Сёння адзначаецца Міжнародны дзень сям’і
Адразу два ордэны Маці і адразу двум жыхаркам пасёлка Першамайскі напярэдадні Міжнароднага дня сям’і ўручыў старшыня Лідскага райвыканкама Міхаіл Карповіч.
Гераінямі дня сталі медыцынская сястра Першамайскай участковай бальніцы Ала Маркель і памочнік выхавацеля яслей-сада гэтага ж пасёлка Святална Завала. У абедзвюх сем’ях выхоўваюцца па пяцёра дзяцей. Абедзве атрымалі новыя кватэры ў Першамайскім. Абедзве мамы шчыра прызнаюцца: шматдзетнасць гэта не цяжар, а наадварот... У пяць раз болей любові ад дзяцей, гонару за іх поспехі і таленты, нарэшце, у пяць раз больш дапамогі. Цяжкасці ў вялікай сям’і не адчуваюцца, калі адно-два дзіцяці – так, а калі пяць – не.
– У нашай краіне шмат увагі ўдзяляецца сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, – адзначыў Міхаіл Карповіч падчас уручэння мамам ардэноў. – Вялікая праца на вашых плячах – падняць дзіця, даць яму адукацыю, падрыхтаваць да будучага жыцця. Мы са сваго боку будзем сачыць за тым, як растуць вашы дзеці, і дапамагаць.
Урачыстыя хвіліны з матулямі-гераінямі і іх сем’ямі раздзялілі прадстаўнікі калектываў, у якіх яны працуюць, – яслей-сада пасёлка Першамайскі і цэнтральнай раённай бальніцы. Павіншаваць адну з мам, Алу Маркель, прыйшлі галоўны ўрач ЦРБ Вадзім Трубчык і старшыня прафкама Кацярына Жыгала. “Прыемна, што ў нашым калектывые працуюць такія жанчыны, якія ўдасканальваюць свой прафесійны ўзровень і з’яўляюцца цудоўнымі маці”, – адзначыў Вадзім Міхайлавіч. Ён павіншаваў Алу Маркель з двайным святам – узнагродай ордэнам Маці і Днём медыцынскай сястры, на які выпала ўрачыстая нагода.
Ала Мікалаеўна, у сваю чаргу, ад свайго імя і імя Святланы Завала звярнулася да кіраўніцтва раёна: “Вялікі дзякуй, што нас заўважылі: простых, сціплых жанчын, якія нараджаюць для сябе, а атрымлвіюць пашану ад дзяржавы”.
Віншаванні ў гэты дзень былі адрасаваныя і татам, на якіх ляжыць вялікая адказнасць за сем’і, і якія, не гледзячы ні на якія цяжкасці, падаюць сваім дзецям добры прыклад, як жыць, працаваць.
Прыклад гэтых сямей варты для пераймання – жыхарам Першамайскага, ды і Лідчыны ў цэлым.