Музычная вясна ў Лідзе. Дзве значныя падзеі абласнога кшталту – музычна-тэарэтычная алімпіяда і конкурс выканаўцаў імя К. Горскага – адбыліся ў Лідзе
У Ліду з’ехалася адораная моладзь, выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў, з усёй Гродзеншчыны.
Пад дахам Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа ў гэтыя дні панавала найвысшая канцэнтрацыя таленту. Настрою на музычны лад і творчасць спрыяла і атмасфера ўстановы, прызнанай кузні музычных кадраў, і створаны навучэнцамі і выкладчыкамі адпаведны фон. Да музычна-тэарэтычнай алімпіяды ў фае была аформлена выстава ў гонар кампазітара Станіслава Манюшкі, 200-годдзе з дня нараджэння якога адзначае сёлета ўвесь музычны свет. У іспытах на лепшае веданне тэрыі музыкі ўзялі ўдзел звыш трыццаці юных музыказнаўцаў. Найбольшая колькасць – выхаванцы лідскіх школ мастацтваў.
– Тэарэтычныя веды з’яўляюцца асновай асэнсаваных адносін да музыкі. Кожны выканаўца абавязаны ўнікаць у тэарэтычныя дысцыпліны, бо гэта аснова прафесіяналізму, – адзначае пастаянны член журы алімпіяды, выкладчык Лідскага музычнага каледжа Бэла Двілянская. – Узровень алімпіяды даволі высокі, на яе прыязджаюць самыя лепшыя. Упэўнена, ёсць сярод іх і сапраўдныя зорачкі, якія хутка праявяць сябе, прыйдуць вучыцца ў наш каледж.
На працягу некалькіх дзён у цэнтры Ліды няспынна ліліся чароўныя гукі з-пад клавіш фарэпіяна, гучалі чыстыя ноты спеваў – гэта юныя музыканты Гродзеншчыны спаборнічалі ў сваім майстэрстве і даказвалі журы, што менавіта яны дастойныя быць пераможцамі юбілейнага, XXV конкурса імя Канстанціна Горскага. Конкурсныя праслухоўванні праходзілі ў намінацыях: “Фартэпіяна”, “Ансамблевае выкананне” (фартэпіянныя ансамблі), а таксама “Сольнае выкананне” і “Ансамблевае выкананне” (вакальныя ансамблі).
Да гонару лідчан сярод прызнаных перможцаў было нямала і жыхароў нашага горада і раёна. Так, дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Фартэпіяна” (старэйшая група) узнагароджана Алеся Толкач, выхаванка Бярозаўская дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Таццяна Маліноўская). Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Фартэпіянны ансамбль” (малодшая группа) узнагароджаны Елізавета Івуць і Міхаіл Ёда, выхаванцы дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Мая Сітнікава, Юлія Гебень). Дыпломам першай ступені ў той жа намінацыі – Міхаіл Буйко і Марыя Жук, выхаванцы Цэнтра практыкі пры Лідскім дзяржаўным музычным каледжы (выкладчык Ніна Сушко).
У намінацыі “Фартэпіянны ансамбль” (сярэдняя група) дыпломам другой ступені ўзнагароджаны Любоў Дудзек і Ірына Венская, выхаванкі дзіцячай школы мастацтваў (выкладчыкі Ларыса Антошкіна і Алена Антошкіна). У гэтай жа намінацыі (старэйшая група) дыпломам трэцяй ступені адзначаны Маргарыта Лазука і Анастасія Федаровіч, выхаванкі дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Мая Сітнікава).
Дастойнае выступленне і ў сольных выканаўцаў. У гэтай намінацыі (малодшая група) дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджана Маргарыта Наркун, выхаванка цэнтра практыкі пры Лідскім дзяржаўным музычным каледжы (выкладчык Святлана Бойка, канцэртмейстар Анастасія Манкевіч). Таксама дыпломам трэцяй ступені адзначаны Даніла Чаргейка, выхаванец дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Алена Дзяковіч, канцэртмейстар Алена Антошкіна). Дыплом першай ступені ў гэтай намінацыі – у Лауры Лагуты, выхаванкі дзіцячай музычнай школы мастацтваў (выкладчык Анжаліка Бірук, канцэртмейстар Міхаіл Касцюкевіч). У намінацыі “Сольнае выкананне” (сярэдняя група) дыпломам трэцяй ступені ўзнагароджана Кацярына Вельб, выхаванка дзіцячай школы мастацтваў (выкладчык Алена Дзяковіч, канцэртмейстары Мая Сітнікава і Надзея Юдзіна). У намінацыі “Ансамблевае выкананне” (вакальныя ансамблі) ў малодшай групе дыпломам трэцяй ступені адзначаны малодшы вакальны ансамбль узорнага хора “Камертон” дзіцячай музычнай школы мастацтваў (кіраўнік Святлана Бойка, канцэртмейстар Алена Коршун). Дыпломам другой ступені ў гэтай жа намінацыі (старэйшай групе) ўзнагароджаны старэйшы вакальны ансамбль узорнага хора “Камертон” дзіцячай музычнай школы мастацтваў (кіраўнік Святлана Бойка, канцэртмейстар – Алена Коршун).