У Лідскім раёне адзначылі свята вёскі Цыбары
У кожнай вёсачцы, ад маленькай да сённяшняга аграгарадка, вякамі адзначалі розныя значныя падзеі: ці сямейныя, ці суседскія, ці агульныя для ўсіх. А апошнія гады паўсюдна традыцыйнымі сталі такія ўрачыстасці, як святы вёсак. Яны плануюцца звычайна на летні час, а ў Лідскім раёне – яшчэ і на выхадны дзень, каб як мага болей людзей прынялі ўдзел у сумесным адпачынку. Менавіта такі перыяд выбралі работнікі Далекскага дома культуры-бібліятэкі для правядзення свята вёскі Цыбары.
Дзякуючы размяшчэнню ўздоўж Гродзенскай трасы, гэты населены пункт добра вядомы не толькі жыхарам Лідскага раёна, але і падарожнікам, вадзіцелям далёкіх і блізкіх рэйсаў, якія спыняюцца на адпачынак у мясцовым прыдарожным кафэ “Гасціны двор”. Цікава, а ці ведаюць яны, што вёсцы ўжо больш за 500 гадоў і пра яе нават напісана кніга? Хутчэй за ўсё, не. Гэты прабел журналіст “Лідскай газеты” абавязкова папоўніць, і ў бліжэйшых нумарах раёнкі выйдзе падрабязны матэрыял аб кнізе і яе аўтары – Яніне Адамаўне Налімавай.
Але адметнасць Цыбараў не столькі ў гэтых фактах, няхай і дастаткова значных, колькі ў людзях. Сёння тут пражывае 52 чалавекі. Усе яны – людзі працавітыя, заслужаныя і… самага рознага ўзросту, што разбурае стэрэатып: у вёсках сёння жывуць у асноўным пенсіянеры. Напрыклад, сям’я Стралюк выбар на карысць сельскага жыцця зрабіла не задумваючыся. Маладыя муж і жонка Аляксандр і Вольга ўладкоўваюць тут свой побыт, выхоўваюць чатырохгадовага сына Мішу. Дарэчы, пакуль хлопчык – самы маленькі жыхар Цыбараў. Цяжка паверыць, але з мясцовым старажылам – Канстанцінам Паўлавічам Карэйвам – у яго розніца ва ўзросце амаль стагоддзе! Пенсіянеру сёння 93 гады. Падчас свята ён двойчы пускаў скупую мужчынскую слязу: калі арганізатары ўзнагароджвалі яго як самага старэйшага жыхара вёскі і калі атрымаў падарунак ад любімай раёнкі.
Справа ў тым, што Канстанцін Паўлавіч – адзін з 16-ці пастаянных падпісчыкаў “Лідскай”, якія пражываюць у Цыбарах. З нагоды 75-годдзя газеты карэспандэнт правяла сярод іх традыцыйную для нашага выдання гульню “Шанс для везунчика”. Вось толькі тэлефанаваць у рэдакцыю і адказваць на пытанні нікому не прыйшлося. Усё адбывалася ў рэжыме рэальнага часу і на вачах у гасцей і жыхароў, якія прысутнічалі на свяце вёскі Цыбары. У прыгожую крыштальную вазу былі пакладзены 16 лісткоў паперы з напісаным на кожным прозвішчам аднаго падпісчыка. Адзін з юных жыхароў Цыбараў, які сам выклікаўся дапамагчы, дастаў упадабаную ім паперку. Так, з лёгкай дзіцячай рукі, фартуна ўсміхнулася Канстанціну Паўлавічу Карэйву.
Наогул, на свяце не забылі ні пра каго. Арганізатары шчодра ўзнагароджвалі і юбіляраў, і сямейныя пары, якія пражылі ра-зам не адно дзесяцігоддзе, і лепшых гаспадароў. Не засталіся ў даўгу і вяскоўцы. Шмат цёплых слоў было адрасавана работнікам Ганчарскай бібліятэкі, якія арганізавалі на свяце выставу-продаж, шчырых апладысментаў – артыстам Далекскага Дома культуры-бібліятэкі, якія радавалі прысутных спевамі і ігрой на розных музычных інструментах. Гэта дзякуючы іх намаганням мерапрыемства атрымалася такім шчодрым і запамінальным!