На Лідчыне будзе адкрыты музей сям’і
Ён ствараецца на базе філіяла “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр” дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Адкуль з’явілася такая ідэя? Што можна будзе ўбачыць у музеі сям’і?
“Ініцыятыва стварэння музея зыходзіла ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, – гаворыць журналісту “Лідскай газеты” старшыня гэтай арганізацыі Святлана Івуць. – Сярод задач, якія ставіць перад сабой Беларускі саюз жанчын, – павышэнне прэстыжу сям’і як важнейшага сацыяльнага інстытута, прапаганда культуры сямейных адносін. Стварэнне музея сям’і – адзін з напрамкаў рэалізацыі гэтай задачы”.
“Мы рады, што наша прапанова была падтрымана ў Лідскім райвыканкаме”, – адзначыла Святлана Валянцінаўна.
“Калі было выбрана памяшканне для музея, на пасяджэннях з удзелам кіраўніцтва аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” абмеркавалі яго канцэпцыю, і з некалькіх прапанаваных варыянтаў выбралі адзін, – дапаўняе аповед Святланы Івуць намеснік кіраўніка Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Лісоўская. – У адным з пакояў музея будзе прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная народнаму сямейнаму ансамблю Парфенчыкаў. Заслугоўвае ўвагі не толькі песенная і музычная творчасць гэтага таленавітага калектыву – прыкладам для пераймання могуць служыць згуртаванасць, адносіны ў самой сям’і. Аднак большую частку плошчы музея плануецца заняць атрыбутамі вясельнай тэматыкі, бо менавіта з вяселля пачынаецца шлях па дарозе сямейнага жыцця. Экспазіцыю вырашана аформіць у стылі 60-70-х гадоў XX стагоддзя. Зараз ідзе збор экспанатаў. У яго актыўна ўключыліся работнікі клубных устаноў.
Разам з тым стваральнікі музея будуць удзячны ўсім, хто прыме ўдзел у папаўненні музея рэчамі, што датычаць вясельнай тэматыкі 60-70-х гадоў. Гэта могуць быць ручнікі, посуд, мэбля, упрыгажэнні, вясельныя адзенне і падарункі, фотаздымкі, паштоўкі і іншае. Тыя, хто хоча падарыць рэчы для будучага музея, можа звярнуцца да нас у ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Адрас: г. Ліда, вул. Перамогі, 37а, т. 520249. У музеі не толькі беражна захаваюцца памятныя атрыбуты пачатку жыцця сем’яў Лідчыны – яны паслужаць задачам выхавання сучасных пакаленняў”.
“Адкрыццё музея сям’і – справа вельмі добрая сама па сабе, – адзначае дырэктар філіяла “Бердаўскі культурна-дасугавы цэнтр” Аляксандр Парфенчык. – Разам з тым адкрыццё музея будзе спрыяць уключэнню Бердаўкі ў турыстычны маршрут. А ў нас ёсць шмат чаго, што можна паказаць наведвальнікам. Нагадаю, што сам культурна-забаўляльны цэнтр размяшчаецца ў будынку былога палаца А. С. Дзембавецкага”.