Калі трымаюць моцна Макары... У Лідскiм раёне адкрыўся цыкл святаў вёсак

13 Июня 2022 2714


З надыходам лета адкрываецца цыкл святаў вёсак Лідскага раёна. Макары – адна з першых вёсачак, якая прымала гасцей.

Калі рыхтавалася да паездкі на гэта мерапрыемства, са здзіўленнем і з жалем даведалася, што на сённяшні дзень там пражывае толькі… тры чалавекі.

– І, тым не менш, свята адбудзецца пры любым надвор’і, – супакоіла мяне Зоя Баклага, старшыня Ходараўскага сельвыканкама. – Жыхароў там сапраўды мала, але ўраджэнцы Макароў жывуць не толькі па ўсёй Беларусі, але і за яе межамі. Відаць, моцна прараслі яны каранямі на сваёй малой радзіме, прыцягвае іх да сябе родная старонка. Праўда, трэба сказаць, што без старасты вёскі Лідзіі Іванаўны Грыц і яе дачкі Наталлі свята магло б і не быць. Але паедзьце, паглядзіце - самі ўсё ўбачыце і зразумееце. Упэўнена, не пашкадуеце!


Сапраўды, тое, што гасцей чакаюць, стала зразумела, як толькі пераехалі масток праз рачулку Лебяду. Па-гаспадарску абкошаныя абочыны прывялі прама… да багата накрытага ў цяньку, каля крайніх хат, стала, за якім сабралася каля трох дзясяткаў чалавек рознага ўзросту (дарэчы, на працягу вечара пад’язджалі тыя, каго справы прымусілі спазніцца).

Безумоўнай гаспадыняй свята была Лідзія Іванаўна. Сціплая, прыемная ў гутарцы жанчына паведаміла, што ў Макары прыехала жыць пяцьдзясят гадоў назад.

– Адкуль такая назва вёскі? – пытаюся.

– Нічога асаблівага: недалёка рэчка, лес, а іх звычайныя спадарожнікі – камары. Ці, як кажуць, макары.

– Вёска раней вялікая была?

– Ды як сказаць! На той час, як я сюды пераехала жыць, было трыццаць шэсць сем’яў. Адметнымі асаблівасцямі ўсіх іх былі шчырасць і сяброўства. На гэтым самым пятачку заўсёды разам адзначалі ўсе святы. А бывала, і так, без прычыны, збіраліся, калі зрэдку з’яўлялася вольная гадзіна.

– А гэта традыцыя сустрэчы з землякамі даўно нарадзілася?

– Сёлета дзявяты раз сустракаемся. Шчыра скажу, што стан здароўя крыху перашкаджае арганізоўваць усё гэта. Але мне, як старасце вёскі, людзі тэлефануюць з усіх куткоў Беларусі. Пытаюцца, ці будзем збірацца. Як тут адмовіць? Тым больш што мне вельмі дапамагае мая малодшая дачка Наталля.

– А старэйшая дзе?

– Ва Украіне жыве, з сям’ёй.

– І як ёй там цяпер? – асцярожна пытаюся.

– Там, дзе яна жыве, пакуль ціха…

Вельмі пранізлівай была прамова Лідзіі Іванаўны ў пачатку свята. Акрамя традыцыйных пажаданняў міру, здароўя і поспехаў, яна не пажадала вялікага дастатку. Патлумачыла, што вялікія грошы прымушаюць людзей забываць пра звычайныя чалавечыя каштоўнасці, пазбаўляюць іх людскасці, перашкаджаюць вось так, па-прасцецку, збірацца разам. А менавіта адзін такі дзень, як сёння, дае сілы жыць на ўвесь наступны год.

Потым гаспадыня свята падарыла ўсім прысутным песню. «Приходите в мой дом, мои двери открыты, буду песни вам петь и вином угощать», --  спявала жанчына іІ кожны прысутны разумеў, што гэта не проста тэкст песні – гэта сапраўднае запрашэнне і запэўненне ў тым, што кожнаму госцю ёсць куточак не толькі ў хаце, але і ў вялікім, шчырым сэрцы Іванаўны, як па-свойску клічуць жанчыну знаёмыя.

Самаадданасць, хутчэй падобная на самаахвераванне, з якой стараста вёскі ставіцца да ўсіх людзей – родных і чужых – у аднолькавай ступені, адлюстроўваецца ў іх адносінах да жанчыны. Трэба было бачыць, з якой пяшчотай кружыў яе ў танцы… зяць Віктар!

Музычнае аздабленне свята забяспечвалі творчыя калектывы Тарноўскага і Ходараўскага Дамоў культуры. Дарэчы, у вакальнай групе “Медуніца” з апошняга ўжо больш за дваццаць год спявае кіраўнік спраў Ходараўскага сельвыканкама Наталля Бразоўская.

У сваёй прамове яна заўважыла: куды б мы ні паехалі ад сваіх родных веснічак, адразу заўважаем, што толькі там, на малой радзіме, самае высокае неба, самыя звонкія птушкі, самая зялёная трава і, галоўнае, самыя шчырыя і спагадлівыя людзі.

Сабраўшыся за сталом, яны паводзілі сябе проста, як у вялікай і дружнай сям’і. І хоць нас з рэдакцыйным вадзіцелем таксама гасцінна пасадзілі бліжэй да пачастункаў, было няёмка перашкаджаць іх сямейнай гутарцы нейкімі банальнымі пытаннямі. З большага было і так усё зразумела. Таму мы з Віктарам Андрэевічам проста назіралі за святам і разумелі, што гэтая паездка падобная хутчэй на адпачынак, чым на працу.

Тым не менш, трохі пачакаўшы, я пазнаёмілася з некаторымі гасцямі.


Вячаслаў Аляксандравіч (ураджэнец Макароў) і Юлія Грыгор’еўна (ураджэнка Магілёва) Бучы жывуць у Лідзе, стараюцца не прапускаць ні -воднага свята. Дарэчы, даведалася, што ў мінулым годзе пара адзначыла залатое вяселле.


Віктар Юр’евіч (мінчанін) і Святлана Аляксандраўна (з Макароў) Лазаравы цяпер пражываюць у Мінску, але з задавальненнем прыязджаюць сюды, каб пабачыца з землякамі.

Наступная пара – Віталь і Ала Пятліцкія – была самымі далёкімі гасцямі, з Ганцавіч. Дарэчы, Ала аказалася маёй калегай – таксама працуе ў раёнцы. А прыехала разам з сям’ёй на радзіму… свякрухі Людмілы Вітальеўны. Пагадзіцеся, такі прыемны рэверанс з боку нявесткі – чарговы доказ, што з гэтых мясцін паходзяць добразычлівыя, шчырыя людзі!


А вось Ала Касцюшка і Марына Дамшэвіч аказаліся сапраўднымі гасцямі. Ні яны, ні іх родныя не паходзяць з гэтых месцаў. Яны прыязджаюць сюды да сваіх сяброў, каб проста адпачыць душой.

Асобна да мяне падышла Вера Аляксееўна Буча, адна з нямногіх жыхароў гэтай вёсачкі. Пра сябе, акрамя таго, што ў халодную пару жыве ў дачкі ў Лідзе, а на цёплы сезон вяртаецца ў родныя мясціны, гаварыць не стала. Але вельмі эмацыянальна, літаральна ўзахлёб, расказвала пра Лідзію Іванаўну, з якой сябруе пяцьдзясят гадоў. “Гэта той самы чалавек, да якога заўсёды можна звярнуцца па дапамогу. Ніколі і нікому яна не адмовіла, нягледзячы на тое, свой або чужы чалавек”,- паведаміла яна.

Дарэчы, сённяшняе надвор’е таксама было на баку тых, хто сабраўся: недзе здалёк грукатаў гром, але ў Макары навальніца не наведалася, нібы дазваляючы насыціцца шчырымі гутаркамі, водарам малой радзімы, успамінамі аб мінулых падзеях, людзях – жывых і адышоўшых у іншы свет. Хай у макароўцаў і ў іх сем’яў будзе так, як мае быць! А таксама хочацца пажадаць, каб і далей збіраліся вялікай і дружнай сям’ёй. Каб у наступную, юбілейную, сустрэчу давялося паставіць яшчэ больш сталоў!

Не жадаючы перашкаджаць, мы з вадзіцелем паціху пакінулі гаспадароў свята і іх гасцей. Дарэчы, нягледзячы на тое што былі толькі ад стала, па дарозе мы ўсё ж такі з’елі піражкі, якімі нас пачаставала Наталля (між іншым, сёлета яе дзень нараджэння супаў са святам вёскі!), бо водар, які напаўняў машыну, не пакінуў ім шанцу даехаць да Ліды...

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться