А напрыканцы – танец «Верабей», пячатка і падкормка птушак. Як у Лідзе адзначылі 100-годдзе першага верша Валянціна Таўлая?
19 Февраля 2022
2744

У аснове выстаўкі – калекцыя прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму, сабраная на працягу года з дапамогай жыхароў горада, у тым ліку мастакоў і рамеснікаў, і некаторых адукацыйных устаноў: Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Лідскага раённага цэнтра экалогіі, турызму і краязнаўства. У калекцыі таксама знаходзяцца тактыльная карціна (для людзей з праблемамі зроку) мастака-манументаліста з Мінска Васіля Зянько, мастацкая работа траюраднай унучатай пляменніцы Валянціна Таўлая – Анастасіі Несцярук з Баранавіч. У памяшканні выстаўкі маюцца фотазона (наведвальнікі быццам трапляюць у куточак прыроды з птушкамі, галоўная з якіх, канешне ж, верабей), кніжны куток (у ім прадстаўленыя галоўным чынам кнігі для дзяцей, у якіх так ці інакш згадваецца верабей, у тым ліку прыжыццёвы зборнік дзіцячых вершаў Петруся Граніта – сябра Валянціна Таўлая).
На базе выстаўкі запланавана правядзенне музейна-педагагічнага занятка для дзяцей “Вядзе рэй верабей”, у праграме якога – майстар-клас па вырабе вераб’я з паперы, развучванне песні пра вераб’я, маляванне гэтай птушкі, азнаямленне з асаблівасцямі кармлення вераб’ёў зімой, гульні, забавы і многае іншае.

Алесь зачытаў прысутным урывак з успамінаў Валянціна Таўлая аб перыядзе вучобы ў Лідзе, зачытаў і сам верш “Верабейкі”.
Яшчэ год назад супрацоўнікі Дома Таўлая вырашылі сабраць калекцыю прадметаў і матэрыялаў на “вераб’іную” тэму, якая б складалася з вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, твораў выяўленчага мастацтва, кніг і інш. І сёння такой калекцыяй літаратурны музей можа пахваліцца. Гэта карціны, малюнкі, вырабы, чучала вераб’я, свістулькі ў выглядзе вераб’ёў і, канешне ж, кнігі.

Шмат малюнкаў на “вераб’іную” тэму было перададзена з Лідскай дзіцячай мастацкай школы мастацтваў, з якой літаратурны музей цесна супрацоўнічае. Актыўна ўключыліся ў акцыю па зборы “вераб’інай” калекцыі таксама цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства. Кіраўнікам усіх трох згаданых устаноў адукацыі ў час адкрыцця выстаўкі былі ўручаны Падзячныя лісты і падарункі ад Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

– Помнік вераб’ю ў Баранавічах быў адкрыты ў 2003 годзе, – расказвае Алесь Хітрун. – Аўтар – скульптар Станіслаў Цалюк. Гэтым помнікам, гавораць, была закрыта ад вачэй прахожых труба, якая тырчала з зямлі і псавала эстэтычны выгляд плошчы. Бронзавы верабей адразу палюбіўся баранавічанам. Ёсць звычай гладзіць яго – на паспяховую здачу экзамену, на каханне, на багацце. Дарэчы, помнікаў вераб’ю ва ўсім свеце толькі тры: у Баранавічах, Кіеве і Бостане. А з 2009 года адзначаецца Міжнародны дзень вераб’я – 20 сакавіка.


Усю ж багатую калекцыю цяпер можна паглядзець на выстаўцы, трапіўшы ў цікавую і па-хатняму ўтульную “вераб’іную прастору” Дома паэта Валянціна Таўлая па вуліцы Замкавай.
Прыходзьце! І не забудзьцеся пакарміць птушак!
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.