У Лідзе прайшоў абласны фестываль рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”
Лідчына стала цэнтрам прыцягнення для таленавітых носьбітаў беларускага фальклору з усёй Гродзенскай вобласці. Тут, у рамках XXXII Дня беларускай пісьменнасці, прайшлі заключныя мерапрыемствы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы". Гэта знакавая падзея сабрала на адной сцэнічнай пляцоўцы на плошчы па вуліцы Савецкай лепшых прадстаўнікоў народнай творчасці, каб падзяліцца з гледачамі багаццем і самабытнасцю культурнай спадчыны.
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы" ахоплівае ўсю Гродзенскую вобласць. На ім маюць магчымасць прадставіцца дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленькай вёсачкі Гродзеншчыны.
Першы тур фестывалю праходзіў з красавіка па ліпень 2025 года. Удзельнікі занальных аглядаў-конкурсаў падрыхтавалі праграмы, накіраваныя на раскрыццё культурных традыцый сваёй мясцовасці: аўтэнтычныя песні, танцы, гульні, інструментальную музыку, экспазіцыі традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Так, сёння на заключным мерапрыемствы абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» на сцэнічнай пляцоўцы сабраліся таленавітыя прадстаўнікі народнай творчасці з усёй Гродзеншчыны.
Таксама ўпершыню было прадэманстравана палатно адзінства, у якім таленавітыя майстры творча прадставілі яскравыя адметнасці ўсіх 17 раёнаў вобласці. Палатно сшыта спецыялістамі ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”.
Напачатку свята гасцей і ўдзельнікаў фестывалю прывітала начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. У сваёй прамове яна падзякавала ўсім удзельнікам свята за іх плённую працу і адзначыла важнасць захавання жыватворных крыніц для маладога пакалення. Затым ва ўрачыстай абстаноўцы былі ўручаны ўзнагароды за выстаўку-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Гарадзенскі сувенір”. У ліку пераможцаў былі і лідчане. Так, у намінацыі “Лепшае пано ў тэхніцы выцінанкі” дыплом I ступені атрымала майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Дар’я Шафак. А ў намінацыі “Лепшы выраб дэкаратыўнай глінянай пластыкі “гліняная цацка, акарына” была адзначала дыпломам ІІ ступені майстар аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” Алена Свідэрская.
На працягу амаль усяго дня лідчане і госці горада мелі магчымасць пачуць аўтэнтычныя песні, убачыць традыцыйныя танцы, пазнаёміцца з народнымі гульнямі, паслухаць інструментальную музыку.
Святочным акцэнтам фестывалю стала «Свята кадрылі» з удзелам вядучых фальклорных калектываў вобласці.
Падчас правядзення занальнага агляду-конкурсу амаль кожны раён прадставіў выстаўку традыцыйных рамёстваў.
Для журы было складанай задачай вызначыць лепшыя калектывы і творчыя нумары Гродзеншчыны. Кожны з іх меў сваю непаўторнасць і самабытнасць.
Але пасля абеду члены журы ўсё ж падвялі вынікі конкурсу і адзначылі лепшыя з лепшых калектываў на Гродзеншчыне. Ва ўрачыстай абстаноўцы яны ўзнагародзілі пераможцаў дыпломамі абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы" і ўручылі падарункі. Сярод пераможцаў былі і лідчане. Так, у намінацыі “Дарослы фальклорны калектыў” дыпломам І ступені ўзнагароджаны народны фальклорны гурт "Талер" аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. А яшчэ дыпломам І ступені ў намінацыі “Індывідуальны выканаўца” была ўзнагароджана салістка народнага фальклорнага гурта “Талер” Наталля Шчалканогава.
Фестываль "Панямоння жыватворныя крыніцы" ў Лідзе стаў не проста святам народнай творчасці, але і важным крокам у захаванні і папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны.







