама вучні Бердаўскай школы.
Прызнанне і ўзнагароды
Юбілейны вечар не абышоўся без ганаровых узнагарод. Ганаровай граматай Лідскага райвыканкама за папулярызацыю беларускай народнай культуры быў узнагароджаны сам ансамбль. Персанальна Ганаровай граматай раённага Савета дэпутатаў быў адзначаны кіраўнік калектыву Аляксандр Парфенчык, Падзячным пісьмом – акампаніятар Сафія Маркевіч. Ганаровай граматай Упраўлення культуры аблвыканкама ўзнагароджана культарганізатар Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Інэса Парфенчык, Ганаровай граматай аддзела культуры Лідскага райвыканкама – акампаніятар ансамбля Наталля Сініцкая. Узнагароды таксама атрымалі іншыя ўдзельнікі калектыву.
У фінале вечара ў адрас самабытных артыстаў гучалі самыя шчырыя пажаданні: увайсці ў Кнігу рэкордаў Гінэса, пражыць на сцэне яшчэ тры разы па 40 гадоў. Але галоўнае – зноў сабрацца на наступным юбілеі.
Прагучала на вечары і вельмі трапнае параўнанне: “Сямейны ансамбль Парфенчыкаў – фенамен…” І з гэтым нельга не пагадзіцца. Сям’я – галоўнае багацце чалавека, а калі гэтая сям'я праз пакаленні беражэ, захоўвае, нясе людзям іх родную песню, глыбока кранае сэрцы гледачоў ад малога да вялікага, то гэта становіцца сапраўдным цудам.
Як спявалася ў іх фінальнай песні: “Сто гадоў вам, Парфенчыкі!”




