У рамках свята госці горада маюць магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі Лідчыны

08 Сентября 2018 2428

У аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры сёння адкрыты выставы традыцыйных рамёстваў Лідчыны. Гасцям нашага горада прапанаваны для азнаямлення вялікая калекцыя ручнікоў, посцілак, прадметаў побыту, вырабы, якія выканалі майстры лідскай зямлі.

Акунуцца ў мінулае беларусаў, аказваецца, жадаюць многія. Дзверы ўстановы не зачыняюцца ўжо з самага рання. Пакуль ішлі апошнія прыгатаванні да вялікага ўрачыстага канцэрта, усе жадаючыя сталі гасцямі беларускай хаты. Цікава ж, чым карысталіся нашыя продкі ў штодзённым жыцці.

-- Этнаграфічная выстаўка “Скарбы Лідчыны” адлюстроўвае розныя напрамкі традыцыйных рамёстваў: пляценне з саломы, выцінанку, шыццё, ткацтва, ганчарства, дрэваапрацоўку, -- заўважыла карэспандлэнту “Лідскай газеты” метадыст аддзела Ірына Дыдышка. – Тут жа можна азнаёміцца з гісторыяй беларускага касцюма, асаблівасцямі яго вырабу на тэрыторыі гродзенскага Панямоння, пабачыць дываны, якія ткалі нашыя бабулі, і шмат чаго яшчэ.

Як вядома, ткацтва мела вялікае значэнне ў жыцці нашых продкаў. На тканы ручнік прымалі нованароджанага, без яго не абыходзіўся вясельны абрад, ім упрыгожвалася жыллё. Цікава было даведацца аб гэтым наведвальнікам установы. Сціплы беларускі ручнік, строгія, стрыманыя, спрадвеку завешчаныя яго ўзоры, якія мелі глыбокі сэнс, аказаліся ў цэнтры ўвагі.

-- Цікавасць да беларусіх ручнікоў асабліва праяўляюць турысты з іншых дзяржаў, – заўважыла лідчанка Марыя Загрэба. – І маюць рацыю: нашы жанчыны рабілі іх з лёну з узорамі перважна чырвонага колеру. На першы погляд, малюнак просты. Але як упрыгожваюць яны хаты нашых бабуль і цяпер! Канешне, яны будуць выклікаць цікавасць і сёння, і ў будучым. Нам ёсць што паказаць замежным турыстам. Абрусы и настольнікі – наша гісторыя, традыцыі, годнасць.

На працягу святочнага дня ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры можна будзе не толькі пабачыць цікавыя выставы, але і стаць удзельнікам сапраўднага майстар-класа па ткацтве (хто ведае, якія таленты тояцца ў кожным з нас?). А для маленькіх тут таксама знойдзецца чым запоўніць вольны час. Забаўляць іх будзе тэатр “Батлейка” знаёмай многім казкай “Курачка і каласок”.







Текст: Ольга АнтоноваОльга Антонова
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться