У Лідзе ў анлайн-фармаце адбыўся занальны этап рэспубліканскага моладзевага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі»

07 Декабря 2020 825
За час свайго існавання конкурс стаў паспяховым праектам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Штогод гэта незабыўная падзея ў жыцці юнакоў і дзяўчат і адначасова ўнікальная магчымасць пазнаёміцца з аднадумцамі і заявіць аб сваіх распрацоўках.

– У рамках конкурсу праводзіўся адбор лепшых праектаў у розных сферах дзейнасці, – раскрывае падрабязнасці першы сакратар Лідскага раённага камітэта ГА «БРСМ» Вольга Міхаловіч. – У гэтым сезоне колькасць намінацый была пазначана адзінаццаццю пазіцыямі, а ўдзельнікі  конкурсу – падзеленыя на дзве ўзроставыя групы, што дазволіла маладым людзям больш поўна заявіць аб сваіх шматгранных распрацоўках, якія ўяўляюць практычны інтарэс для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

Да ўдзелу ў праекце запрашаліся моладзь ва ўзросце ад 14 да 31 года і маладыя навукоўцы да 35 гадоў. У выніку 18 маладых даследчыкаў, рацыяналізатараў, вынаходнікаў, медыкаў прадставілі на суд экспертнага савета свае навуковыя і сацыяльныя распрацоўкі і ідэі. Былі прэзентаваныя праекты сацыяльнай сферы, бія- і нанаіндустрыі, энергаэфектыўнай накіраванасці, медыцыны, а таксама прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць. Пры гэтым эксперты ацэньвалі не толькі актуальнасць і навізну ідэі, але і практычную значнасць працы, а таксама рэальнасць рэалізацыі конкурснага інавацыйнага праекта.

– Прэзентацыя праектаў выклікала вялікую цікавасць у прысутных, – заўважыла Вольга. – Напрыклад, Крысціна Барэйша, настаўнік біялогіі ДУА «Гудскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-базавая школа», расказала пра асаблівасці фаўны алергенных кляшчоў, якія жывуць вакол прыватнага сектара аграгарадка Гуды Лідскага раёна. Мабільны дадатак па турызме «Мой край» прэзентавалі Віялета Шэлевер і Мацвей Лянцэвіч, навучэнцы 11 «А» класа ДУА “Сярэдняя школа №16 г. Ліды». А Таццяна Міхаловіч, Святаслаў Каламыцкі, Ян Шафарост, навучэнцы 11 «Б» класа ДУА «Сярэдняя школа №1 г. Ліды», выступілі з праектам «Фізічныя доследы ў хатняй лабараторыі з дапоўненай рэальнасцю». У выніку ёсць тры прызавыя месцы.

Усе праекты-пераможцы рэкамендаваны да разгляду абласнога экспертнага Савета рэспубліканскага моладзевага інавацыйнага праекта «100 ідэй для Беларусі» для ўдзелу ў абласным этапе. Лідскія даследчыкі хвалююцца, але спадзяюцца, што зноў стануць найлепшымі, чаго ім і жадаем.
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться