Гісторыя і сучаснасць сышліся на кніжных паліцах. Чаму варта наведаць выставачны праект у Лідскай цэнтральнай бібліятэцы?
За некалькі дзён да Дня праваслаўнага пісьменства, які адзначаецца 21 сакавіка, пад дахам цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы па традыцыі адкрыўся кніжны выставачны праект. Сёлета ён носіць назву “Вечных ісцін нязгаснае святло”. На кніжных паліцах сышліся старадаўнія царкоўныя кнігі і не менш каштоўныя выданні сучаснага фармату. Ізюмінкі выставы – факсімільныя выданні беларускага першадрукара Скарыны і нашчадка вялікага князя літоўскага Гедыміна - князя Юрыя Алелькавіча. Адным словам, варта зазірнуць, каб пабачыць ўсё сваімі вачамі, дакрануцца і проста падумаць – пад уздзеяннем неверагоднай аўры кніг.
На выставачных паліцах можна пагартаць “Мінею” 1771 года, “Евангелле” 1841-га і 1881-га, шматлікія богаслужэбныя кнігі, малітвасловы, Псалтыры, царкоўныя календары. Дарэчы, ёсць тут і царкоўны каляндар на 1945 год, дзе ўказана, што 6 мая 1945-га адзначаўся Вялікдзень (гэты ж дзень у царкоўным календары пазначаны ўшанаваннем памяці святога Георгія Перамоганосца). Калі ўспомніць гісторыю, то менавіта ў ноч з 6 на 7 мая 1945 года быў падпісаны акт аб капітуляцыі Германіі. Міжволі верыцца, што ўсё ў гісторыі адбывалася невыпадкова.
Бадай, найбольшую цікавасць выклікаюць два экспанаты. Гэта факсімільныя выданні кнігі “Апостал” Францыска Скарыны і “Слуцкага Евангелля” князя Юрыя Алелькавіча Слуцкага. Апошняе было падаравана Лідскай епархіі епіскапам Слуцкім і Салігорскім Антоніем. Кнігі ўяўляюць сабой дакладныя копіі старадрукаў, выкананыя ў сучасным паліграфічным фармаце. Пагартаўшы старонкі, правёўшы далонню па радках тэкстаў, можна перанесціся ў старадаўнія часы і адчуць, як разам з кнігай адкрываюцца перад табой вялікія таямніцы свету.
З мінуўшчыны перанясёмся ў 21 стагоддзе, спынімся ля суседняй паліцы з сучаснай праваслаўнай літаратурай. Прыгожыя, высокаякасныя выданні, кожнае з якіх хочацца ўзяць у рукі, пагартаць, пачытаць. Гэта нядаўнія паступленні з Беларускага Экзархата ў фонды цэнтральнай раённай бібліятэкі. Увогуле ж, падобныя кнігі праваслаўнай тэматыкі даступныя чытачам у кожным філіяле бібліятэкі. Найбольш шырока яна прадстаўлена ў бібліятэцы-філіяле №4 па бульвары Гедыміна, на базе якой працуе Епархіяльная бібліятэка.
Штодзень на выставачным праекце праходзяць экскурсіі. Іх праводзяць святары і супрацоўнікі бібліятэкі. Яны распавядаюць аб гісторыі кнігадрукавання, якое распачался з выдання менавіта царкоўных кніг. У ліку наведвальнікаў выставы былі навучэнцы СШ №11 разам з класным кіраўніком Наталляй Анашкевіч.
– Дзецям было цікава. Тым больш, што ў школе яны наведваюць факультатыўныя заняткі “Асновы праваслаўнай культуры”. Экскурсію для нас правёў айцец Арцемій, які вельмі даступна распавёў пра гісторыю кнігадрукавання, пра кнігу Біблію, яе састаўныя часткі і асаблівасці напісання. Дзеці абступілі яго, задавалі пытанні, часам, даволі сур’ёзныя, спрабавалі падняць цяжкія кнігі, – расказвае Наталля Мікалаеўна. – Лічу, што такія мерапрыемствы вельмі патрэбныя. Яны выхоўваюць маладое пакаленне. Калі дзеці чуюць вечныя ісціны з першых вуснаў, ад святара, то гэта дае найлепшы вынік.
21 сакавіка ў рамках выставачнага праекта адбудзецца малабен, узначаліць які епіскап Лідскі і Смаргонскі Парфірый. Удзел ва ўрачыстай частцы прымуць прадстаўнікі Лідскага райвыканкама, рэлігіёзныя і навуковыя дзеячы. Выстава будзе дастуная для наведвання яшчэ два дні, 20 і 21 сакавіка, з 11.00 да 16.00.