Першая ластаўка ў даследаванні літаратурнай Лідчыны
У бягучым годзе 50-гадовы юбілей адзначыць літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Інтэрв’ю з гэтай нагоды з кіраўніком літаб’яднання Алесем Хітруном у пачатку года было змешчана на старонках нашага выдання. Дзелячыся планамі на юбілейны год, Алесь тады згадаў, што вучнямі сярэдняй школы №11 рыхтуецца даследчая праца па літаб’яднанні “Суквецце”. Прайшло тры месяцы, і сёння аб гэтай даследчай працы можна ўжо гаварыць як аб закончанай. Называецца яна “Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”: гісторыя і сучаснасць”. Даследаваннем займаліся адзінаццацікласніцы СШ №11 Вераніка Аляхновіч і Дзіяна Жэгала пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Мікалаеўны Анашкевіч (на здымку). Карэспандэнт, сам сябар літаб’яднання, не абышоў увагай гэтую знакавую для літаратурнай Лідчыны падзею і запрасіў Наталлю Мікалаеўну да гутаркі, а таксама вырашыў азнаёміцца з даследчай працай.
– Кожны год у красавіку праходзіць адкрытая раённая канферэнцыя даследчых прац навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі “Ступені да навукі”, – гаворыць Наталля Анашкевіч. – І кожны год наша школа, як і іншыя, рыхтуе да гэтай канферэнцыі даследчыя працы. У гэтым годзе мы вырашылі даследаваць гісторыю і дзень сённяшні літаратурнага аб’яднання “Суквецце”. Да гэтага ў нашай школы ўжо меўся пэўны вопыт даследавання калектыўных і асабістых зборнікаў лідскіх паэтаў, а сёлета мы вырашылі, што ўжо выспелі для даследавання цэлай суполкі паэтаў пад назвай “Суквецце”, тым больш што ў “Суквецця” сёлета якраз юбілей, а даследаваннем яго гісторыі да нас ніхто не займаўся. Да таго ж, штогод у нашай школе арганізоўваюцца сустрэчы з лідскімі паэтамі ў рамках прадметных Тыдняў беларускай і рускай мовы і літаратуры, і мы падтрымліваем сувязь з літаб’яднаннем.
Як расказала далей Наталля Мікалаеўна, праца дзвюма вучаніцамі (якія, дарэчы, удзельнічаюць у навуковых канферэнцыях з 5-га класа) пад яе кіраўніцтвам была прароблена вялізная і карпатлівая. Было перагорнута шмат падшывак “Лідскай газеты” пры зборы артыкулаў, што датычацца літаратурнага жыцця Лідчыны, літаратурных старонак. Даследчыкі таксама знаёміліся са зборнікамі вершаў і прозы, сустракаліся з былымі кіраўнікамі “Суквецця” Уладзімірам Васько і Міхасём Мельнікам, з цяперашнім кіраўніком літаб’яднання Алесем Хітруном, заглядвалі і на сайт суполкі ў групе “ВКонтакте”, наведвалі пастаянную экспазіцыю літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея (доміка Таўлая) “З мастацкім словам па жыцці”.
На адкрытай раённай канферэнцыі “Ступені да навукі” даследчая праца заняла пачэснае 2-е месца, усяго адзін бал аддзяліў яе ад 1-га, якое было прысуджана даследчай працы дзесяцікласніцы гімназіі №1 горада Ліды Марыны Герасімчук пад кіраўніцтвам настаўніка рускай мовы і літаратуры Аляксея Аляксандравіча Сымановіча (дарэчы, паэта і сябра літаб’яднання “Суквецце”) “Прыёмы моўнай гульні ў медыятэкстах сучасных падлеткавых СМІ”.
* * *
Складаецца даследчая праца “Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”: гісторыя і сучаснасць” з чатырох раздзелаў. Першы раздзел знаёміць з літаратурнай спадчынай лідскага краю (а Лідчына літаратурная бярэ свой пачатак задоўга да ўзнікнення “Суквецця”), у другім даследчыкі спрабуюць высветліць, калі дакладна пры рэдакцыі ўзнікла літаратурнае аб’яднанне, у трэцім прыводзяцца інтэрв’ю з кіраўнікамі “Суквецця” і іх успаміны, у чацвёртым раздзеле даследуецца дзень сённяшні літаб’яднання. Акрамя гэтых раздзелаў, праца мае мноства дадаткаў – гэта і “кніжная паліца” (пералік зборнікаў паэзіі і прозы лідскіх аўтараў), і храналагічная табліца знамянальных дат і падзей у літаратурным жыцці Лідчыны за апошнія некалькі гадоў, і спіс вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія ў розныя гады прыязджалі на літаратурныя сустрэчы ў Ліду, і пералік удзельнікаў і пераможцаў літаратурных конкурсаў, і многае іншае. Значнае месца ў дадатках займаюць артыкулы і літаратурныя старонкі з “Лідскай газеты”, па якіх можна прасачыць літаратурнае жыццё Лідчыны, дасягненні лідскіх творцаў.
Як ужо адзначалася, гісторыя літаратурнай Лідчыны пачалася задоўга да ўзнікнення “Суквецця”. Яе пачаткам у даследчай працы лічыцца самы канец XVI стагоддзя, а дакладней – 1598 год, калі лідскі стараста Ян Абрамовіч выдаў у Вільні “Катэхізіс”, у які ўвайшло 300 рэлігійных песень. Пачаткам жа гісторыі ўласна літаб’яднання “Суквецце” ўмоўна лічыцца 1967 год, калі літаратурнае аб’яднанне пры рэдакцыі газеты “Уперад” (папярэдніцы “Лідскай газеты”) узначаліў адказны сакратар Віктар Кучынскі. Аднак у ходзе даследавання аўтары працы знайшлі матэрыялы, якія сведчаць аб існаванні пры рэдакцыі літаратурнай суполкі і да 1967 года. Магчыма нават, што паэты і празаікі Лідчыны пачалі згуртоўвацца пры газеце “Уперад” у першыя гады існавання самой газеты, калі ў ёй працавалі беларускія паэты Валянцін Таўлай і Ніна Тарас (а гэта 1939-1941 гады). Назву жа “Суквецце” літаб’яднанню даў яго кіраўнік Уладзімір Васько, які ўзначальваў аб’яднанне больш за 30 гадоў (1972-2004).
Даследчыкі падлічылі, што толькі за апошнія дзесяцігоддзі выйшла больш за 50 кніг паэзіі і прозы лідскіх творцаў, з году ў год не памяншаецца колькасць мерапрыемстваў у рамках дзейнасці “Суквецця”, яно працягвае актыўна працаваць, заяўляць аб сабе. Толькі за пяць апошніх гадоў, зноў жа па скрупулёзных падліках юных даследчыкаў, на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты” былі змешчаны творы больш як 100 аўтараў.
“Амаль у кожным выпуску літаратурнай старонкі з’яўляюцца новыя імёны, – пішуць аўтары працы. – А колькі таленавітых літаратараў яшчэ не заявілі аб сабе? Колькі новых імён прыйдзе на змену старэйшаму пакаленню! Хочацца даць невялікую параду тым, хто яшчэ толькі плануе звязаць сваё жыццё з літаратурай ці толькі пачынае пісаць: не ўпусціце час, пазнаёмцеся з паэтамі старэйшага пакалення. Сёння яны – сапраўдныя майстры мастацкага слова. Яны гатовыя перадаць свой вопыт, дапамагчы настроіцца на лірычную хвалю кожнаму, яны чакаюць сустрэч з юнымі талентамі”.
* * *
Даследчая праца “Літаратурнае аб’яднанне “Суквецце”: гісторыя і сучаснасць” выклікала вялікую цікавасць і захапленне ў сяброў літаб’яднання, некаторыя з іх нават напісалі водгукі аб ёй. Так, напрыклад, Міхась Мельнік назваў працу вельмі актуальнай і пазнавальнай; Ганна Рэлікоўская адзначыла, што ў гэтай працы “ўпершыню сістэматызаваныя адрывачныя матэрыялы аб дзейнасці лідскіх паэтаў”; Алесь Хітрун назваў даследаванне “першай ластаўкай” у навуковай распрацоўцы тэмы літаратурнай дзейнасці Лідчыны, знакавай падзеяй для рэгіянальнай літаратуры, значным штуршком для далейшага навуковага даследавання Лідчыны літаратурнай, якая багатая на творцаў. Магчыма, праца будзе апублікавана ў часопісе “Лідскі летапісец”, прэзентавана ў час святкавання юбілею “Суквецця”, якое запланавана на чэрвень.
– Наша даследчая праца стане каштоўным дапаможнікам пры вывучэнні літаратурнага краязнаўства Лідчыны, – гаворыць кіраўнік працы Наталля Анашкевіч. – Яе можна выкарыстоўваць на пазакласных занятках па літаратуры, пры правядзенні літаратурных гасцёўняў, экскурсій. Само даследаванне па гэтай тэме ў нашай школе будзе працягвацца: не ўсе падшыўкі газеты “Уперад” мы яшчэ праглядзелі, застаецца адкрытым пытанне аб дакладным часе ўтварэння літаб’яднання, і ўвогуле, існуе яшчэ шмат адкрытых пытанняў па Лідчыне літаратурнай (асабліва для дарослых даследчыкаў), гісторыя якой, як мы высветлілі, налічвае больш за чатыры стагоддзі. Поле дзейнасці тут вельмі шырокае, і спадзяюся, што нашу работу ў гэтым напрамку падтрымаюць юныя даследчыкі і настаўнікі іншых школ.