У аграгарадку Ходaраўцы Лідскага раёна захоўваюць традыцыі дэкаратыўна-прыкладной творчасці
08 Ноября 2018
2527
Беларускія традыцыі не знікаюць бясследна. У памяці людзей старэйшага пакалення яшчэ жывыя ўспаміны аб старадаўніх песнях, маляўнічых абрадах, мерным укладзе жыцця, а ў драўляных куфрах захаваліся старадаўнія кашулі, дываны і ручнікі.
У кожнай вёсачцы нашага раёна, вялікай або малой, знойдзецца свая працаўніца, майстрыха, якая беражліва захоўвае сакрэты дэкаратыўна-прыкладной творчасці нашага краю. Расказаць пра такіх людзей у Год малой радзімы і ставіць мэтай спецыяльны праект «Лідскай газеты» «Скарбы бабулінага куфра». У ім мы збяром самае каштоўнае – успаміны. А галоўнымі героямі стануць старажылы, якія раскажуць, як прымушалі стукаць драўляныя сэрцы ткацкіх станкоў і чым было напоўнена жыццё ў вёсцы шмат гадоў таму.
Жыхарка аграгарадка Ходараўцы Марыя Лук'ян (на здымку) пазнаёмілася з ткацкім станком у сем гадоў. Глядзела, як працуе маці Зінаіда Іванаўна, дапамагала ёй, вывучаючы ўнікальную тэхніку. А затым і сама пачала ствараць даматканае палатно, упрыгожваючы яго вышыўкай, мярэжкамі, карункамі ручной працы. І, нягледзячы на тое што гады праляцелі птушкамі, асноўныя этапы працэсу памятае добра. Як сама сцвярджае, «хоць за кросны садзі».
– Паглядзіце на гэты абрус, – раскрывае ў руках узорыстую тканіну вясковая майстрыха. – Як ствараліся такія рэчы, у трох словах не раскажаш. Працяглы і працаёмкі быў працэс. Церабіць светла-жоўтыя сцёблы лёну пачыналі ў канцы жніўня. Выдзіралі іх з каранямі, звязвалі ў невялічкія снапы, абівалі насенне. А затым прасушаныя снапы рассцілалі на палях. Багатая жнівеньская раса завяршала працэс. Дзякуючы ранішняй вільгаці лён, як у нас казалі, «выбельваўся». Ідэальным лічыўся шэра-залацісты яго колер. Затым яго мялі, трапалі, часалі. А пасля ачосу скатвалі кудзелі і прымаліся прасці.
Шчыльную ўзорыстую тканіну Марыя Лук'ян захоўвае на працягу ўсяго свайго жыцця. І не толькі яе. Як толькі дзяўчынка навучылася шыць і вышываць, паступова пачала рыхтаваць сабе пасаг. Акрамя ўсяго іншага, у яго абавязкова ўваходзілі ручнікі. Праўда, цалкам аддацца ткацтву рукадзельніцы маглі толькі позняй восенню і зімой, калі летнія клопаты і праца ў палях заканчваліся. І вось тут пачыналася самае цікавае.
– Ручнікі складалі неад'емную частку пасагу дзяўчыны (вышывалі іх на шчасце, на каханне, на доўгае сямейнае жыццё), і лепш, каб іх было не адзін, не два, а некалькі, – кажа гераіня артыкула. – Таму за працай можна было ўбачыць адразу некалькі жанчын-суседак, якія старанна перабіралі ў руках шчыльныя ніткі. Ткалі шмат, бо, акрамя тых ручнікоў, што павінны былі выкарыстоўвацца непасрэдна ў абрадзе, клалі іх пад ногі ў царкве, дарылі бацькам жаніха, упрыгожвалі дом, куды ўваходзіла маладая жонка. Акрамя гэтага, нявеста прыносіла свае дываны, пасцельныя прыналежнасці. Сабраць добры пасаг, асабліва калі ў сям'і некалькі дачок, было не так проста.
Гэта цяпер мы не ведаем, што выбраць з адзення, прымяраючы на сябе яркія шэдэўры індустрыі моды. А ў часы маладосці Марыі Іванаўны кашулі, сарафаны, спадніцы, дакладней, тканіну для іх, як і ручнікі, таксама ткалі. Зносу льняным вырабам не было. А калі яшчэ іх упрыгожвалі мудрагелістыя ўзоры – хоць адразу да шлюбу ідзі.
– У ліпені з мужам адсвяткавалі дыяментавае вяселле (шэсцьдзясят гадоў, як ідзём па жыцці разам, плячо ў плячо), а тое-сёе з пасагу да гэтага часу беражліва захоўваю, – заўважыла вясковая жыхарка. – Усе рэчы ўнікальныя, ім зносу няма. Яны добра мыюцца, трымаюць форму, не ліняюць. Шкада толькі, што так і застануцца ляжаць у шафе. Як памяць, сямейную рэліквію, упэўненая, дзеці і ўнукі забяруць, але выкарыстоўваць наўрад ці будуць. Кожная не мае тэрміну прыдатнасці. Нездарма кажуць: «Добрая праца два стагоддзі жыве».
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.