Вучні сярэдняй школы № 11 наведалі Музей сям'і у Бердаўцы
18 Октября 2022
2545
З павагай і любоўю кожны чалавек адносіцца да сваіх бацькоў. Менавіта маці і бацька заўсёды з’яўляюцца для сваіх дзяцей прыкладам міру, гармоніі, дабрабыту ў сям’і.
Падчас святкавання “Тыдня бацькоўскай любові”, які праходзіць ва ўстановах адукацыі Беларусі з 14 па 21 кастрычніка, вучні сярэдняй школы № 11 г. Ліды сумесна з настаяцелем храма Усіх Святых пратаіерэем Уладзімірам Яромічам здзейснілі цікавае падарожжа з мэтай яшчэ больш пачуць пра значэнне сям’і і ўбачыць усё на ўласныя вочы. Дзеці наведалі аграгарадок Бердаўка, дзе пазнаёміліся з гісторыяй мястэчка, убачылі цікавыя аб’екты і, галоўнае, завіталі ў культурна-дасугавы цэнтр, дзе створаны адзіны ў нашай краіне Музей сям'і. Што адразу прыцягнула ўвагу юных турыстаў, дык гэта незвычайны будынак. Так, Музей сям’і быў заснаваны ў 2017 годзе, а размясціўся ў пакоях палаца сядзібы Аляксандра Дамбавецкага, значнага дзяржаўнага і грамадскага дзеяча сярэдзіны ХIХ – пачатку ХХ стагоддзя, губернатара горада Магілёва.
Чым жа ўразіў Музей сям’і сучасных падлеткаў?
Па-першае, экскурсію па выставачных экспазіцыях праводзілі кіраўнік народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў Аляксандр і яго жонка Інэса. Менавіта гісторыі іх творчай сям’і прысвечана адна з экспазіцый. Аляксандр Генадзьевіч расказаў гасцям пра творчую дзейнасць іх музычнага калектыву “Мы з вёскі-калыскі”, пазнаёміў з творчымі дасягненнямі, геаграфіяй гастрольнай дзейнасці, узнагародамі, традыцыямі і хобі сямейнага ансамбля.
Па-другое, завітаўшы ў наступную залу «Пачатак сямейнага жыцця – вяселле», усім адразу здалося, што яны трапілі на сапраўднае вяселле. Перад гасцямі быў шыкоўна прыбраны стол, размешчаны прыгожыя вясельныя сукенкі і касцюмы, а таксама шмат іншых вясельных атрыбутаў. Адна асаблівасць усё ж такі была заўважана вучнямі: яны нібы здзейснілі падарожжа ў часе. Атрыбуты вяселля перанеслі іх на гадоў 50-70 назад. Менавіта ў той час, калі святкавалі свае вяселлі іх бабулі і дзядулі. Да ўвагі гасцей былі прадстаўлены фотаздымкі маладых, пасаг нявесты, падарункі маладым, музычныя інструменты і шмат іншага. Экспазіцыі музея сёння налічваюць каля 250 экспанатаў, але фонд музея ўвесь час прадаўжае папаўняцца новымі.
Па-трэцяе, вучні не чакалі таго, што ў наступным пакоі яны апынуцца на… танцавальнай пляцоўцы. Кіраўнік Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра Інэса Парфенчык запрасіла гасцей развучыць танцавальныя рухі і паспрабаваць сябе на справе. Усе вучні з задавальненнем прынялі ўдзел у танцавальным майстар-класе.
Дзякуючы наведванню Музея сям’і вучні змаглі пазнаёміцца з гісторыка-культурнай спадчынай беларусаў, на прыкладзе народнага сямейнага ансамбля Парфенчыкаў пераканацца у тым, што музыка, агульная справа, творчыя задумы, падтрымка блізкіх людзей – усё гэта спрыяе здаровым сямейным адносінам.
А цёплае восеньскае надвор’е, рознакаляровае лісце і прыемная прагулка па алеях векавых дрэў у парку, якія былі пасаджаны вакол сядзібы яшчэ пры жыцці яе гаспадара – Аляксандра Дамбавецкага, спрыялі прыемнаму адпачынку вучняў пасля навучальнага дня.
Айцец Уладзімір Яроміч, віншуючы юных падарожнікаў са святам Пакравоў Прасвятой Багародзіцы, адзначыў, што менавіта сям’я ва ўсе часы з’яўлялася асновай грамадства, што дзеці павінны дапамагаць бацькам, таксама як і бацькі клапоцяцца пра іх. Тады ўзаемная дапамога прынясе ў сем’і гармонію, лад і любоў.
0Комментарии
Авторизоваться
Для отправки отзыва нужно авторизироваться.