“Лідская газета” – у ліку прызёраў рэспубліканскага конкурсу

01 Марта 2018 1804

Жыццё кожнага з нас цяжка ўявіць без паслуг пошты. Сёння гэта не толькі дастаўка свежых газет і часопісаў, пісьмаў, паштовак, пасылак, але і цэлы шэраг самых розных паслуг. Пошта бярэцца выканаць абсалютна любыя запыты сваіх кліентаў! Дзякуючы пошце рэгулярна ў дамы лідчан прыходзіць і “Лідская газета”.

За вялікай і вельмі важнай працай стаяць людзі: адказныя і працалюбівыя, добрыя і чалавечныя, улюбёныя ў сваю прафесію паштальёны, вадзіцелі, аператары, сартавальнікі, тэхнікі – усе, для каго пошта стала неад’емнай часткай жыцця. Аб іх нярэдка піша на сваіх старонках “Лідская газета”.

РУП “Белпошта” традыцыйна аб’яўляе рэспубліканскі конкурс сярод журналістаў сродкаў масавай інфармацыі на лепшы матэрыял аб пошце. Сёлета ўдзел у ім прынялі сто журналістаў рэспубліканскіх, абласных, гарадскіх друкаваных і тэлевізійных СМІ, а таксама інтэрнэт-рэсурсаў, якія даслалі свае матэрыялы аб пошце. Нядаўна былі названы пераможцы. Сярод іх – карэспандэнт “Лідскай газеты” Вольга Яхантава, якая заняла трэцяе месца ў намінацыі раённых друкаваных СМІ. Лідскім карэспандэнтам на конкурс быў накіраваны цыкл публікацый аб пошце. А лепшым быў прызнаны матэрыял “Пошта – эпіцэнтр жыцця”, які расказваў аб працы Тарноўскага аддзялення паштовай сувязі.

Дарэчы, “Лідская газета” ўдзельнічае ў гэтым рэспубліканскім конкурсе другі раз, пазалетась яна таксама была ў ліку прызёраў.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться