Вяселлю ў Ганчарах зайздросцяць мінчане

05 Сентября 2013 4714

Беларускае вяселле стала своеасаблівай «фішкай» Ганчарскага Дома культуры. Упершыню яго ладзілі тут некалькі год таму, і пачатак быў такі паспяховы, што артыстаў нават запрасілі на вяселле ў Мінск. З таго часу маладым парам, што бяруць шлюб у Ганчарскім сельсавеце, заўсёды прапаноўваюць правесці вяселле адпаведна народным традыцыям. Вось і ў мінулую суботу маладыя хоць і распісаліся ў Бярозаўцы, але ладзілі ўрачыстасць у Ганчарах: на вясковай вуліцы гучала музыка, завіхаліся жанчыны ў нацыянальных касцюмах... Гэтак жа, як і сто-дзвесце гадоў таму, з песнямі і абрадамі, тут святкавалі беларускае вяселле.

У імправізаванай хаце (на сцэне Дома культуры) маладых – Артура і Святлану Шанько (на здымку) – правялі пад брамай з саматканага ручніка і прапанавалі загадаць сваё самае запаветнае жаданне. Затым маладая кінула на печ пояс, жадаючы такім чынам задобрыць продкаў і новых родзічаў, жыць з імі ў згодзе.

Вясельны абрад напоўніўся рознымі сімвалічнымі дзеяннямі: у кішэні Артуру насыпалі жыта, прыгаворваючы: “Каб жонка была пладавіта”, потым маладых пасадзілі на вывернуты кажух – сімвал багацця – і пажадалі: “Каб шчасліва вялося: у полі ўродзіста, у клеці насыпіста, у млыне падыходзіста, а на стале ўедзіста”. Існаваў калісьці і такі звычай: маладая ў знак згоды і кахання дарыла маладому бутэльку, напоўненую жытам і абвязаную зноў жа поясам. Гэтак жа зрабіла і наша Святлана. А потым у цэнтры ўвагі аказаўся куфар... Вядома, менавіта ў ім калісьці захоўвалі пасаг дзяўчаты. Дык вось, маладую папрасілі прысесці на куфар, і па тым, як яна гэта зробіць, меркавалі, якой жа яна будзе гаспадыняй: калі прытуліцца на самым краі, тады ёй можна будзе памыкаць, а калі сядзе на сярэдзіну, то ёй не пакіруеш. Ды і па жаніху ў гэты момант можна было меркаваць, што за муж з яго выйдзе: калі стане з нявестай побач – значыць, будзе яе падтрымліваць. На справе ж выйшла: добрай, спраўнай гаспадыняй будзе Святлана. Дарэчы, нявесту папрасілі паказаць, якая яна яшчэ і майстрыха, прапанаваўшы вышыць на сурвэтцы першую літару імя каханага. А потым і сам Артур прадэманстраваў сваю здольнаць да працы: звязаў венік сваімі рукамі.

Каб госці не сумавалі, артысты з імі гулялі. Спачатку запрасілі ў цэнтр дружак, раздалі ім паясы. З паясоў трэба было сплесці касу, і чым мацнейшая яна акажацца, тым больш трывалым будзе шлюб маладажонаў. А ў другой гульні варажылі: запрасілі ў круг дзвюх дзяўчынак і двух хлопчыкаў. Адзін трымаў пояс, а другі ў яго заварочваўся. Па правілах, калі перамогуць дзяўчаты, то народзіцца першай дзяўчынка, калі хлопчыкі – хлопчык. І хто, вы думаеце, перамог?.. Дзяўчаткі.

...Абрад вяселля прайшоў вельмі цікава: калі да яго пачатку хтосьці з гасцей яшчэ і быў настроены скептычна, то пасля свята не было канца іх захапленню. Артур і Святлана таксама засталіся задаволеныя і падтрымалі прапанову арганізатараў свята – работнікаў Ганчарскага Дома культуры – працягваць традыцыю святкаваць сямейныя падзеі па-народнаму. 

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться