«Лепшая «таблетка» ад хвароб – рух, «крэм» для твару – дабрыня, месца для жыцця – малая радзіма»
03 Июля 2020
2022
![](/upload/sotbit.htmleditoraddition/f26/f26bfab9a68ee67d50079c45d694447f.jpg)
Калі ваша свята не падобна на тое, якое ў гэту нядзелю ладзілася ў вёсцы Бабры Ходараўскага сельсавета, нават не клічце мяне на яго... Насамрэч гэта жарт (“Лідская газета” рада кожнай нагодзе сустрэцца з жыхарамі рэгіёна і чытачамі “раёнкі” – толькі запрашайце!). Але ёсць у гэтым жарце і вялікая доля праўды: настолькі было атмасферна, захапляльна і па-хатняму душэўна.
– Усе жыхары Баброў, як пастаянныя, так і тыя, хто толькі наведвае родную вёску ўлетку, без выключэння працавітыя, добразычлівыя, спагадлівыя. Кожны раз мяне тут сустракаюць як родную, за што вам дзякуй. Хачу пажадаць у неспакойны на сённяшні дзень час моцнага здароўя, шчырасці, доўгіх гадоў жыцця, – прывітала вяскоўцаў старшыня Ходараўскага райвыканкама Зоя Баклага.
Словы Зоі Іванаўны аб гасціннасці бабраўчан падчас свята вёскі пацвярджаліся не раз. Добры настрой сяльчанам дарылі артысты: спачатку Ходараўскага Дома культуры (яны былі і непасрэднымі арганізатарамі мерапрыемства), а затым аўтаклуба – сваімі галасамі і ігрой на музычных інструментах радавалі выканаўцы з Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу. Цяпер уявіце, пасля кожнай (!) песні бабраўчане дарылі артыстам кветкі. А яшчэ з гатоўнасцю падтрымлівалі выканаўцаў танцамі і апладысментамі. Такому прызнанню і Кіркораў з Баскавым бы пазайздросцілі.
Кожнае свята вёскі ў Лідскім раёне – гэта яшчэ адна падстава сказаць добрыя словы, падмацаваўшы іх падарункамі, у адрас людзей. Гэта традыцыя, якую безумоўна выконваюць у кожным населеным пункце. У Бабрах работнікі клуба ўшаноўвалі доўгажыхарак: 92-гадовую Соф’ю Гушчынскую і 97-гадовую Марыю Крыпень, а таксама ўдзельніка вайны ў Афганістане – Яўгенія Лобана.
Дарэчы, Соф’ю Гушчынскую я зыпрымеціла яшчэ да пачатку свята. Яна ішла, як кажуць, з вёскі, апіраючыся на палку, але досыць упэўнена. Побач бегалі дзеці, час ад часу запыняючыся і па чарзе беручы яе за руку. Калі Соф’я Іванаўна заняла сваё месца, я, карыстаючыся некалькімі хвілінамі вольнага часу да пачатку канцэртнай праграмы, падсела да ее на лаўку, каб паразмаўляць “за жыццё”.
![](/upload/sotbit.htmleditoraddition/95d/95dc7ad2419cb46017afe293ad99b341.jpg)
На маю заўвагу, што яна вельмі добра і молада выглядае, Соф’я Іванаўна адказала: “Трэба не крэмы ўціраць, а захоўваць чалавечнасць. Шчыра ўсміхацца людзям, быць сэрцам адкрытым, спагадлівым, клапаціцца адзін пра аднаго, тады на старасці гадоў на твары будуць толькі добрыя маршчынкі, а не “вынік” злосці, незадаволенасці і сварлівасці”.
Бабры – вёска зусім невялікая. Сёння ў ёй жылых засталося 17 двароў, у якіх зарэгістравана крыху больш за 20 чалавек. Большасць з іх у сілу ўзросту не жывуць тут цэлы год, з’язджаючы на зіму да дзяцей у горад. Аднак заўсёды спешна і з вялікай радасцю з «цывілізацыі» вяртаюцца ў вёску, ледзь за акном пацяплее. Таму што камфорт – гэта не наяўнасць выгод у доме, але цішыні – у душы, мернасці – у думках. Бабры для сваіх жыхароў – гэта месца нараджэння, месца, дзе прайшлі юнацтва і дзяцінства, дзе была пабудавана сям'я, народжаны дзеці, дзе і дагэтуль на крыжах сельскіх цвінтароў захаваліся імёны продкаў… Бабры – гэта радзіма, гэта сэрца, якое роўна б’ецца толькі тут.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.