Бывай, школа!.. На Лідчыне празвінелі апошнія школьныя званкі

30 Мая 2019 2704

Для чатырнаццаці з паловай тысяч навучэнцаў школ Лідчыны сёння прагучаў апошні школьны званок. Апошні ў жыцці ён быў для 806 выпускнікоў адзінаццатых класаў. Урачыстыя лінейкі прайшлі ў школах Лідскага раёна. Ужо заўтра для школьнікаў наступяць доўгачаканыя і самыя вялікія летнія канікулы, а для выпускнікоў – адказная экзаменацыйная пара.

Два адзінаццатых класы, адзін з якіх юрыдычнай накіраванасці, выпускае ў жыццё СШ №10. Юрыдычныя класы набіраюцца тут з 2005 года, і сярод сямідзесяці падобных класаў у Беларусі нашы зарэкаменадавалі сябе як адны з лепшых. Амаль палова выпускнікоў звязвае сваё жыццё менавіта з юрыдычнай прафесіяй у розных навучальных установах.

– Сёлетнія выпускнікі юрыдычнага класа два гады таму прышлі ў СШ №10 з адзінаццаці розных школ Лідскага раёна, – адзначае дырэктар Уладзімір Сямёнаў. – Характэрна, што дзясятая школа стала для іх родным домам. Ніхто не пашкадаваў аб сваім выбары. Усе навучэнцы годныя, матываваныя. Сярод выпускнікоў нашай школы сёлета трое прэтэндэнтаў на медалі, двое – з юрыдычнага класа.

Ва ўрачыстай лінейцы, якая сабрала ля сцен школы навучэнцаў, настаўнікаў, бацькоў, прынялі ўдзел ганаровыя госці. Гэта начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў Дзмітрый Уляшка і галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі райвыканкама Марына Гец. Віншуючы навуэнцаў, Дзмітрый Уляшка звярнуў увагу, што наперадзе лета, не трэба забываць аб бяспецы, каб нішто не засмучала адпачынку, а лета пайшло толькі на карысць.

Па традыцыі падводзіліся вынікі навучальнага года. Для СШ №10 ён быў важкім на дасягненні. Вучні паспяхова ўдзельнічалі ў алімпіядах і конкурсах. Шматлікія прызёры і пераможцы атрымалі граматы і дыпломы ўпраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама і ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, салодкія прызы ад школы.

Свой наказ выпускнікам давалі першакласнікі. Яны падаравалі ім на памяць жывую ваду са школы і школьнае паветра ў шарыках. І самі выпускнікі трымалі адказнае слова – шчыра, кранальна дзякавалі сваім настаўнікам і ўручылі ім медалі за сапраўды подзвіг. 

Падарункам для ўсіх навучэнцаў і настаўнікаў стаў прыгожы выпускны вальс.А фінальным акордам апошні школьны званок, які далі адзінаццацікласнік Аляксандр Катовіч і першакласніца Вікторыя Быстрыцкая.

  

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться