Адбылася прэзентацыя кнігі «Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах»
Яшчэ адной кнігай па гісторыі Ліды стала болей: у рамках чарговага пасяджэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылася прэзентацыя кнігі “Ліда ўчора і сёння. Гісторыя горада ў выявах”, якая стала вынікам сумеснага праекта нашай газеты і мясцовага краязнаўца Леаніда Лаўрэша. На прэзентацыю былі запрошаны галоўны рэдактар “Лідскай газеты” Кацярына Серафіновіч, Леанід Лаўрэш, аматары гісторыі і літаратары Лідчыны, а таксама прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Леанід Лаўрэш – інжынер па адукацыі. Як заўважыў хтосьці з удзельнікаў прэзентацыі, славуты гісторык Тэадор Нарбут па адукацыі таксама быў інжынерам, аднак гэта не перашкаджала яму займацца навукова-даследчай работай у галіне гісторыі і стварыць шмат грунтоўных прац на гэтай ніве. Для нашага сучасніка Леаніда Лаўрэша гісторыя – таксама справа ўсяго жыцця. У коле лідскіх (і не толькі лідскіх) краязнаўцаў і аматараў гісторыі Леанід Лявонцьевіч вядомы перш за ўсё як адміністратар сайта “Pawet” па адпаведнай тэматыцы, а таксама як аўтар шматлікіх (каля 120) артыкулаў па гісторыі Лідчыны, некалькіх кніг. У апошнія гады Леанід Лаўрэш супрацоўнічае з “Лідскай газетай”. Вынікам менавіта гэтага супрацоўніцтва стаў гістарычны праект нашага выдання “Ліда на старых выявах”, а крыху пазней – і кніга “Ліда ўчора і сёння”.
Аднак перадгісторыя стварэння кнігі пачалася значна раней – у самым пачатку 2000-х гадоў, калі спярша на “Павеце”, а затым і ў друкаваным выглядзе з’явілася першая кніга Леаніда Лявонцьевіча (у суаўтарстве з Уладзімірам Круцікавым) – “Ліда на старых малюнках, паштоўках, фотаздымках”. Кніга атрымала станоўчыя водгукі ў навуковым свеце, доктар гістарычных навук, прафесар Захар Шыбека ўключыў яе ў бібліяграфію па беларускай урбаністыцы. Прайшло больш за дзесяць гадоў – і на падставе матэрыялаў той першай кнігі і новых работ краязнаўца на старонках “Лідскай газеты” распачаўся вышэйзгаданы праект, прымеркаваны да 690-гадовага юбілея горада (дарэчы, гэты праект працягваецца і зараз).
Безумоўна, калі параўноўваеш кнігу “Ліда ўчора і сёння” з кнігай “Ліда на старых малюнках…”, адразу адзначаеш розныя ўзроўні іх афармлення (і тут перавага – за новым выданнем). У новай кнізе, акрамя старых, чорна-белых, прысутнічаюць сучасныя, каляровыя фотаздымкі – яны расказваюць нам аб Лідзе сённяшняй. Больш тут, чым у “Лідзе на старых малюнках…”, выяў старога горада і тэкставага матэрыялу.
Ужо сама назва кнігі гаворыць аб тым, што ў ёй паказана не толькі мінулае горада, але і яго сучаснасць. Для напісання кнігі выкарыстана вялікая колькасць гістарычнай літаратуры. Гістарычныя тэксты спалучаюцца тут з выявамі Ліды розных часоў, пачынаючы з канца XVIII стагоддзя. На старонках кнігі прыведзены звесткі пра Лідскі замак, Рыначную плошчу, найбольш старыя вуліцы горада, некаторыя іншыя яго раёны. Таксама тут прасочваецца гісторыя лідскай чыгункі, асобных каталіцкіх і праваслаўных храмаў горада, даваенных устаноў адукацыі. І ўсё гэта – у спалучэнні з фотаздымкамі, паштоўкамі, малюнкамі, якія дапамагаюць нам ярчэй уявіць тую – ранейшую – Ліду, Ліду нашых дзядоў і прадзедаў, назаўсёды згубленую з пачаткам Вялікай Айчыннай вайны, з налётамі варожай авіяцыі і бязлітаснымі бамбардзіроўкамі. Другая частка кнігі прысвечана сённяшняму дню горада, які ў свой час адрадзіўся з руін і попелу. Гэтую частку напаўняюць ужо каляровыя, сучасныя фотаздымкі.
Як заўважылі самі складальнікі кнігі, падобныя выданні вельмі патрэбныя: яны з’яўляюцца друкаванымі візіткамі горада для яго гасцей, ілюстраванымі падручнікамі гісторыі горада для яго жыхароў.
P. S. “Ліда на старых выявах” і “Ліда ўчора і сёння” – не адзіныя гістарычныя праекты нашай газеты. Чытачам таксама спадабаліся новыя праекты адпаведнай тэматыкі “Гісторыю раёна напішам разам” і “Летапіс ваеннага дзяцінства”. У планах выдання – праект, прысвечаны 100-годдзю падзей Першай сусветнай вайны. Шмат планаў і ў сябра нашага выдання Леаніда Лаўрэша. Ён намераны і далей супрацоўнічаць з “Лідскай газетай”, дасылаць у рэдакцыю свае гістарычныя матэрыялы.