Сялецкі дуб-волат адрадзіўся з попелу
Пра незвычайны дуб у вёсцы Сялец Ганчарскага сельсавета мы даведаліся ад мясцовага краязнаўцы Мікалая Дзікевіча і гаспадароў сядзіб, на мяжы якіх гэты цуд прыроды расце, – Антаніны Федзюкевіч і Пятра Казака. Цудам прыроды дуб можна назваць ужо таму, што расце ён з аднаго кораня, але мае сем ствалоў. Магутны і неабдымны, ён цягнецца ў неба і, шапочучы лісцем на сваіх вялізных галінах, вядзе аб нечым размову. Гісторыя яго хаця і налічвае не больш за семдзесят год, але цікавая, можна сказаць, з філасофскім падтэкстам.
...Вёска Сялец слаўная сваёй гісторыяй. Калісьці гэта было вялікае паселішча, чыгуначны вузел і прамысловы цэнтр. Перажыла яна шмат падзей, і радасных, і сумных, вытрывала войны, паводкі, пажары. Калі адкінуць першае, то, напэўна, нішто не прыносіць столькі пакут людзям, прыродзе, як паводка, а тым больш пажар. Дык вось, жыхары Сяльца ў мінулым стагоддзі сутыкнуліся са шматлікімі пажарамі: вялікімі і малымі. Акрамя малых пажараў, што ўзнікалі па віне людзей ці з-за тэхнічнай няспраўнасці электраабсталявання, былі вялікія пажары, якія наносілі сур’ёзны ўрон калгасу і ўзнікалі па віне незадаволеных ім.
– Пажар, які адбыўся 16 жніўня 1950 года, з 5 гадзін раніцы, відавочна, узнік ад падпалу. Толькі пачалі тушыць гумно Юльяна Урбана (тут стаяла калгасная сячкарня), як хвілін праз дзесяць загарэлася на другім канцы вёскі гумно Паўла Некрашэвіча з пятнаццацю тонамі калгаснага сена, – расказвае Мікалай Дзікевіч. – На працягу некалькіх год у вёсцы ноччу і днём ўспыхвала чырвонае зарыва. Падчас пажару ў сухі ветраны дзень 25 красавіка 1952 года, на Правадную нядзелю (першая нядзеля пасля Вялікадня), згарэлі пабудовы сямнаццаці гаспадароў. За паўгадзіны людзі пазбавіліся амаль усёй маёмасці. 9 жніўня 1955 года ў 11 гадзін вечара адбыўся апошні пажар у вёсцы як помста за калектывізацыю. У тую ноч падпалілі хлеў брыгадзіра.
Пажылыя жыхары вёскі памятаюць вялікі пажар 25 красавіка 1952 года... Расказваюць: агонь, які бушаваў сярод цеснаты будынкаў, спаліў нават тое, што паспелі вынесці. Стаяла страшэнная гарачыня, адзенне, укінутае ў студню, абвуглілася, зруб без страхі метраў за сорак ад агню – згарэў. Згарэлі куры, свінні. Толькі каровы на пашы засталіся цэлымі.
– Вуліца тых часоў была пясчанай (цяпер часткова пасыпана жвірам), – расказвае Мікалай Мікалаевіч. – На паўднёвым баку быў пракапаны роў з масточкамі на кожны падворак, а з паўночнага – пракладзены драўляны ходнік. Паабапал расло шмат дрэў і кустоў. Пасля пажару вялікія дрэвы стаялі абгарэлыя, меншыя, кусты – зусім зніклі, ходнік месцамі выгарэў, не стала платоў. Малюнак страшэнны.
Прайшлі гады. Пагарэльцы адбудаваліся, абжыліся. Падворкі пашырылі, часткова выдзелілі сядзібы на другіх вуліцах. На галоўнай вуліцы зніклі роў і ходнік. Падсыпалі жвіру і грэйдарам вясной і восенню дарогу раўняюць. Вуліца зноў зазелянела. Па-рознаму выраслі дрэвы. Толькі адзінкі выжылі. Гаспадары іх падрэзалі, выраслі парасткі. Высаджана шмат садовых дрэў, ягаднікаў. Але ёсць і такія, якія адрадзіліся ў поўным сэнсе слова.
Адзінокі маладзенькі дубок у тую пару (1952 г.) згарэў амаль да зямлі. Але... Цудам уцалеў. Сведкі падзей успамінаюць, што застаўся маленькі парастак. Ён і прадоўжыў сваё жыццё: выпусціў спачатку тры парасткі і з аднаго кораня. Цяпер іх ужо сем. Дзякуючы рупліваму догляду суседзяў (дуб вырас на мяжы сядзіб Пятра Казака і Антаніны Федзюкевіч) дуб-волат раскінуў свае шаты на ўсю вуліцу і стаў напамінкам аб той вясковай вогненнай віхуры.
***
Летась на Лідчыне працавалі вучоныя-батанікі, якія выяўлялі старыя, векавыя дрэвы, каб афіцыйна прызнаць іх помнікамі прыроды і ўзяць пад ахову дзяржавы. Сялецкі дуб-змагар з-за свайго адносна маладога ўзросту не падышоў бы пад патрабаванні батанічнага помніка, і тым не менш – дрэва ўнікальнае. Добра было б, каб мясцовыя жыхары, ды і лідчане, якія цікавяцца гісторыяй, ведалі пра такія дзівосы мясцовай прыроды, у тым ліку і пра дуб-змагар, што адной сваёй постаццю дае прыклад мужнасці і стойкасці.
Колькі на нашай Лідчыне яшчэ ёсць такіх месцаў і з’яваў прыроды, з якімі звязаны цэлыя гісторыі? Можа, ведаеце такія і вы? Раскажыце нам. Тэлефануйце па нумары 52-96-85, пішыце на адрас: 231300, г. Ліда, вул. Ленінская, 48.