Знайсці скарбы на Лідчыне!.. Этнаграфічная экспедыцыя гістфака БДУ пабывала на Лідчыне (фота)

01 Августа 2018 5713

студэнтыУ аграгардку Ваверка і яе ваколіцах на піку лета высадзіўся моладзевы дэсант гістарычнага факультэта БДУ. Этнаграфічная экспедыцыя: дваццаць студэнтаў пад кіраўніцтвам загадчыка кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў, доктара гістарычных навук, прафесара Тадэвуша Навагродскага і кандыдатаў гістарычных навук, дацэнтаў Ірыны Бачыла і Ірыны Махоўскай, – спынілася на лідскай зямлі, каб адшукаць, занатаваць і ў перспектыве захаваць асаблівасці мясцовых культурных традыцый, гаворкі, побыту. Прафесар Тадэвуш Навагродскі прызнаецца: у Год малой радзімы нездарма прывёз групу шукальнікаў менавіта сюды – сам ён, лічы, наш зямляк, ураджэнец Шчучынскага раёна. А ўвогуле аб’ехаў усю Беларусь (гэта 27-я па ліку экспедыцыя). Матэрыялаў на Лідчыне сабралі шмат, хаця... дзівосаў не адкрылі. Але галоўнае – сам працэс. Моладзь знайшла цікавы этнаграфічны матэрыял, дакранулася да спрадвечна беларускага і атрымала ад роднага асалоду. Вось сапраўдныя здабытыя скарбы!

Маладых, разумных, таленавітых, крэатыўных шукальнікаў у Ваверцы нібыта чакалі... Настаўнік гісторыі мясцовай школы Аляксандр Шабельскі (дарэчы, выпускнік гэтага ж гістфака, аднакурснік Ірыны Бачыла) не хавае: “Рады, што яны да нас прыехалі, гэта была мая мара і яна ажыццявілася... Назіраць за іх працай, тым больш удзельнічаць і разумець, які вялікі патэнцыял ў нашай моладзі, – задавальненне. Яны сапраўды моцная каманда. Я ўпэўнены, з іх выйдзе не адзін кандыдат навук, а ўражанні ад гэтай практыкі застануцца на ўсё жыццё ”.

Студэнты пасяліліся ў Ваверскай школе. Варта аддаць належнае, і гэта першае, чым падзяліўся з карэспандэнтам пры сустрэчы Тадэвуш Навагродскі, для іх стварылі тут належныя ўмовы: начальнік ўпраўлення адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай (таксама выпускнік гістфака БДУ), дырэктар школы Іван Адамчук, старшыня мясцовага сельсавета Аляксандр Іодка аказвалі ўсялякае садзеянне ў любых пытаннях, павары гатавалі смачную ежу.... Настаўніца СШ №17, паэтэса Ганна Рэлікоўская правяла экскурсію па г. Лідзе, якая пакінула незабыўныя ўражанні. А мясцовыя людзі, (непасрэдныя інфарманты) былі надзвычай гасціннымі, сустракалі, частавалі і былі шчырымі і шчодрымі на словы і ўспаміны.

21

22

24

25

Хлопцы і дзяўчаты накіраваліся ў  вёскі, у якія толькі змаглі даехаць або дайсці, – гэта Ваверка, Паперня, Серафіны, Чаплі, Навасёлкі, Мэйры, Сямейкі, Красноўцы, Кавалі. Пазнаёміліся і пагутарылі з больш чым паўсотняй пажылых людзей.

Дарэчы, так падабралася, што большая частка студэнтаў – жыхары Усходняй Беларусі. У заходнім краі для іх многае было незвычайным, а часам і зусім незразумелым. Напрыклад, паланізмы. У гаворцы мясцовых людзей ім неаднаразова даводзілася чуць: “цёнгля” (назаўсёды), што здавалася як “цёмна”, або “рочныя (гадавыя) святы”, – якія хацелася інтэрпрэтыраваць як “парочныя святы”. Зусім новымі і незразумелымі былі словы “глыкальнікі” і “валайнікі”, якімі тут, на ваверскай зямлі, называюць валачобнікаў, або “слізнякі” – галушкі. Многія не разумелі, што значыць “узяць шлюб” і што за свята “Тры каралі”. Упершыню чулі такія назвы адзення, як “сачак”, “гарсэт” і “манарка”.

20

26

23

Студэнты занатоўвалі гаворку, успаміны пра мінулае, песні ў чыстым выглядзе, без карэкціровак і правак. З задавальненнем прымалі ў дар прадметы даўніны (дываны і рушнікі, стары абутак, прылады працы і побыту), частка якіх накіравалася ў музей кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў, а частка папоўніла мясцовы краязнаўчы музей Ваверскай школы.

– Сабраныя матэрыялы мы аформілі, падрыхтавалі, засталося знайсці спонсараў і выдаць кнігу, зборнік палявых этнаграфічных матэрыялаў “Культурныя традыцыі Лідчыны”, – сказаў Тадэвуш Навагродскі.

1

3

4

У свой апошні дзень на Лідчыне, перш чым паставіць кропку ў практыцы, студэнты творча і крэатыўна прадставілі справаздачы. Вядома, гэта былі не лічбы і цыркуляры, а пастаўленыя з калёс, але тым і цікавыя, прыгодніцкія міні-спектаклі і імправізацыі, гледзячы і слухаючы якія нельга было не ўпэўніцца: скарбы на Лідчыне ўсё-ткі ёсць! Няхай толькі моладзь прыязджае і шукае.

 2

2

2

2

2

2

2

2

2

2

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться