Дастойны выступ лідскіх школьнікаў. У Лідзе прайшла рэспубліканская алімпіяда па грамадазнаўстве
Нагадаем, на гэтым тыдні, з 11 па 14 мая, у Беларусі праходзіў заключны этап рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах. У нашым горадзе адбывалася алімпіяда па грамадазнаўстве. Праходзіла яна на базе Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва.
Як паведаміла рэдакцыі намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк, свае веды ў алімпіядзе па грамадазнаўстве дэманстравалі 33 адзінаццацікласнікі са ўсёй Беларусі. 15 з іх сталі дыпламантамі трох ступеняў.
Прыемна адзначыць, что пяць дыпломаў з пятнаццаці атрымалі прадстаўнікі Гродзеншчыны і тры з іх – у лідчан. Вучаніца сярэдняй школы №15 Яна Кушнер удастоена дыплома першай ступені, адзінаццацікласнік з сярэдняй школы №14 Ігар Нізаўцоў заваяваў дыплом другой ступені, а яшчэ адна прадстаўніца СШ №15 – Дар’я Багрым – дыплом трэцяй ступені.
Праўду кажуць, што дома і сцены дапамагаюць. Але ж насамрэч галоўнае – гэта веды, якія лідскія “умники и умницы” атрымалі ў сваіх альма-матэр з дапамогай настаўнікаў. Дзяўчынак да алімпіяды рыхтавала Кацярына Вітальеўна Гушчынская, Ігара Нізаўцова – Наталля Эдмундаўна Кеўра.
Лідчына віншуе сваіх прадстаўнікоў з перамогай і ганарыцца імі! Сёлетнія ўдзельнікі рэспубліканскіх інтэлектуальных спаборніцтваў важка папоўнілі скарбонку ўзнагарод лідскай адукацыі. Няхай гэты дастойны выступ стане для іх яшчэ большым стымулам у дасягненні новых вышынь.
Хутка стануць вядомыя вынікі рэспубліканскай алімпіяды па іншых прадметах.
Трэба зазначыць, што ў месцах правядзення заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па навучальных прадметах поўнасцю забяспечвалася выкананне санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў у адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства аховы здароўя.