З’явіўся ў дзённіку Віктара Шніпа і запіс аб сустрэчы з паэтамі Лідчыны
06 Декабря 2018
1743
Віктар Анатольевіч Шніп – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура” (2008), з таго ж 2008 года з’яўляецца галоўным рэдактарам аднайменнага выдавецтва. Акрамя таго што выдае кнігі іншых пісьменнікаў, мае многа сваіх – больш за дваццаць кніг паэзіі, прозы, дзённікавых запісаў. Шмат вершаваных тэкстаў паэта пакладзена на музыку беларускімі рок-групамі.
Знаёмства Віктара Шніпа з будучым кіраўніком літаб’яднання “Суквецце” Алесем Хітруном адбылося яшчэ ў 2007 годзе ў Вязынцы, на малой радзіме Янкі Купалы, куды Алесь прыехаў у складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў на ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Купалы. Другая сустрэча галоўнага рэдактара выдавецтва з Мінска і кіраўніка літаб’яднання з Лідчыны мела месца ў 2014 годзе ў музеі Васіля Быкава ў Ждановічах. У верасні таго ж года Віктар Шніп па запрашэнні кіраўніка «Суквецця» наведаў Ліду. Тады ў Лідзе якраз было свята горада. Запісы аб тым прыездзе ў наш горад ёсць у дзённікавай прозе пісьменніка. Ліда тады стала адным з пунктаў яго маршруту Мінск – Ліда – Мураванка – Жалудок, які быў працягам паездкі па Еўропе.
І вось, праз чатыры гады, Віктар Анатольевіч зноў прыехаў у наш горад, у канферэнц-зале Лідскага замка сустрэўся з сябрамі літаб’яднання “Суквецце”, а таксама з вучнямі некаторых школ горада (дарэчы, як стала вядома карэспандэнту пазней, і аб гэтай сустрэчы пісьменнік ужо згадаў у сваім дзённіку).
Трэба адзначыць, што перад тым як наведаць замак, Віктар Шніп пабываў у Крупаве, выступіў перад вучнямі мясцовай школы. Заглянуў ён і ў домік Таўлая каля замка. “Гэта вельмі добра, што пры вашым музеі існуе літаратурны аддзел, – адзначыў пазней Віктар Анатольевіч, – што тут збіраюцца звесткі аб паэтах Лідчыны. Дзякуючы гэтай рабоце паэты застануцца ў гісторыі вашага краю, аб іх будуць ведаць нашчадкі”.
Выступаючы ў канферэнц-зале Лідскага замка, пісьменнік многа і цікава расказваў аб сваім жыццёвым і творчым шляху, аб сваім станаўленні як літаратара, аб асаблівасцях працы ў выдавецтве, адказваў на пытанні.
Нарадзіўся Віктар Шніп у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна, усяго ў дзесяці кіламетрах ад Купалавай Вязынкі. Яшчэ ў маладыя гады меў шчасце сустрэцца з некаторымі класікамі беларускай літаратуры. Напрыклад, насіў свае вершы ў сшытках Рыгору Барадуліну; маладому Віктару Шніпу паціснуў руку Уладзімір Караткевіч; у Доме літаратара, у час святкавання юбілея часопіса “Маладосць”, малады паэт сустрэўся з Васілём Быкавым… У час вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве Віктар Шніп пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай Рублеўскай, паэтэсай і празаікам.
Расказваючы аб сваёй творчасці, паэт адзначыў, што, акрамя іншага, яго пяру належыць вялікі цыкл балад (каля трохсот) аб знакамітых людзях Беларусі, пачынаючы з Ефрасінні Полацкай і заканчваючы сучаснікамі, і гэты цыкл працягваецца. На многія вершаваныя тэксты паэта напісаны песні. Гаворачы аб песнях, Віктар Анатольевіч згадаў аб сваёй сустрэчы з кампазітарам Ігарам Лучанком, які напісаў на словы паэта “Гімн работнікаў культуры”.
Звяртаючыся да лідскіх паэтаў, Віктар Шніп падкрэсліў, што чалавеку, які піша, важна шмат чытаць, пастаянна пашыраць сваю літаратурную дасведчанасць. “Паэзія патрабуе да сябе сур’ёзных адносін, – казаў Віктар Анатольевіч. – Калі ты паэт – ты павінен даказваць, што ты паэт, штодзённа. Як кажуць, ні дня без радка. Паэты нясуць святло ўсім, хто чытае або слухае іх творы. Працягвайце несці святло паэзіі людзям і вы. Пішыце, чытайце, друкуйцеся – усё ў вас атрымаецца”.
Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы мог набыць кнігу дзённікавай прозы Віктара Шніпа “Пугачоўскі цырульнік”.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.