Дзе музыка бярэ пачатак. У Лідскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў юбілей

26 Ноября 2020 1782
65 год – узрост сталы і прыгожы. За гэты час музычная школа дала пуцёўку ў жыццё больш як тром з паловай тысячам юных лідчан, прывіла пачуццё прыгожага, адкрыла таленты, дала штуршок да паспяховай самарэалізацыі. І сёння, у век камп’ютарных тэхналогій, музычнае выхаванне не губляе актуальнасці. А на музычным небасхіле Лідчыны ззяе ўсё больш зорачак. Іх столькі, што сапраўды нібыта зор у небе. 

Рэтраспектыва

Дырэктар музычнай школы Алена Жылінская паказвае першую кнігу загадаў музычнай школы, у якой ёсць і самы першы загад, ад 7 жніўня 1955 года, – залічыць дырэктарам школы Васіля Іосіфавіча Цупрыняка. Тады ж былі прынятыя на работу і чацвёра педагогаў: Георгій Міхайлавіч Жукаў (поўны цёзка легендарнага маршала!), Самуіл Мендзелевіч Ліберман, Клара Паўлаўна Мар'ясіна і Сяргей Паўлавіч Штундэр. Былі адкрыты класы фартэпіяна, баяна, домры і скрыпкі. Вядома, што першы набор складаўся з 69 вучняў. А сама школа ў той час размяшчалася на вуліцы Камсамольскай, побач з будынкам, дзе зараз знаходзіцца ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Потым яна пераехала на скрыжаванне вуліц Кірава і Перамогі. І толькі ў пачатку 90-х – у будынак па вуліцы Савецкай (дзе знаходзіцца і зараз), калі ўзначаліў школу Уладзімір Піліпавіч Калодка.

У 60-я гады ў музычнай школе былі створаны і першыя творчыя калектывы, узначальвалі якія такія выкладчыкі, як Віктар Янкоў, Леанід Хальпукоў, Зоя Кражава, Галіна Картаўцава, Марына Ваўрух і інш. Дарэчы, некаторыя калектывы дзейнічаюць і па сённяшні дзень. Гэты год юбілейны для двух з іх: народнага камернага аркестра (кіраўнік – Ірына Васілік), якому 35 гадоў, і народнага аркестра рускіх народных інструментаў (кіраўнік – Галіна Агарак), якому 50. Увогуле ж у школе дзейнічаюць 5 узорных і 2 народныя калектывы.

– Сёння мы з пачуццём падзякі звяртаемся да настаўнікаў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, – гаворыць Алена Іванаўна. – Помнім тых, каго няма з намі. Вітаем усіх выпускнікоў розных гадоў, чый шлях пачынаўся ў нашай школе. 

Школа выпусціла 3800 выпускнікоў. З іх 880 звязалі сваё далейшае жыццё з музыкай. Хтосьці стаў настаўнікам гэтай жа школы, іншыя працуюць у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы, выкладаюць у сярэдніх і вышэйшых навучальных установах, выступаюць у складах вядомых калектываў і сольна. Сярод выбітных выпускнікоў – піяністка і кампазітар Дзінара Мазітава, спявачка Вольга Уронская, джаз-музыкант Ігар Гіро, дацэнт БДПУ імя М. Танка Уладзімір Бубен, выкладчык Акадэміі музыкі Аляксандр Антановіч, выкладчыкі Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа Міхаіл і Бэла Дзвілянскія, Станіслаў Мішкель, Людміла Будай, Ала Догілева, Ала Салуянава і інш. А многія знайшлі сябе ў іншых сферах і дзякуючы сваім творчым здольнасцям змаглі дабіцца высокіх вынікаў.

Колькі ў небе зор!

Высокі прафесіяналізм педагогаў (а часта вучні ідуць менавіта на імя знакамітага выкладчыка), іх самааддача і пастаянны творчы пошук прыцягваюць у школу юных лідчан і мэтанакіравана вядуць іх да творчых вяршынь. 

– Зараз у нашай школе займаюцца 635 навучэнцаў, – расказвае намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Пчыцкая. – Адкрыта 23 музычныя спецыяльнасці. Толькі за апошнія два гады ў Лідскай дзіцячай музычнай школе мастацтваў адкрыты адзіныя ў вобласці аддзяленні эстраднага і лічбавага фартэпіяна. Сваіх прыхільнікаў знайшоў факультатыўны курс па ўкулеле (гавайскай гітары). Адным словам, цікавасць да музычнай адукацыі ёсць. Найбольшы попыт існуе на спецыяльнасці “Гітара”, “Электрагітара”, “Фартэпіяна”, “Скрыпка”, “Харавыя спевы”.

Дзіцячую музычную школу невыпадкова называюць кузняй талентаў.  “Мяркуйце самі, толькі па выніках мінулага навучальнага года нашы навучэнцы прынялі ўдзел у 157 міжнародных, 9 рэспубліканскіх і 46 абласных конкурсах, – адзначае Вольга Мікалаеўна. – Гэта больш за дзвесце лаўрэатаў і дыпламантаў першай, другой і трэцяй ступеней. Сярод нашых навучэнцаў – трыццаць адзін стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Імёны многіх на слыху ў лідчан. Гэта Дзінара Мазітава, Уладзіслаў Трубееў, Аляксандр Маркевіч, Дар’я Пажарыцкая, Ніна Бакуновіч, Аляксандра Бялова, Мікіта Янковіч, Валерыя Аляновіч, Мацвей Чуча, Паліна Хіляжава і іншыя.

Укулеле, «Гітарны Алімп» і #МузыкалкаЛіда#

– У знамянальны для нашага горада год правядзення рэспубліканскай акцыі “Ліда – культурная сталіца Беларусі” ў музычнай школе праходзіць шэраг брэндавых мерапрыемстваў, – расказвае дырэктар Алена Жылінская. – Сёлета быў дадзены старт новаму праекту – першаму адкрытаму рэгіянальнаму конкурсу выканаўцаў на класічнай гітары “Гітарны Алімп”. У дыстанцыйнай форме прайшоў абласны адкрыты джазава-эстрадны фестываль-конкурс “Птушка”. І вось літаральна на днях стартаваў новы адкрыты конкурс #МузыкалкаЛіда#. 

Летась педагогі школы актыўна ўключыліся ў работу праекта Трансгранічнага супрацоўніцтва з Шальчынінскай школай мастацтваў імя С. Манюшкі “Музычны мост дружбы”. Галоўнымі задачамі яго з’яўляюцца абмен і трансляцыя педагагічнага вопыту, вывучэнне музычнай спадчыны дзвюх краін і абмен творчымі дасягненнямі.

І ў перспектыве школа накіравана на развіццё. 

– Хочам і далей развіваць эстрадны накірунак. Ёсць задумкі па развіцці фальклорнага напрамку, – гаворыць Алена Іванаўна. – Джаз-фестываль «Птушка», які ўжо набыў статус абласнога, хацелася б вывесці на ўзровень рэспубліканскага. Асвойваем паслугі для дарослых, займаемся і з самымі маленькімі: адкрываем групы ранняга эстэтычнага развіцця, зазіраем у будучыню.

Жыццё ў гармоніі з музыкай

“Мы імкнёмся калі і не зрабіць з дзіцяці прафесійнага музыканта, то прывіць яму любоў да музыкі”, – аб гэтым скажа вам любы выкладчык музычнай школы. 

Дарэчы, калектыў тут падабраўся сапраўды моцны і нават унікальны. Больш за восемдзесят працэнтаў яго – педагогі з першай і вышэйшай катэгорыямі. Ёсць і такія, як ужо гаварылася вышэй, на чыё імя ідуць у музыку вучні. Акрамя таго, склаліся тут і дынастыі. 

Прадстаўнікі адной з іх – выкладчыкі фартэпіяна, родныя сёстры Нона Вішнеўская і Дыяна Коўзель. У іх з музычнай школай звязана літаральна ўсё жыццё. Тут калісьці працавала (у ліку першых педагогаў) іх мама Ларыса Піліпаўна Вішнеўская. І нават крыху – тата Андрэй Віктаравіч. Мама з татам і пазнаёміліся тут, у музычнай школе. 

– Я была маленькая, і мама часта брала мяне з сабой на работу, – расказвае Нона Андрэеўна. – Я назірала за ўрокамі, і любоў да музыкі міжволі з’явілася ўва мне з ранняга дзяцінства. Дзесьці ў 7 класе я задумалася: быць урачом ці музыкантам? І прыйшла да высновы, што без музыкі не змагу жыць. Вось і адданая ёй усё жыццё. 

– У Лідзе нямала таленавітых дзяцей, – адзначае Нона Вішнеўская. – Праўда, апошнім часам іх увагу больш адцягваюць камп’ютары, гаджэты. Бывае, што і бацькі ў сем’ях спрачаюцца, ці патрэбна дзіцяці музыка, лічаць, што яна будзе перашкаджаць вучобе ў школе. На самай справе гэта не так. Многімі вучонымі даказана, што музыка развівае мозг чалавека, абодва яго паўшар’і. Многія выбітныя вучоныя займаліся музыкай. Раю ўсім бацькам: не вагайцеся, прыводзьце дзяцей займацца музыкай. Магчыма, адразу ў дзіцяці і не ўсё атрымаецца, але з часам ён зможа дасягнуць поспехаў. 

Традыцыі імянітых педагогаў працягваюць маладыя выкладчыкі. Ксенія Васілевіч працуе ў музычнай школе трэці год. Яна выпускніца Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Калісьці добра вучылася ў школе і доўга выбірала прафесійны шлях. Але гэтак жа, як і Нона Андрэеўна Вішнеўская, зразумела, што без музыкі не ўяўляе свайго жыцця. У музычным каледжы яе настаўнікамі былі Святлана Антончык і Міхаіл Дзвілянскі (дарэчы, выпускнік дзіцячай музычнай школы). “Я да гэтай пары памятаю, што яны казалі мне на занятках, і тое ж самае зараз кажу сваім вучням, – гаворыць Ксенія Васілевіч. – Болей за ўсё мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Кожны з іх індывідуальны, мне цікава шукаць падыходы да іх. Ну, а скрыпка – каралева музыкі. І хаця сёння модна займацца гітарай, але скрыпка ўсё ж не губляе сваёй прыцягальнасці. У мяне ёсць вучні, якія мэтанакіравана прыйшлі ў школу з жаданнем займацца скрыпкай.

Магчыма, у будучым мы ўбачым юную лідчанку Арыну Хрышчановіч на вялікай сцэне і будзем ганарыцца, што яна родам з нашага горада. Прынамсі, думаць так ёсць усе падставы, бо сёння яна, 10-гадовая дзяўчынка, вельмі смела пакарае музычны Алімп і заяўляе аб сваім таленце на прэстыжных конкурсах. 

– Вакальныя здольнасці ў мяне заўважылі яшчэ ў дзіцячым садку, а ў 6 год я заняла другое месца на міжнародным конкурсе “ЛьВенок”, – расказвае Арына. – Гэта і падштурхнула займацца вакалам. У 6 гадоў я сама прыйшла ў музычную школу.

Арына займаецца ў выкладчыка Анжалікі Бірук і прызнаецца, што заняткі прыносяць ёй вялікае задавальненне. Ужо сёння дзяўчынка ведае, што хоча звязаць з музыкай сваё жыццё.

Колькі яшчэ вучняў пагадзіліся б са словамі Арыны Хрышчановіч? Упэўнена: вельмі шмат. 

Юбілей дзіцячай музычнай школы сёлета праходзіць без шырокага размаху, але са святочным настроем у сэрцах як вучняў, так і педагогаў. Бо музыка і ёсць свята, шчасце і радасць творчасці. 
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться