Усё для матулі: і першыя крокі, і кветкі!
Невыпадкова свята 8 Сакавіка прыходзіць да нас адразу пасля доўгіх зімовых месяцаў: вясна і жанчына такія падобныя! Кожная напаўняе навакольны свет прыгажосцю і радасцю, дорыць іх людзям. Яшчэ не растаў снег, а яркія сонечныя прамяні з кожным днём усё часцей заглядаюць у кватэры лідчан, прымушаюць усміхацца, клічуць на вуліцу.
…Упэўненыя крокі, вясёлы, звонкі смех і першы букет ружаў – самыя лепшыя падарункі ад маленькага Мішы Сасіма для любімай матулі Ганны напярэдадні свята 8 Сакавіка. Тыдзень выдаўся з лёгкім марозцам, але на дзіцячай пляцоўцы каля дома ўжо весела ціўкаюць вераб'і, а па сцяжынках пракладваюць сабе дарогу такія, як і ён, маленькія раўчукі. Па ім так хочацца прабегчыся! Але мама моцна трымае за руку. І ў гэтым яе парыве тоіцца вялікі сэнс: колькі б гадоў ні прайшло, колькі б вады ні выцекла, а самы галоўны і любімы чалавек у жыцці заўсёды будзе побач.
Са святам вас, мілыя жанчыны!








