Ёсць на Лідчыне і свой эпас

22 Октября 2020 1025
Значная падзея ў літаратурным жыцці Лідчыны адбылася на мінулым тыдні: у рамках цыкла мерапрыемстваў літаратурна-музычнага салона “Над Лідзейкай” у Доме Валянціна Таўлая адбылася прэзентацыя літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” №9.

Прэзентацыя зборніка была прымеркавана да 10-годдзя з дня адкрыцця літаратурнага аддзела Лідскага гісторыка-мастацкага музея, больш вядомага як Дом Валянціна Таўлая. На мерапрыемства былі запрошаны аўтары, чые творы змешчаны ў альманаху. 

Гісторыю літаратурнага аддзела нагадаў прысутным навуковы супрацоўнік музея, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун. За дзесяць гадоў у сценах Дома Таўлая было арганізавана каля 40 выстаў. Пастаянныя экспазіцыі, якія тут дзейнічаюць, – “З мастацкім словам па жыцці” (прысвечаная літаратурнай Лідчыне) і мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая. Абедзве экспазіцыі папаўняюцца. Зацікаўлены літаратурны аддзел і ў экспанатах і матэрыялах, звязаных з жыццём і дзейнасцю сяброў Валянціна Таўлая, сярод якіх – паэты Васіль Струмень, Пятрусь Граніт, Герасім Прамень. 

А яшчэ дзесяцігадовая гісторыя Дома Таўлая – гэта каля сотні культурна-масавых мерапрыемстваў, сустрэчы з паэтамі ў рамках цыкла “Перад тым як на Парнас, завітай, паэт, да нас” (які ў мінулым годзе трансфармаваўся ў літаратурна-музычны салон “Над Лідзейкай”), заняткі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “У школу да Цёткі”. Нельга таксама не згадаць, што на працягу васьмі гадоў тут праводзіліся пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Зборнік “Ад лідскіх муроў” – таксама вынік плённай дзейнасці Дома Таўлая. Дарэчы, у хуткім часе кожны жадаючы зможа паўдзельнічаць у анлайн-экскурсіі ў гісторыю гэтай установы. 

Старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец ад імя дырэктара музея Вольгі Піліпчук павіншавала супрацоўнікаў літаратурнага аддзела з юбілеем, пажадала, каб гэты ўтульны дом па вуліцы Замкавай і далей заставаўся месцам, дзе збіраюцца нераўнадушныя да літаратуры людзі, каб тут адкрываліся новыя літаратурныя імёны, праводзіліся новыя цікавыя сустрэчы і выстаўкі. А яшчэ Наталля Міхайлаўна перадала даўняму сябру музея – лідскаму краязнаўцу, паэту, галоўнаму рэдактару часопіса “Лідскі летапісец” і зборніка “Ад лідскіх муроў” Станіславу Судніку – грамату Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за актыўную дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны. 

Далей слова ўзяў Станіслаў Вацлававіч. Ён нагадаў аб гісторыі альманаха “Ад лідскіх муроў”, які выдаецца з 1998 года, расказаў аб яго новым – дзявятым – нумары. У гэты нумар увайшлі творы лідчан і ўраджэнцаў Лідчыны, напісаныя або апублікаваныя галоўным чынам у 2016-2019 гадах, а таксама матэрыялы, якія датычацца літаратурнага жыцця Лідчыны ў гэты перыяд. Зборнік выйшаў вельмі аб’ёмны (460 старонак), у ім дзесяць раздзелаў (“Эпас”, “Паэзія”, “Пераклады”, “Проза”, “Драматургія”, “Успаміны” і інш.). Гэта першы альманах “Ад лідскіх муроў”, які выйшаў у цвёрдай вокладцы. Тут упершыню прадстаўлены раздзел “Эпас”, які заняў каля 130 старонак. 

Як адзначыў Станіслаў Суднік, у апошнія тры-чатыры гады свае літаратурна-мастацкія зборнікі пачалі выдавацца і ў Навагрудку, Слоніме, Нясвіжы. “Падняўся цэлы літаратурны рэгіён, – піша галоўны рэдактар “Ад лідскіх муроў” у прадмове да зборніка. – Вось яго не было, і вось ён ёсць. Недзе там – у Мінску, Гродне – элітная літаратура, элітныя выданні, а тут масавы пад’ём літаратурнай глыбінкі”. І далей падкрэсліваецца, што без гэтай рэгіянальнай літаратуры беларуская літаратура была б няпоўнай, няцэльнай: “А калі-небудзь, праз шмат гадоў, нейкі даследчык зразумее, што мінская элітная літаратура і гэтыя рэгіянальныя выданні разам і ёсць яе вялікасць цэльная беларуская літаратура. Даследчык напіша дысертацыю, а мы напісалі чарговы лідскі альманах і прапануем яго чытачам”. 

Выхад наступнага – 10-га – нумара альманаха “Ад лідскіх муроў” запланаваны на канец 2021 года. Часткова – на паўтары сотні старонак – матэрыял для яго ўжо сабраны. Работа па падрыхтоўцы літаратурнага выдання Лідчыны будзе працягвацца.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться