Свята музыкі і паэзіі адбылося на днях у малой зале Палаца культуры горада Ліды
31 Марта 2023
968
Вяла праграму работнік Палаца культуры Ольга Іокуш. На сцэне малой залы выступалі паэты-ўдзельнікі “МузАльянса” Вольга Верасняк, Людміла Русь, Тэрэза Смольская, Ганна Рэлікоўская, Аляксандр Мацулевіч, паэтка і спявачка Людміла Краснадубская, а таксама выканаўцы Лаліта Кумпель, Іосіф Сухавіцкі, салісткі народнага хору ветэранаў “Майскія зоры” Валянціна Тарашкевіч і Галіна Коўзель. Гучалі вершы і песні пра Беларусь, пра горад-юбіляр гэтага года – Ліду, пра паэзію і каханне. Адбылася прэм’ера новай песні Людмілы Краснадубскай, прысвечанай 700-годдзю Ліды. Песні на словы лідскай паэткі Ліліі Каранеўскай-Радзевіч выканалі Лаліта Кумпель, Валянціна Тарашкевіч і Галіна Коўзель. Чытанне вершаў суправаджалася ігрой на скрыпцы даўняга сябра “МузАльянса” – кіраўніка народнага ансамбля скрыпачоў “Славяначка” Аліцыі Казак.
На працягу тэматычнай праграмы вядучай былі згаданы тыя, хто стаяў ля вытокаў “МузАльянса”: Вячаслаў Пыпець (заснавальнік і першы кіраўнік калектыву), Святлана Пыпець (Мельнікава-Піваварава), Уладзімір Гарачоў, Ігар Кумпель, Дзінара Мазітава, Анатоль Міцкевіч, Васіль Горгуль, Рэгіна Снітко і інш. Цяпер арт-студыю ўзначальвае малады спецыяліст Палаца культуры Лідзія Волкава, якая і сама піша вершы. Лідзія Аляксандраўна, арганізатар тэматычнай праграмы, падзякавала калектыву Палаца культуры і яго дырэктару Ірыне Эдуардаўне Тур за падтрымку дзейнасці “МузАльянса”, за дадзеную магчымасць праводзіць праграмы з удзелам паэтаў і выканаўцаў песень, папулярызаваць творчасць лідскіх паэтаў. Была выказана падзяка і калектывам-сябрам “МузАльянса”: народнаму хору ветэранаў “Майскія зоры” і аматарскаму аб’яднанню “Вера. Надзея. Любоў”.
Трэба адзначыць, што да 700-годдзя Ліды па ініцыятыве арт-студыі і пры дапамозе прыватнага прадпрыемства “Мир фото” выпушчана серыя паштовак з выявамі славутасцей Ліды і вершамі лідскіх паэтаў на адваротным баку. Гэтыя паштоўкі змогуць набыць на памяць пра наш горад і госці святкавання яго 700-годдзя, якое, як вядома, запланавана на верасень.
Дырэктар Палаца культуры Ірына Тур павіншавала народную арт-студыю прозы і паэзіі “МузАльянс” з 15-годдзем і пажадала яе ўдзельнікам, каб іх творы і надалей дыхалі маладосцю, любоўю да жыцця, да Беларусі, да роднага горада Ліды.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.