У Смаргонскім райвыканкаме выязны прыём грамадзян праводзіла намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена Бубенчык
У сераду, 20 ліпеня, у Смаргонскім райвыканкаме выязны прыём грамадзян праводзіла намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Алена БУБЕНЧЫК. Алена Аляксандраўна прыехала на Смаргоншчыну з групай супрацоўнікаў аблвыканкама. Мэту візіту яна вызначыла так: імкненне быць бліжэй да простых грамадзян, жыхароў раёнаў, і паспрыяць рашэнню іх праблем.
На прыём запісаліся чатыры чалавекі. Пытанні, з якімі смаргонцы прыйшлі на прыём, найбольш тычыліся дрэннага стану дарог. Жыхары вуліцы Кірава скардзіліся на тое, што безвынікова неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі са скаргамі на вадзіцеляў грузавых машын, якія ігнаруюць дарожны знак, забараняючы іх рух на гэтым участку. І наогул, дарожнае палатно разбіта, а рамонт не прадугледжваецца. Супрацоўнікі ДАІ праводзілі неаднаразовыя рэйды, але штрафавалі часцяком пешаходаў, якім і без таго небяспечна хадзіць па асобных участках на дарозе без тратуараў. Алена Бубенчык выказала жаданне праехаць самой па вуліцы Кірава, каб на месцы разабрацца з сітуацыяй і вырашыць, чым можна дапамагчы жыхарам.
оПрагучалі прэтэнзіі да прыватнікаў, якім належыць малы рынак у цэнтры горада. Не заўжды тут хапае месцаў жадаючым прадаваць прадукцыю са сваіх прысядзібных участкаў. Прагучалі прапановы аб больш лаяльным стаўленні да бабулек, якія прадаюць тут малую колькасць лішкаў са сваіх прыватных гаспадарак. Многія гаспадыні, каб не плаціць за месца суму, якую яны не атрымаюць ад продажу свайго тавару, гандлююць за межамі рынка.
Усе прагучаўшыя прэтэнзіі і праблемы ўзяты на кантроль і будуць разгледжаны, а адказы грамадзяне атрымаюць у прадугледжаны законам тэрмін.