«ЛьВёнок» заўважыў і адзначыў кожнага, хто прадэманстраваў свой талент

12 Июня 2021 890
На працягу амаль месяца наш горад з’яўляўся сапраўднай музычнай Мекай для самых яркіх і таленавітых дзяцей з усёй краіны, іх педагогаў і бацькоў: на базе Лідскай дзіцячай школы мастацтваў праходзіў VIII рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва “ЛьВёнок” (Лідскі вянок). Юныя канкурсанты заяўлялі аб сабе, паказвалі сваё майстэрства і прыносілі сапраўдную асалоду знатакам мастацтва. 

Нагадаем, што ў сёлетнім фестывалі-конкурсе “ЛьВёнок” удзельнікаў было менш, чым у 2019 годзе (у 2020 годзе, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, дзіцячы музычны форум не праводзіўся). Аднак больш за 1400 дзяцей – таксама ўражальная лічба. Сёлетняя геаграфія конкурсу – усе вобласці Беларусі, але на гэты раз не было ўдзельнікаў з замежжа. Конкурсныя праслухоўванні юных удзельнікаў праходзілі ў 34 намінацыях. Новая сярод гэтых намінацый – “Музычная літаратура”. 

Амаль месяц найлепшыя юныя артысты дэманстравалі свае ўменні ў розных намінацыях і ўзроставых катэгорыях. Ацэньвала іх уменні кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі заслужаныя артысты, музычныя дзеячы, прафесары. А днямі ў Лідскай дзіцячай школе мастацтваў адбылася ўрачыстая цырымонія закрыцця фестывалю-конкурсу. Ззаду яркія, незабыўныя конкурсныя дні, напоўненыя станоўчымі эмоцыямі, дзіўнымі сустрэчамі і творчымі зносінамі.

– Лаўрэаты-лідчане ёсць практычна ва ўсіх намінацыях фестывалю-конкурсу, у тым ліку ў новай намінацыі “Музычная літаратура”, – расказвае аб выніках конкурсу дырэктар Лідскай ДШМ Алена Спірына. – У скарбонцы Лідскай дзіцячай школы мастацтваў – 35 узнагарод, палова з іх – 18 – дыпломы лаўрэатаў. Па выніках конкурсу школа рыхтуе 9 дакументаў на атрыманне матэрыяльнай дапамогі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Ёсць узнагароды і ў іншых школ мастацтваў Лідчыны. Калі ж гаварыць аб нашай школе мастацтваў, то ў ліку лаўрэатаў – і яе творчыя калектывы: узорны духавы аркестр (кіраўнік – Андрэй Тарэнць), аркестр баяністаў і акардэаністаў (кіраўнік – Інэса Чыркова), узорны ансамбль танца “Забавушка” (кіраўнік – Святлана Паўлюкова), фартэпіянны і скрыпічны ансамблі. Спадабаўся журы таксама зборны нумар самых юных канкурсантаў – навучэнцаў падрыхтоўчай групы і першага і другога класаў нашай школы. Дарэчы, два вышэйзгаданыя аркестры не заставаліся без узнагарод ні на адным фестывалі-конкурсе “ЛьВёнок”. Спадзяёмся, наш аркестр баяністаў і акардэаністаў у хуткім часе атрымае званне ўзорнага.

– А якія ўражанні пакінуў сёлетні “ЛьВёнок” у гасцей? Чым запомніўся ім?

– Госці музычнага форуму з усёй рэспублікі прызнаваліся нам, што за два гады засумавалі па лідскаму “ЛьВёнку”. Па самым правядзенні сёлетняга “ЛьВёнка” ні ў іншагародніх удзельнікаў, ні ў членаў журы (а іх было 45) не было нават дробных заўваг – усе засталіся вельмі задаволеныя. Нас хвалілі, нам дзякавалі, прысылалі падзякі на электронны адрас. Многія адзначалі дзіўную па сваёй станоўчай энергетыцы атмасферу конкурсу, гасціннасць прымаючай стараны, цёплыя, сяброўскія адносіны паміж удзельнікамі. Журы ахарактарызавалі як строгае і справядлівае і ў той жа час уважлівае і добразычлівае да кожнага дзіцяці. Кожны ўдзельнік конкурсу быў адзначаны, што дае дзецям надзею і веру ў свае сілы. Мы ўклалі ў гэты конкурс душу і сэрца, падрыхтавалі і правялі яго, як заўсёды, на высокім узроўні. Трэба таксама адзначыць, што новая намінацыя – “Музычная літаратура” – выклікала шмат станоўчых водгукаў у членаў журы, падалася ім цікавай, тым больш што дзецьмі закраналіся тэмы, якія ў школе не вывучаюцца. А яшчэ госці былі ў захапленні ад нашага горада, нават пры дрэнным надвор’і наведвалі Лідскі замак, абедзве яго вежы. Госці адзначалі, што Ліда з кожным годам становіцца ўсё больш прыгожай і камфортнай, і гэтыя водгукі нам, лідчанам, таксама прыемна было чуць.

– Рэспубліканскі фесты-валь-конкурс стаў яркім і гучным фіналам чарговага навучальнага года ў Лідскай дзіцячай школе мастацтваў. Якім быў гэты навучальны год для школы? 

– На жаль, свой адбітак на нашу дзейнасць наклала пандэмія каранавіруса. Нашы дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах, але ў асноўным дыстанцыйна. Часам мы вазілі канкурсантаў у Гродна, Мінск. Спадзяюся, хутка адкрыюцца межы – будзем ездзіць і на больш далёкія адлегласці. У красавіку школа мастацтваў аднавіла канцэртную дзейнасць. Нягледзячы на пандэмію, у 2020/2021 навучальным годзе нашы вучні прынялі ўдзел у 115 конкурсах рознага ўзроўню, у тым ліку ў 93 міжнародных, у 7 рэспубліканскіх. Усяго заваявана 660 узнагарод, у тым ліку 25 Гран-пры. 332 нашыя вучні сталі лаўрэатамі І ступені. Словам, увесь год мы працавалі не пакладаючы рук, і гэта вялізная, карпатлівая праца прынесла свае плады. 

– Навучальны год скончыўся, але працягваецца наш удзел у конкурсах, – адзначыла ў канцы нашай гутаркі Алена Мікалаеўна. – Чакаем вынікаў міжнароднага конкурсу ў Літве, які праходзіць у рэжыме анлайн. Працягваецца і наша канцэртная дзейнасць – плануем даць канцэрты ў прышкольных летніх лагерах. Лета настала, але Лідская дзіцячая школа мастацтваў яшчэ працуе.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться