Пра пляценне на каклюшках чулі? У Лiдзе адбылася творчая сустрэча ўдзельніц выстаўкі «Жанчына-чараўніца»
У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” адбылася творчая сустрэча ўдзельніц выстаўкі “Жанчына-чараўніца”.
Выстаўка стала традыцыйнай, бо праходзіць ужо не першы раз і з кожным годам усё больш таленавітых майстрых прадстаўляюць свае работы ў розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У гэтым годзе 16 удзельніц з горада Ліды паказалі, на што здольныя іх залатыя рукі. Інтэр’ерныя лялькі ручной работы, аўтарскія калекцыі вышывак крыжыкам, гладдзю, атласнымі стужкамі, вязанне кручком, пляценне з лазы, вырабы з саломы і нават такое рэдкае для Беларусі рамяство, як пляценне на каклюшках, – любавацца работамі можна бясконца.
На сустрэчы ўдзельніцы выстаўкі мелі магчымасць не толькі прадставіць свае творчыя работы, але і абмяняцца каштоўным вопытам і сакрэтамі майстэрства. Прыемным момантам мерапрыемства стаў майстар-клас па сухім валенні з воўны. Яшчэ дваццаць гадоў таму аб гэтым рамястве мала хто ведаў. А ўжо сёння гэта надзвычай папулярны від рукадзелля, якім з задавальненнем займаюцца як дарослыя, так і дзеці.
– Як і любы іншы від рукадзелля, валенне патрабуе ўседлівасці, вялікага цярпення, мастацкіх здольнасцей, адчування формы, колеру, – адзначыла навуковы супрацонік аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Марына Савіцкая. – Асноўны інструмент – спецыяльная іголка для валення. А яшчэ патрэбна падкладка з тоўстага паралону, на якой зручна фармаваць воўну.
Для лідчанак гэта быў першы вопыт працы з воўнай, тым больш сухім спосабам. Нечакана для ўдзельніц кветкавыя кампазіцыі атрымаліся выдатнымі. – З ваўняных нітак, як з пластыліну, можна звязаць шапку ці рукавіцы, можна зрабіць цацку, футляр для мабільніка ці самую сапраўдную карціну. У Беларусі гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва паступова стаў вельмі папулярным. Бадай, ніводны матэрыял не дае столькі магчымасцей для фантазіі. Не верыце? Тады завітайце ў наш аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры – і самі пабачыце, на што здольныя вашы рукі!