Духоўнае яднанне маці і дачкі Кулеш. У Доме Таўлая працуе выстаўка работ рукадзельніц з Бярозаўкі Алы і Марыны Кулеш

25 Мая 2022 2569


Сярод наведвальнікаў аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды і горада Бярозаўкі нямала людзей творчых, якія, нягледзячы на пэўныя фізічныя абмежаванні, пад куратарствам чулых работнікаў аддзяленняў знаходзяць прымяненне сваім талентам. Гэтыя людзі абмежаваныя ў магчымасцях, але багатыя душой і моцныя духам. Хтосьці іграе на шумавых інструментах, хтосьці піша вершы, хтосьці стварае карціны або вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… І такіх людзей у рамках праекта “Перадай дабро па крузе” запрашае ў госці Дом паэта Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея, выдзяляе плошчы для сустрэч з імі і выставак іх работ, каб аб іх талентах, іх багатым унутраным свеце даведаліся наведвальнікі Дома-музея. Чарговымі героямі праекта сталі на днях рукадзельніцы Ала і Марына Кулеш (маці і дачка) з горада Бярозаўкі. На другім паверсе Дома Таўлая адкрылася выстаўка іх работ “Духоўнае яднанне”.

Пачатак праекту быў пакладзены ў снежні 2020 года выстаўкай работ маладой мастачкі Ганны Брэйва. У 2021 годзе наведвальнікі Дома Таўлая пазнаёміліся з аўтарамі вершаў Алесяй Лянцэвіч (разам з мужам Янам яна часта праязджае на “велакарэце” каля гэтага будынка па вуліцы Замкавай), Вольгай Мікшай (вядомай і як культарганізатар, вядучая імпрэз). А наведвальнікі з праблемамі зроку мелі магчымасць азнаёміцца з выстаўкай тактыльных карцін мастака-манументаліста з Мінска Васіля Зянько і праз гэтыя карціны – з паэзіяй Алеся Разанава і Валянціна Таўлая (карціну на верш Таўлая “Верабейкі” Лідскі гісторыка-мастацкі музей набыў у мастака для нашага Дома Таўлая).

У лютым бягучага года праект “Перадай дабро па крузе” быў прызнаны найлепшым інтэрактыўным праектам у рэспубліцы па выніках 2021 года. Такі вялікі поспех праекта пабудзіў яго куратара, навуковага супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алеся Хітруна працягваць гэты праект і ў 2022 годзе. І на днях быў адкрыты яго новы – на гэты раз выставачны – сезон.

Адкрыўся сезон выстаўкай “Духоўнае яднанне”, якая стала першай ластаўкай у супрацоўніцтве Дома Таўлая з Лідскай аб’яднанай арганізацыяй ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” (да гэтага ў рэалізацыі праекта “Перадай дабро па крузе” Дом-музей супрацоўнічаў з аддзяленнем дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды). На выставе прадстаўлены работы, створаныя рукамі мамы і дачкі – адпаведна Алы Аляксееўны і Марыны Валяр’янаўны Кулеш з горада Бярозаўкі, адных з самых актыўных членаў Лідскай АА ГА “БелТІ”, наведвальніц аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі. 



 Аб’ядноўвае маці і дачку многае.   Абедзве вышываюць бісерам, іграюць на шумавых інструментах у ансамблі “Вясёлыя рабяты”, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельніцамі разнастайных мерапрыемстваў. Абедзве ствараюць рукамі прыгажосць, дораць людзям радасць. Ала Аляксееўна да таго ж стварае карціны ў тэхніцы стрынг-арт, кветкі з паперы і тканіны, хораша дэкламуе вершы. Яе крэда – не толькі быць карыснай сабе і сваёй сям’і, але і прыносіць карысць іншым. А дачка Марына яшчэ і стварае карціны ў тэхніцы кінусайга, хораша пяе, удзельнічае ў тэатралізаваных пастаноўках, гуляе ў гарадкі. Вось такі шырокі свет захапленняў і ў маці, і ў дачкі. У Доме Таўлая прадстаўлена каля дваццаці іх работ, выкананых у розных тэхніках.

На адкрыцці выстаўкі, акрамя яе куратара Алеся Хітруна і аўтараў работ, прысутнічалі старшыня Лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” Алена Самускевіч, удзельнікі гістарычнай гасцёўні “Памяць за сабою пакліч”, некаторыя лідскія паэты. Прысутныя мелі магчымасць не толькі азнаёміцца з работамі, але і пагутарыць з Алай і Марынай Кулеш у памяшканні літаратурнай гасцёўні, даведацца аб незвычайнай, актыўнай і моцнай духам сям’і Кулеш з горада над Нёманам. Пачулі яны і кранальную патрыятычную песню ў выкананні Марыны Валяр’янаўны.

Выстаўка “Духоўнае яднанне” будзе працаваць да сярэдзіны чэрвеня. Затым Ала і Марына Кулеш перададуць эстафету праекта “Перадай дабро па крузе” іншаму таленавітаму наведвальніку аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі. А пакуль карэспандэнт “ЛідаМедыяКампаніі” таксама не ўпусціў магчымасці пагутарыць з гераінямі выстаўкі, больш даведацца аб гісторыі іх сям’і.

Ала Аляксееўна Кулеш, да таго як атрымала інваліднасць, працавала сартавальнікам на шклозаводзе “Нёман”. З’яўляецца маці траіх дзяцей з інваліднасцю: Аляксея, Марыны і Андрэя. Усім траім урачы некалі паставілі складаны дыягназ, які ў некалькіх словах гучыць як “сіндром Марціна-Бела”. Але ўсе трое ў свой час скончылі школу ў Бярозаўцы (навучаліся дома). Дарэчы, сям’я Кулеш стала першай сям’ёй у горадзе над Нёманам, дзеці ў якой навучаліся дома, па дапаможнай праграме.

– Я жыву для сваіх дзяцей, – гаворыць Ала Кулеш, – даглядаю іх, аберагаю, радуюся кожнаму іх кроку, кожнаму іх поспеху. Я павінна жыць дзеля іх, бо без мяне ім будзе вельмі цяжка. Сама маю інваліднасць і добра ведаю іх праблемы і спадзяванні, добра іх разумею. Для гэтых людзей вельмі важна, як на іх глянеш, якім тонам з імі загаворыш, і тут патрэбна быць крыху псіхолагам, бо такія людзі цяжка перажываюць любую крыўду, любую няўдачу. Дэвіз нашай сям’і: “Упадзём – устанем, атрасёмся і пойдзем далей!”

У 1996 годзе Ала Аляксееўна трапіла ў аварыю, пасля чаго таксама атрымала інваліднасць. З 2008 года разам са сваімі дзецьмі стала наведваць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліды, а калі ў 2011 годзе падобнае аддзяленне адкрылася ў Бярозаўцы, пачала хадзіць туды. Ала Кулеш і трое яе дзяцей сталі “першапраходцамі” аддзялення ў горадзе над Нёманам. Тут яны і пачалі займацца творчасцю. Пачыналі з бісеру. Карціны з бісеру работы Алы і Марыны Кулеш, маці і дачкі, не раз выстаўляліся ў Бярозаўцы на Дні горада.

– Мне больш падабаецца вышываць іконы, – расказвае Ала Аляксееўна. – За іх вышыўкай я знаходжу душэўны спакой. Адну ікону – “Маці Божая – памочніца ў родах” – я падарыла Лідскаму раддому. Мая ікона “Неупиваемая чаша” зараз знаходзіцца ў вёсцы Мотча на Навагрудчыне, дзе, як вядома, ёсць купель, куды прыязджаюць сем’і, у якіх ёсць праблемы, звязаныя з алкаголем. Многа маленькіх імянных ікон я падарыла знаёмым на дні нараджэння. Мая ж дачка больш вышывае карціны з выявамі хлопцаў, дзяўчат, коней.

З пачатку гэтага года Ала і Марына Кулеш захапіліся навамоднымі тэхнікамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: маці – стрынг-артам (у ім выкарыстоўваюцца цвікі, перапляценне нітак), дачка – кінусайга (японскае рукадзелле, складанне аплікацый з кускоў тканіны). Ала Аляксееўна да таго ж стварае кветкі з паперы і тканіны (асабліва падабаюцца ёй васількі, макі).

– У 2020 годзе я ездзіла на “Славянскі базар” у Віцебск, але з чужымі работамі, – гаворыць Ала Аляксееўна. – У гэтым годзе збіраюся зноў паехаць туды, на гэты раз з работамі сваімі і Марынінымі. Дарэчы, члены Лідскай аб’яднанай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў не першы год прадстаўляюць Лідчыну на фестывалі творчасці інвалідаў у рамках “Славянскага базару”, штогод прывозяць адтуль дыпломы. Спадзяюся, што сёлета будуць заўважаны і ацэнены на фестывалі і тварэнні нашых рук.

А пакуль кожны жадаючы можа азнаёміцца з гэтымі цудоўнымі, яркімі, цёплымі работамі на выстаўцы ў Доме Таўлая. Прыходзьце – і ўпэўніцеся, які багаты ўнутраны свет, якая неабмежаваная фантазія ў людзей з абмежаванымі магчымасцямі!






Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться