У школу да Цёткі наведаліся вучні з яе малой радзімы
Днямі ў памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміка Таўлая) прайшоў апошні занятак з музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі” ў рамках раённага культурна-асветніцкага праекта “Беларусь – мая мова і песня”. Тэма яго гучала так: “У гасцях у класікаў беларускай літаратуры. Цётка, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Канстанцыя Буйло і іншыя прамоўцы – з павагай да роднай мовы”. На гэты раз “у школу да Цёткі” былі запрошаны госці з суседняга Шчучынскага раёна – вучні 11-га класа Астрынскай сярэдняй школы імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі) і кіраўнік адзінага ў Беларусі музея Цёткі, які дзейнічае на базе згаданай школы, Ала Балобан. Карэспандэнт таксама папрысутнічаў на занятку, даведаўся, як у цэлым прайшла гадавая праграма “У школу да Цёткі” і ці будзе працягнута яна ў гэтым цікавым і пазнавальным праекце ў наступным, 2018 годзе.
Гэты занятак, нібы ўрок, як і ўсе папярэднія, прайшоў цікава і крэатыўна. Вёў яго куратар музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”, навуковы супрацоўнік гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. Вучні былі раздзелены на дзве каманды – “Васількі” і “Пралескі”. Яны адказвалі на пытанні віктарыны, прысвечанай згаданым у назве занятка класікам беларускай літаратуры, а таксама некаторым іншым вядомым паэтам і пісьменнікам, так ці інакш звязаным з Лідчынай, працягвалі беларускія прыказкі і прымаўкі, перакладалі на беларускую мову рускія фразеалагізмы і асобныя словы, разгадвалі крыжаванку і выконвалі іншыя цікавыя заданні.
Акрамя таго, школьнікі праслухалі аўдыёзапіс песні “Люблю наш край” на словы Канстанцыі Буйло, аўдыёзапіс маналога Кастуся Каліноўскага “Марыська чарнаброва, галубка мая…” у выкананні артыста Паўла Харланчука, паглядзелі выпуск “Падарожжаў дылетанта” пра вёску Дакудава, дакументальны фільм аб паэтэсе Канстанцыі Буйло (125-годдзе з дня нараджэння якой будзе адзначацца ў пачатку новага, 2018 года).
На памяць аб сустрэчы ў доміку Таўлая Алесь Хітрун падарыў гасцям з Астрынскай сярэдняй школы паштоўкі і закладкі з выявай Цёткі.
– У пачатку верасня, а менавіта – у Дзень ведаў, Алесь Хітрун прыязджаў у нашу школу, – гаворыць у гутарцы з карэспандэнтам кіраўнік музея Цёткі Ала Балобан. – Менавіта тады Алесь запрасіў нас у Ліду – наведаць домік Таўлая, паўдзельнічаць у занятках музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі”. І вось мы ў доміку Таўлая. Вялікі дзякуй Алесю за экскурсію па ім, за праведзены занятак-урок. Школьнікам было вельмі цікава, яны праз гульню даведаліся шмат новага, занятак быў пазнавальным, змястоўным, інфармацыйна насычаным. Іх трэба праводзіць і далей, яны вельмі дапамагаюць у вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, у прывіцці любові да роднай мовы.
Нагадаем, што заняткі музейна-адукацыйнай праграмы “У школу да Цёткі” праводзіліся ў рамках маштабнага раённага культурна-асветніцкага праекта “Беларусь – мая мова і песня”, разлічанага на 2017 год, на рознаўзроставую аўдыторыю і накіраванага на захаванне, вывучэнне і папулярызацыю беларускай мовы і традыцыйнай культуры. Музейна-адукацыйная праграма “У школу да Цёткі” таксама была разлічана на 2017 год і ўяўляла сабой асобныя заняткі, прысвечаныя беларускай мове і літаратуры, традыцыям і іншым тэмам. Заняткі-ўрокі праводзіліся са студзеня па снежань, раз у месяц, у асноўным у доміку Таўлая, на іх запрашаліся школьнікі, навучэнцы, а таксама дарослыя.
– Ідэя арганізаваць гэтую праграму, – расказвае куратар праекта “У школу да Цёткі” Алесь Хітрун, – узнікла ў ліпені 2016 года, падчас падрыхтоўкі да адкрыцця ў доміку Таўлая выставы “Жыве мая ліра нанова”, прымеркаванай да 140-годдзя з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Алаіза Пашкевіч родам з той часткі Лідскага павета, якая зараз адносіцца да Шчучынскага раёна. Ёсць меркаванне, што беларуская паэтэса, публіцыст і грамадскі дзеяч арганізавала ў Лідзе ў 1915 годзе першую легальную беларускую школу. І цяперашнія заняткі музейна-адукацыйнай праграмы ў Лідзе – як бы працяг асветніцкай дзейнасці Цёткі. Іх мэты – захаванне, развіццё і папулярызацыя беларускай мовы і культуры, пашырэнне ведаў у галіне нацыянальнай гісторыі, мастацтва і літаратуры, садзейнічанне фарміраванню моўнай культуры, пашырэнню ўжывання беларускай мовы ў штодзённым жыцці. Матэрыялы для арганізацыі заняткаў браліся мною з падручнікаў і метадычных дапаможнікаў, кніг па беларускім фальклоры і краязнаўстве і іншых крыніц. Пры правядзенні такіх “урокаў” часта выкарыстоўваліся прадметы з фондаў музея. На заняткі запрашаліся людзі рознага ўзросту – як кажуць, ад малога да вялікага.
Як адзначыў далей Алесь, тэмы заняткаў былі самыя розныя і ўсе праходзілі пад лозунгам: “Мова табе засталася ад продкаў? Запрашаем у школу да Цёткі!” Адны непасрэдна тычыліся беларускай мовы (напрыклад, “Гісторыя першай беларускай школы ў Лідзе”, “Ў – адзіная беларуская літара ў свеце: гісторыя ўзнікнення”, “Бывайце здаровы! Назвы хвароб па-беларуску”, “Вучымся вітацца і звяртацца па-беларуску”, “Як на Лідчыне гавораць: лексіка і фразеалогія з нашых вуснаў”). Другія тычыліся прыроды Лідчыны, яе кліматычных умоў, беларускай гарадской кватэры 60-х (хрушчоўкі), гарадскога і сельскага побыту і г. д. і, што важна, таксама праводзіліся на беларускай мове. Месцам правядзення заняткаў быў не толькі домік Таўлая. Напрыклад, з прыродай Лідчыны наведвальнікі знаёміліся ў памяшканні аднайменнай экспазіцыі музея, з хрушчоўкай 60-х – таксама наведваючы аднайменную музейна-вобразную залу.
– Апошні занятак “У школу да Цёткі” прайшоў, – адзначае Алесь. – Аднак гэта не значыць, што яны не будуць праводзіцца ў далейшым. Заяўкі на правядзенне любога з дванаццаці заняткаў жадаючыя наведацца “ў школу да Цёткі” могуць падаваць у музей або ў яго літаратурны аддзел. Мерапрыемствы такога характару таксама не закрываюцца, толькі ў іх будзе іншая назва (чарнавы варыянт – “З месяца ў месяц гартаем каляндар”) і іншы накірунак. Тут маецца на ўвазе цыкл мерапрыемстваў, якія зноў будуць праходзіць штомесяц і будуць прысвечаны таму ці іншаму святу, знамянальнай даце. Так што сачыце за інфармацыяй у “Лідскай газеце” і на сайце Лідскага гістарычна-мастацкага музея.