Бярозаўскія песняры - ВІА «Шкляры»

17 Апреля 2014 3687

Сказаць, што “Шкляры” – адзін з самых любімых і чаканых калектываў на пляцоўках Лідчыны, – амаль нічога не сказаць. Бо кожны раз, калі яны з’яўляюцца на сцэне, раўнадушных у зале не застаецца. Зачароўваюць жывое гучанне прыгожых, моцных галасоў, чыстыя мелодыі і вялізная станоўчая энергетыка, што ідзе з таго самага горада майстроў-шклавараў, які яны прадстаўляюць. Нездарма бярозаўскіх “Шкляроў” параўноўваюць з “Песнярамі”!

– А памятаеце, як усё пачыналася? – пытаю ў кіраўніка музычнай студыі “Шкляры” Віктара Мікянца і адміністратара Юрыя Александрука.

– Гэта было ў 1969 годзе, – гаворыць Віктар Мікянец. – Заснавальнік калектыву Іван Сахарчук пасля службы ў арміі застаўся ў Лідзе, сабраў вакол сябе музыкантаў... Старэйшае пакаленне лідчан, напэўна, памятае ансамбль “Маладосць”, які існаваў пры былой школе №3. Хтосьці з хлопцаў ішоў у армію, потым вяртаўся. Мы сталі іграць у гарадскім парку. Ох, якія гэта былі танцы! А потым пераехалі ў Бярозаўку. Калектыў займеў назву – “Шкляры”.

– Тады і пачыналася ваша папулярнасць?

– Так, у сярэдзіне сямідзясятых мы ўжо вялі актыўную канцэртную дзейнасць, – працягвае Віктар Францавіч, – прымалі ўдзел у шматлікіх аглядах і конкурсах, на якіх атрымлівалі высокія ўзнагароды і званні. Ансамбль інтэнсіўна развіваўся, расло выканальніцкае майстэрства, змяняўся склад удзельнікаў. У сярэдзіне 90-х кіраўніком ВІА стаў гітарыст Андрэй Барыла. З гэтага часу назіраўся творчы ўзлёт – у нас была распрацавана новая праграма. У апрацоўцы загучалі беларускія народныя песні, папулярная музыка рускіх, беларускіх, польскіх і ўкраінскіх аўтараў, класічныя творы. У той час ансамблю прысвоена ганаровае званне “народны самадзейны калектыў”, а хутка і “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Як вынік шматгадовай працы на базе ААТ “Шклозавод “Нёман” тут была створана музычная студыя “Шкляры”. Увогуле, наш калектыў, напэўна, не дабіўся б такіх значных поспехаў, каб не падтрымка гэтага прадпрыемства, асабіста дырэктара Ігара Бацяна і прафсаюзнага камітэта.

– Вядомасць і папулярнасць калектыву растуць. Дарэчы, вас ведаюць нават за межамі Беларусі...

– Гэта так, – адзначае Юрый Александрук. – Бо ВІА “Шкляры” падтрымлівае сяброўскія адносіны с дыяспарамі беларусаў Польшчы, Літвы, Латвіі і Эстоніі і заўсёды чаканы госць на святах і фестывалях, дзе прадстаўляе багацце нашай беларускай музычнай культуры. Напрыклад, у польскім Беластоку мы ўдзельнічаем у “Калядных сустрэчах з Беларуссю”, у Маарду (Эстонія) – у “Днях беларускай культуры і пісьменнасці”, у Шальчынінкаі (Літва) – у “Ночы на Купалу”. Асобна трэба назваць міжнародны фестываль “Славянскі свет”, дзе “Шкляры” прымаюць удзел разам з лепшымі калектывамі Расіі, Украіны, Эстоніі, Польшчы і Беларусі.

– Хто такія “Шкляры”? Хто стварае музыку крышталя?

– Наш калектыў значна абнавіўся. Але ёсць у ім і тыя, хто працуе з 70-х гадоў, – расказвае Віктар Мікянец. – Увогуле, узрост удзельнікаў – ад 23 да 60 гадоў. Дырэктар музычнай студыі – я, Віктар Мікянец, мастацкі кіраўнік – Андрэй Барыла. «Шкляры» – гэта таксама Аляксандр Казлоўскі (ударныя інструменты), Сяргей Граеўскі (бас-гітара, вакал), Юрый Юзвік (вакал), Юрый Александрук (адміністратар), Вольга Трэфілава (вакал), Дзмітрый Зубкоў (клавішныя, вакал), Мікалай Марцуль (гукарэжысёр). Сёлета ў калектыў вярнуўся ўдзельнік першага складу, клавішнік Валянцін Шот.

– У калектыве ёсць адна дзяўчына, якая вядомая многім лідчанам па ўдзеле ў папулярных тэлепраектах...

– І не толькі... Салістка ансамбля Вольга Трэфілава прымала ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, – гаворыць Юрый Александрук. – Ёй прысуджана званне дыпламанта Х нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі, рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні “Маладзечна”. Вольга з’яўлялася фіналісткай конкурснага атбору артыстаў-вакалістаў у Прэзідэнцкі аркестр Беларусі “Новые голоса Беларуси”. Як адна з лепшых спявачак была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры за ўдзел у заключным этапе рэспубліканскага конкурсу маладых талентаў “Зорка ўзышла над Беларуссю”.

– Прыхільнікі параўноўваюць вас, ВІА “Шкляры”, з “Песнярамі”...

– Нашы песні сапраўды пераклікаюцца з рэпертуарам “Песняроў”, – гавораць Віктар і Юрый. – Многія прыхільнікі знаходзяць у нас падабенства стылю, гучання. Ды і выконваць музычны матэрыял мы імкнёмся так, як і належыць сапраўдным песнярам – шчыра, хораша і па-беларуску.

sk

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться