Гучны спеў лідскіх «Крэсавяцаў» чуў сам Папа Рымскі
30 Июля 2020
1373

Трыццаць год гучаць у Лідзе і за яе межамі песні “крэсовыя”, духоўныя і іншыя ў выкананні ансамбля. Трыццаць год ансамбль садзейнічае захаванню “крэсовай” культуры на Лідчыне. Ёсць нагода расказаць на старонках “Лідскай газеты” аб гісторыі песеннага калектыву, яго ўдзельніках, яго багатым рэпертуары, яго гастрольнай дзейнасці і дасягненнях. Карэспандэнт запрасіў да гутаркі найстарэйшага на сённяшні дзень удзельніка “Крэсавяцаў” – салістку ансамбля Ганну Антонаўну Комінч.
Аб’яднаныя любоўю да песні «крэсовай»
Задоўга да ўтварэння ансамбля “Крэсавяцы” будучыя ўдзельнікі песеннага калектыву марылі спяваць разам. Не раз распявалі яны ў хатнім застоллі песні дзядоў і прадзедаў, што жылі некалі на так званых “усходніх крэсах” – прымежнай з Польшчай тэрыторыі Беларусі (адсюль і назва анса-мбля – “Крэсавяцы”). Патрэбнасць душы ў тых амаль забытых творах прывяла гэтых людзей да стварэння песеннага калектыву. Першым кіраўніком ансамбля быў Станіслаў Янушкевіч. Назву “Крэсавяцы” ансамблю даў адзін з яго першых удзельнікаў Зянон Бянько. Сцэнічным дэбютам калектыву стаў удзел у канцы 1990 года ў святкаванні Божага Нараджэння.– Пачыналі мы даволі вялікім калектывам фанатаў песні “крэсовай”, – расказвае Ганна Комінч. – Напачатку ў нас быў не толькі харавы састаў, але і свой аркестр, і свая танцавальная група. Паступова састаў ансамбля скараціўся, калектыў пакінулі многія маладыя ўдзельнікі – хто паступіў вучыцца ў іншы горад, каго паклікала армія, а хто вырашыў стварыць сям’ю… Быў час, калі мы гатовыя былі рэпеціраваць да дзвюх гадзін ночы, калі ў нас на ўсё хапала сіл і часу дзеля песень. А ўвогуле, за сваю трыццацігадовую гісторыю “Крэсавяцы” перажылі розныя перыяды: былі ўзлёты і падзенні, былі радасць і гора. Напэўна, самай горкай падзеяй у гісторыі ансамбля была смерць у 2007 годзе яго першага кіраўніка, майго брата Станіслава Янушкевіча, якая на некаторы час падкасіла ўвесь калектыў. У першыя пару тыдняў пасля смерці Станіслава мы ўвогуле не маглі знайсці сіл, каб прыйсці на рэпетыцыю, ды і потым доўгі час рэпеціраваць нам было цяжка. Але засталіся бессмяротныя музыка і песні ў апрацоўцы таленавітага музыканта. Пяём гэтыя песні – і я быццам бачу, як яго рукі бягуць па клавішах…
Пасля смерці Станіслава Янушкевіча састаў калектыву значна памяняўся. Ансамбль узначаліў і кіруе ім па сённяшні дзень малодшы брат Станіслава Антонавіча – Часлаў Янушкевіч, таксама таленавіты музыкант. Час ідзе, адны ўдзельнікі пакідаюць “Крэсавяцы”, другія прыходзяць, але касцяк калектыву застаецца, вакол яго і трымаецца калектыў. З дня ўтварэння ансамбля пяюць у ім Часлаў Янушкевіч, яго сястра Ганна Комінч з мужам Тадэвушам Комінчам (апошні не мае музычнай адукацыі, але пяе цудоўна). Апошняе абнаўленне саставу ансамбля адбылося ў 2015 годзе. Сённяшнія “Крэсавяцы” – гэта, акрамя вышэйзгаданага іх касцяка, дачка мужа і жонкі Комінчаў Гражына, Вольга Цыдзік, Вольга Бурнос, Андрэй Скіпар, Аляксандр Арлоўскі. Гражына Комінч скончыла Уроцлаўскую акадэмію музыкі, аднак у Польшчы не затрымалася – цягнула ў родную Ліду, у ансамбль, у якім пяюць бацькі, дзядзька. Атрыманая вышэйшая музычная адукацыя дазваляе Гражыне дапамагаць рабіць аранжыроўкі кіраўніку анса-мбля. Андрэй Скіпар – выпускнік Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа. Аляксандр Арлоўскі – настаўнік геаграфіі і гісторыі Бердаўскай СШ. Вольга Цыдзік – настаўнік-лагапед СШ №10 горада Ліды. Вольга Бурнос пакуль знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску, але па магчымасці таксама пяе ў “Крэсавяцах”.
«Вас так мала – і вы так гучна спяваеце!»
– У нашым шырокім рэпертуары, – працягвае Ганна Антонаўна, – можна сустрэць песні не толькі на польскай мове, але і на беларускай, рускай, літоўскай, украінскай, нават на англійскай, лацінскай мовах. Спяваем і класічныя, і эстрадныя, і духоўныя песні, але ў асноўным – народныя “крэсовыя”. Апошнія маюць на сабе адбітак польскай, беларускай, рускай, літоўскай і ўкраінскай культур (на “ўсходніх крэсах” жа калісьці склаўся своеасаблівы фальклор пад уплывам некалькіх нацыянальнасцей). Некалькі культур перапляліся, наслаіліся адна на другую, утварыўшы так званую “крэсовую” культуру, што праявілася і ў песнях. Гэтыя песні немагчыма зблытаць з усходнебеларускімі, у іх часам праскокваюць ноткі паланэза, мазуркі, своеасаблівая “танцавальна-шляхецкая” мелодыя, якая адрозніваецца асаблівай лёгкасцю. Дарэчы, самае распаўсюджанае мужчынскае імя ў “крэсовых” песнях – Ян, а жаночае – Зося. Да 30-гадовага юбілею ансамбля мы запісалі тры дыскі песень, зараз працуем над чацвёртым. У першы дыск увайшлі калядныя песні, у другі – народныя, у трэці, прысвечаны памяці былога кіраўніка ансамбля Станіслава Янушкевіча, так званыя “пясэнкі, разам спяваныя”. У чацвёрты дыск увойдуць песні ваенна-патрыятычнай тэматыкі, працу над ім мы завершым восенню.– Наш ансамбль цесна супрацоўнічае з таварыствам польскай культуры на Лідчыне, – гаворыць далей Ганна Комінч. – Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву мы маем вельмі добрыя камплекты народных касцюмаў і апаратуры для выступленняў. “Крэсавяцы” – пастаянныя ўдзельнікі фестываляў нацыянальных культур у Беларусі, выступаюць не толькі на беларускіх, але і на польскіх, літоўскіх канцэртных пляцоўках. Слухаючы нашы выступленні, гледачы здзіўляюцца, як хор, у якім няма і дзесяці чалавек, можа спяваць так, быццам бы ў ім па меншай меры чалавек дваццаць. У Польшчы нас часта пытаюць: “А дзе ўсе астатнія з вашых “Крэсавяцаў”? Вас так мала – і вы так разлівіста, гучна спяваеце!” А старшыня журы аднаго з конкурсаў харавых калектываў нам сказаў: “Закрыю вочы – здаецца, пяе вялізны хор. Адкрыю – бачу ўсяго каля дзясятка чалавек”. Спяваць як вялізны хор пры невялікай колькасці выступаючых – феномен нашага ансамбля. У 2015 годзе наш песенны калектыў упершыню выступіў у Расіі, а менавіта – у Санкт-Пецярбургу, у Доме акцёра. У горад на Няве мы ездзілі па запрашэнні Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Санкт-Пецярбургу. Асаблівае пачуццё ахоплівала, калі выступалі на той жа сцэне, з якой некалі чытаў свае вершы Сяргей Ясенін, спяваў свае песні пад гітару Уладзімір Высоцкі.
«Будзем спяваць і далей, нягледзячы ні на што»
Сёлета, у свой юбілейны год, “Крэсавяцы” планавалі даць грандыёзны канцэрт у Лідзе, запрасіць на яго гасцей з Беларусі, Польшчы, Літвы. Але гэтыя планы, як і планы іншых творчых калектываў, перакрэсліла пандэмія каранавіруса. Калі б канцэрт адбыўся, у зале, упэўнена Ганна Антонаўна, быў бы аншлаг: у ансамбля вельмі многа фанатаў у Лідзе. Але ў эпідэміялагічнай сітуацыі, якая на той час склалася, аб поўнай зале не магло быць і гаворкі. Таму аб планах Ганна Комінч гаварыць не хоча. Адзінае, у чым можа запэўніць: “Крэсавяцы” будуць спяваць і далей, нягледзячы ні на што. Зараз удзельнікі песеннага калектыву спяваюць у асноўным у касцёле Беззаганнага Зачацця Панны Марыі, што на Слабадзе, дзякуюць Богу за тое, што ніхто з іх не хварэе. Запрашалі “Крэсавяцаў” сёлета і ў іншыя парафіі – у Тракелі, у Іўе, – і яны там таксама спявалі духоўныя песні. А яшчэ ў гэтым годзе, у рамках Года малой радзімы, калектыў выступіў з канцэртамі ў асобных вёсках Лідчыны. Гледачоў было няшмат, але артысты бачылі, як свяціліся іх вочы, як яны былі рады “Крэсавяцам”, як любяць вяскоўцы “крэсовыя” (і не толькі) песні.– Што датычыцца нашых асноўных дасягненняў і ўзнагарод за трыццаць год, – гаворыць у завяршэнне нашай гутаркі Ганна Антонаўна, – адзначу, што званне “народны” наш калектыў носіць з 2002 года. Мае ён таксама званне “заслужаны для культуры польскай”, што пацвярджае адпаведны медаль ад Міністэрства культуры Рэспублікі Польшча (2005). У скарбонцы нашых узнагарод – мноства дыпломаў і грамат. Найкаштоўнейшай жа ўзнагародай для сябе калектыў і па сённяшні дзень лічыць ліст-благаславенне як знак прызнання творчасці ансамбля ад Папы Рымскага Іаана Паўла ІІ (як вядома, кананізаванага ў святыя), які колішні кіраўнік рымска-каталіцкай царквы прыслаў пасля таго, як асабіста праслухаў дыск з песнямі ансамбля з Ліды. Як жа гэты дыск трапіў у Рым? Аднойчы мы спявалі ў касцёле ў Кракаве, а там, аказалася, служыў сябар Іаана Паўла ІІ – ксёндз Мечыслаў Малінскі. Мы падарылі яму на памяць аб выступленні наш дыск, ён і завёз гэты дыск у Рым. Такім чынам, нашы песні, нашы галасы гучалі і ў Ватыкане, іх слухаў сам Папа Рымскі і па заслугах ацаніў, што для нас вялікі гонар.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.