Разам па шляху творчасці – да поспеху! Народны ансамбль песні і танца «Лідчанка» адзначыў юбілей – 60-годдзе з дня заснавання
27 Декабря 2021
2417
З нагоды гэтай важнай падзеі мы паразмаўлялі з мастацкім кіраўніком ансамбля. Пра гісторыю, творчасць, дасягненні калектыву і вечныя каштоўнасці расказала Вольга Сяргеева.
– Вольга Віктараўна, 60 гадоў – сур'ёзная дата для самадзейнага калектыву: ёсць што ўспомніць, пра што расказаць. З чаго ўсё пачыналася?
– Народны ансамбль песні і танца “Лідчанка” Палаца культуры г. Ліды быў заснаваны ў 1961 годзе. Першым кіраўніком ансамбля стаў заслужаны работнік культуры БССР Васіль Іванавіч Аламаха і практычна 20 гадоў ім з'яўляўся. Як вядома, за любым поспехам у творчасці стаіць вялікая праца. Вось і ў пачатку дзейнасці калектыў імкнуўся пашырыць рэпертуар, а разам з ім расло і майстэрства артыстаў. Васіль Іванавіч запрашаў для працы ў калектыве сталічных знакамітасцей, напрыклад, кіраўніка Беларускага дзяржаўнага нацыянальнага ансамбля танца Рыгора Апанасенку, вядомага беларускага кампазітара Мар'яна Наско. І ў 1970 годзе калектыву было прысвоена званне «народны».
Практычна 20 гадоў Васіль Іванавіч быў кіраўніком ансамбля. Першым балетмайстрам з'яўлялася Аляксандра Іосіфаўна Місяноўская. У якасці акампаніятара працаваў Пётр Шаблыкін. Вялікі ўклад у творчае развіццё калектыву ўнеслі спецыялісты Анатоль Конанаў, Канстанцін Казячы, Уладзімір Гарачоў, Марына Лесагор, Тамара Харашылава. А таксама ўдзельнікі, якія працавалі на сцэне па некалькі дзесяцігоддзяў: Альберт Рыжыкаў, Раман Крыпан, Георгій Лятохін, Анатоль Матчанка, Уладзімір Некрашэвіч, Славамір Шкленнік, Яўген Пелін, Галіна Іванова, Лілія Галактыёнава, Таццяна Шамахян.
За 60 гадоў калектывам пройдзены вялікі творчы шлях, выканана мноства яркіх народных песень. А колькі станцавалі!
– Цяперашні склад – гэта…
– 35 удзельнікаў ва ўзросце ад 19 да 50 гадоў. Яркімі прадстаўнікамі маладога пакалення і салісткамі з'яўляюцца Валянціна Страчынская, Таццяна Какошка. Моладзі даём дарогу і магчымасць паказаць сябе, не перашкаджаючы творчай ініцыятыве і жаданню шукаць нешта новае. Таксама працяглы час сваім выступленнем радуюць Марына Буян, Гражына Карэлава, Ірына Чвікава, Алена Лапушкіна, Ірына Скорб, Ганна Карэнік. Удзельнікі ансамбля – энергічныя, таленавітыя людзі, сапраўдныя аматары беларускай народнай творчасці. Я заўсёды і ва ўсім падтрымліваю свой калектыў, люблю сваіх супрацоўнікаў, і гэта з'яўляецца асновай нашай сумеснай дзейнасці.
– Многія песні і танцавальныя нумары непарыўна звязаны з традыцыямі нашага краю. І мне здаецца, што вы ведаеце сакрэт, як зрабіць народнае сучасным, цікавым сённяшняму гледачу…
– У кожнага сур'ёзнага калектыву павінен быць свой куфар «залатога фонду». У нас ён таксама ёсць. Гэта вакальныя і харэаграфічныя кампазіцыі, беларускія, рускія, польскія, літоўскія песні, творы a capella, народныя танцы, творы ў стылі фольк-мадэрн, сумесныя музычныя нумары з эстраднымі выканаўцамі. Гледачам прапануюцца беларускія народныя песні «Смутны вечар» (апрацоўка Ларысы Кулакоўскай), «А ў гародзе чорна рэдзька» (апрацоўка Вячаслава Пыпеця), «Ой, я жыта ды не сеяла» (музыка Якава Навуменкі), «А, чалом-чалом» (апрацоўка Івана Кашпура), «А ў гародзе ярыца», «Ой, пайду я на даліну», вакальна-харэаграфічныя кампазіцыі «Зязюлька» (з рэпертуару ансамбля «Неруш»), «Добры дзень» (апрацоўка Тамары Харашылавай), «Пасею руту» (апрацоўка Тамары Харашылавай), музычна-тэатралізаваныя паказы «Запрашаем на кірмаш», «Гуляць дык гуляць», «Абрад Купалле» і шмат іншых. Знайшлі сваё арыгінальнае сцэнічнае ўвасабленне беларускія абрады і святы: «Дажынкі», «Каляды», «Кірмаш». Асноўная мэта ансамбля – папулярызацыя народнага мастацтва, захаванне нацыянальных традыцый, развіццё беларускай песні і танцавальнай культуры. Як я заўсёды кажу, народныя песні стагоддзямі перадаваліся з пакалення ў пакаленне, і сёння мы павінны захаваць гэтую нітачку. Таму пры дапамозе народнай музыкі мы гаворым аб тым, што фарміруе наш светапогляд, аб тых спрадвечных ісцінах, якія робяць нас такімі, якія мы ёсць.
– Дзе вам даводзілася бываць, з кім супрацоўнічаць?
– Сёння мы супрацоўнічаем з рознымі творчымі калектывамі. Прымаем актыўны ўдзел у гарадскіх, раённых і абласных фестывалях і конкурсах, штогадовых урачыстасцях, прысвечаных Дню Перамогі, Дню Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дню горада, народных гуляннях («Праводзіны Зімы», «Купалле», «Кірмаш»), у мерапрыемствах, прысвечаных Году народнага адзінства. Нас заўсёды з ветлівасцю сустракаюць і ў іншых гарадах краіны. Так, калектыў прадстаўляў Лідчыну на абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі», браў удзел ва ўрачыстым адкрыцці свята «XXVI Дзень беларускага пісьменства» ў Слоніме. Неаднаразова выступаў у Літоўскай Рэспубліцы – Вільнюсе, Тракаі, Клайпедзе, Шальчынінкаі. Асноўная мэта замежных тураў – папулярызацыя беларускіх народных традыцый, самабытнасці і індывідуальнасці нацыянальнай культуры.
– Што даюць такія паездкі?
– У першую чаргу дазваляюць паказаць сябе. А яшчэ гэта ўнікальная пляцоўка для зносін і перадачы вопыту. Заўсёды адчуваем радасць ад магчымасці ўбачыць новыя месцы, знайсці новых сяброў, а галоўнае – паказаць усе грані свайго таленту.
– Ведаю, што ў «Лідчанкі» заўсёды ў рабоце ёсць новая праграма, бо ансамбль нязменна ў пошуку. Што ў планах на 2022 год?
– Калектыў працуе над пашырэннем жанравага дыяпазону, увесь час знаходзіцца ў творчым пошуку, папаўняючы свой рэпертуар. І гэта, паверце, велізарная праца, якая часта застаецца незаўважанай. Людзі бачаць толькі канчатковы прадукт – удалае выступленне ці добры канцэрт. Але ўсё гэта – сур'ёзная, карпатлівая праца ўсяго калектыву. Не стаяць на месцы, ісці ў нагу з часам, заўсёды знаходзіцца ў творчым тонусе, не адставаць ад сучасных павеваў і актыўна выкарыстоўваць у сваіх канцэртах інавацыйныя тэндэнцыі – стыль сённяшняга ансамбля.
Вядома, будзем цешыць жыхароў горада новымі творчымі праектамі і надалей. Упэўнена, што новыя ідэі і задумы змогуць пакарыць сэрцы нашых слухачоў і прыхільнікаў таленту.
– За гады свайго існавання калектыў дасягнуў высокага ўзроўню прафесіяналізму. Ваша майстэрства неаднаразова пацвярджалася перамогамі ў раённых, абласных, рэспубліканскіх, міжнародных конкурсах і фестывалях…
– Іх за ўсю гісторыю было нямала. Ансамбль песні і танца «Лідчанка» неаднаразова з'яўляўся дыпламантам раённых, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, выязджаў з абменнымі канцэртамі ў краіны блізкага замежжа. Так, у 2001 годзе мы атрымалі Залаты дыплом і Залаты кубак IV міжнароднага конкурсу харавых калектываў (Італія), у 2005 годзе наведалі міжнародны фестываль фальклору «Ля возера» (Тракай, Літва), у 2006 годзе з гонарам насілі званне дыпламантаў другой ступені II абласнога конкурсу народных хораў «Над сінім Нёманам», а ў 2009 годзе сталі дыпламантамі III ступені рэспубліканскага конкурсу грамадскага нацыянальнага тэлебачання «Песні маёй краіны». За гады працы было шмат сур'ёзных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў і фестываляў. Усё не пералічыш! І ні разу мы не вярнуліся ў Ліду з пустымі рукамі. Мы рады, што наша праца не застаецца незаўважанай. Гэта, з аднаго боку, падразумявае вялікую адказнасць. З іншага – падштурхоўвае ісці наперад, рабіць нешта цікавае і новае.
– За поспехамі стаіць праца многіх людзей…
– Так. Як я ўжо казала, не адно пакаленне мясцовых жыхароў аддало свой талент і энергію «Лідчанцы». Асабліва дзякуем ветэранам калектыву, якія ўнеслі вялікі ўклад у яго фарміраванне і станаўленне. З дапамогай прафесіяналізму гэтых людзей ансамбль атрымліваў прызнанне і высокія адзнакі не толькі ў горадзе, але і далёка за яго межамі. Кожны з артыстаў быў і застаецца яркай і ўнікальнай асобай, бездакорным талентам свайго часу. За сваю багатую творчую гісторыю «Лідчанка» не страціла музычнага каларыту і працягвае радаваць публіку беларускай музычнай культурай.
– Што б вы хацелі пажадаць сваім калегам у сувязі з юбілеем?
– Перш за ўсё хочацца пажадаць здароўя, таму што гэта самае галоўнае ў наш час, а таксама міру, дабра, кахання, невычэрпнай творчай энергіі, каб заўсёды з'яўляліся свежыя ідэі і ўсе яны былі ўвасобленыя ў жыццё.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.