У лідскай дзіцячай мастацкай школе праходзіць выстава, прысвечаная Чэславу Немэну (фота)
На палотны выхаванцаў і выкладчыкаў Лідскай дзіцячай мастацкай школы кладуцца розныя сюжэты, а нядаўна натхненне юныя мастакі і іх выкладчыкі чэрпалі на радзіме вядомага рок-музыканта, спевака і кампазітара, якога мы лічым таксама і сваім земляком (ён нарадзіўся і вырас у Васілішках цяперашняга Шчучынскага раёна) Чэслава Немена.
Пленэр у Васілішках праходзіў пры складаных умовах надвор'я - ішоў дождж і было пахмурна: хтосьці з дзяцей маляваў у аўтобусе, хтосьці - пад дажджом, а хтосьці - у паўзмроку старога касцёла... Тым не менш, праца атрымалася. Дзеці натхняліся тым, што натхняла калісьці Чэслава Немэна - яго малой радзімай, бацькоўскай хатай, старым касцёлам, дзе яго бацька служыў арганістам.
Адлюстраванае на палотнах кранае: неяк асабліва кладзецца на душу сюжэт такіх прац, як «Раманс для каханай» Аляксандры Жукоўскай і “Пад гукі працяглай гітары» Анастасіі Дабрынінай, прысвечаных каханню музыканта. Паліна Грышкевіч намалявала дом, у якім жыў Чэслаў Немэн. Шмат работ на выставе прысвечаны старому васілішкаўскаму касцёлу святых Пятра і Паўла. Мастакі ўбачылі яго па-рознаму: адны акцэнтавалі ўвагу на велічы касцёла, іншыя - на старадаўніх мурах, трэція - на ўнутраным убранстве. Зрэшты, і выкананы работы ў розных тэхніках.
Пасля завяршэння выставы экспанаты пераедуць у дом-музей Чэслава Немэна ў Васілішкі, дзе будуць выстаўляцца ў рамках святкавання 75-годдзя музыканта.