Па старонках нашай гісторыі. Вуліца Савецкая (Віленская, Сувальская) далей на поўнач
Рухаемся далей на поўнач ад сучаснага перакрыжавання вуліц Савецкай і Міцкевіча. З правага боку размяшчаўся ліцейны завод братоў Штэйнбергаў і Ландо. За заводам ад вуліцы Віленскай (Сувальскай) у бок ракі Лідзеі адыходзіла вуліца Пастаўская, яна ішла да яўрэйскіх могілак і далей моста праз Лідзейку, а потым ператваралася ў дарогу, якая вяла ў бок Дворышча.
Увага – здароўю...
У 1898 г. на рагу вуліц Віленскай і Пастаўскай яўрэйская грамада горада пабудавала свой шпіталь (яўрэйскі шпіталь існаваў у гора-дзе з 1868 г.). Новы шпіталь быў дастаткова вялікім для таго часу цагляным будынкам. У 1937 г. было вырашана дабудаваць другі паверх яўрэйскага шпіталя і такім чынам значна павялічыць колькасць шпітальных ложкаў. Пасля надбудовы, у пачатку 1939 г., у Лідскім яўрэйскім шпіталі пачаў працаваць аддзел гінекалогіі на 20 ложкаў.
...і пажарнай ахове
Раскажу трошкі пра гісторыю пажарнай аховы нашага горада.
Пасля пажару 1891 г. і праз год, у ліпені 1892 г., у горадзе была створана Лідская добраахвотная пажарная ахова. У пачатку ХХ ст. Лідская гарадская добраахвотная пажарная ахова мела 4 помпы і 6 пажарных бочак, пажары былі, верагодна, самай вялікай праблемай для горада.
Яшчэ ў 1832 г. за наём коней са збруяй для пажарных прыстасаванняў і аплату людзям горад плаціў 50 срэбных рублёў штогод. Каштарыс расходаў горада ў 1885 г. паказвае, што для мэт барацьбы з пажарамі горад выдаткоўваў 800 руб. у год. Меўся абоз з пажарнымі прыстасаваннямі. Гэты пажарны абоз месціўся каля мясных лавак на Рыначнай плошчы ў адмысловай адрыне, адрыну ахоўваў вартаўнік, якому плацілі 96 руб. у год. За рамонт пажарных інструментаў, вадзяной гарадской гаспадаркі і наём людзей і коней горад штогод плаціў 50 руб. Пасля вялікага пажару 1891 г. за адбудову згарэўшай пажарнай адрыны гарадскія ўлады заплацілі 500 руб. Гэткую ж суму некалькі гадоў горад выдаткоўваў «розным гаспадарам за адчужэнне ў іх зямлі падчас перапланіроўкі горада пасля пажару ў 1891 г. для пашырэння і правя-дзення зноў пракладзеных вуліц» – пры адбудове пасля вялікага пажару мянялася нават тапаграфія горада.
Для барацьбы з агнём – фурманкі і коні
Для ўзмацнення пажарнай аховы ў 1892 г. набылі двух коней са збруяй, гэтыя коні стаялі ў новай пажарнай адрыне. Пакупка коней матывавалася «забудовай горада пасля пажару 2-павярховымі дамамі і адсутнасцю коней для падвозу пажарных прыстасаванняў пры першай дапамозе. Гэта заўважана сп. начальнікам губерні падчас рэвізіі горада летам 1897 г.».

Конная пажарная помпа на вуліцы Віленскай, 1917 г.
Сход гарадскіх упаўнаважаных 24 сакавіка 1898 г. дамовіўся з утрымальнікам пошты Сольцам, што ў выпадку пажару ён даваў бы 4-х коней з фурманамі, за што атрымліваў 200 рублёў штогод. Выдаткоўваліся грошы і на рамонт пажарнага абсталявання.

Атрыманы статус
5 жніўня 1897 года міністр унутраных спраў Расіі зацвердзіў «Нармальны статут добраахвотнай пажарнай дружыны». І ўжо ў 1899 г. Памятная кніжка Віленскай губерні друкуе інфармацыю аб Лідскім добраахвотным пажарным таварыстве. Старшынёй таварыства і начальнікам пажарнай каманды стаў надворны дарадца Ігнат Сабаткоўскі (скончыў Кобрынскае духоўнае вучылішча), ягоным намеснікам – Аляксей Копцаў (скончыў Лідскае павятовае вучылішча), загадчыкам маёмасці – ветэрынарны ўрач Роберт Рэнерт (скончыў Юр'еўскі ўніверсітэт). Потым на працягу гадоў кіраўнікі таварыства і ягоная структура мяняліся, што лёгка прасачыць па Памятных кніжках Віленскай губерні розных гадоў. Таксама пачалі працаваць пажарныя таварыствы і ў мястэчках павета.
Згодна з пастановай гарадскіх упаўнаважаных ад 12 лютага 1901 г. горад прыняў на сябе абавязкі штогод выдаткоўваць гарадскому пажарнаму таварыству ў 1901 г. 300 руб. на рамонт прыстасаванняў, наём коней і страхоўку добраахвотнікаў ад няшчасных выпадкаў у адмыслова створаным для гэтага Усерасійскім таварыстве Блакітнага Крыжа. У 1904 г. для пажарнага таварыства на той жа Рыначнай плошчы будуюцца стайні і памяшканне для вознікаў.
Звычайна добраахвотную пажарную ахову ўзначальваў паліцэйскі спраўнік. З 1906 г. па пачатак 1915 г. лідскім спраўнікам быў Яўген фон Гротэ дэ Буко, ён узначальваў павятовую паліцыю і Лідскую пажарную ахову, г. зн. адказваў за пажарную бяспеку горада, які часта гарэў.
У такім стане Лідскае добраахвотнае пажарнае таварыства праіснавала да 1915 г.
Першы пажарны аўтамабіль і 20-метровая вежа
У 1916 г. нямецкія акупацыйныя ўлады пабудавалі сталае памяшканне – фахверкавы будынак для пажарнай аховы па адрасе: вуліца Віленская, 189, на заходнім баку вуліцы, недалёка ад перакрыжавання з сучаснай вуліцай 8-га Сакавіка (у той час Крупаўскай). Фахверк (Fachwerk) – тып канструкцыі будынка, заснаваны на запаўненні муроўкаю драўлянага каркаса. Звычайна каркас застаецца бачны, раздзяляючы фасад на панэлі рознай формы і надаючы будынку характэрны маляўнічы выгляд.

Лідскія пажарнікі каля свайго новага будынка, 1917 г.
У лютым 1929 г. павятовыя ўлады вырашылі пачаць закупкі спецыялізаваных аўтамабіляў для пажарнай аховы, і ўжо ў канцы верасня гарадскі магістрат купіў першы ў горадзе спецыялізаваны пажарны аўтамабіль.
У пачатку жніўня 1931 г. прэса пісала аб бухгалтары «Ардаля» (зараз – абутковая фабрыка) Хаіме Ківялевічы. Ён уратаваў жанчыну, якая танула ў рацэ Молчадзь каля Наваельні. Да гэтага выпадка Ківялевіч ужо два разы ратаваў людзей: у 1914 г. ён выцягнуў з вады дзіця, якое ўпала з моста ў раку, а ў 1920 г. у Лідзе вынес дзіця з полымя пажару. Ківялевіч быў членам Лідскай добраахвотнай пажарнай дружыны.

Будынак Лідскай добраахвотнай пажарнай службы ў 1920-30-х гг.
Для папярэджання лідзян аб пажарах і другіх надзвычайных сітуацыях у 1928 г. у цэнтры горада была ўсталявана адмысловая пажарная сірэна.
23 і 24 ліпеня 1932 г. горад святкаваў 40-гадовы юбілей заснавання добраахвотнай пажарнай аховы ў Лідзе. У межах 1-х ваяводскіх спаборніцтваў пажарных каманд, якія праходзілі ў гэты час у нашым горадзе, адбыліся паказальныя выступы добраахвотных пажарных, узнагароджанне лепшых пажарнікаў, паказ у кінатэатры «Эдысан» фільма «Рыцары агню» і г. д.
Жыхары горада знаходзілі для пажарных дружын горада і іншыя мэты акрамя тушэння пажараў. У чэрвені 1934 г. нехта з лідзян пісаў у віленскай газеце «Слова»: «Тое, што ў горадзе не паліваюцца вуліцы, ёсць вялікая бяда. Таму паўсюдна ў нас уздымаецца пыл, які замаруджвае паветра. У Лідзе ёсць ... пажарныя дружыны. Ці не можа магістрат загадаць, каб яны час ад часу прыязджалі з бочкамі вады і палівалі вуліцы?»
У кастрычніку 1937 г. каля будынка пажарнай аховы па вуліцы Віленскай, 189 закончылася будаўніцтва новай 20-метровай пажарнай вежы. Штат Лідскай пажарнай аховы складаўся з добраахвотнікаў, але некалькі чалавек займаліся справай прафесійна. Як і належыць, пажарныя мелі свой аркестр. На ўзбраенні пажарнай аховы былі некалькі конных павозак і пажарныя аўтамабілі.
У першай палове 1939 г. прэса інфармавала пра тое, што лідскія пажарныя ў замку Гедыміна вучылі насельніцтва тушыць запальныя бомбы.
Памяшканні пажарнай аховы і яўрэйскага шпіталя згарэлі ў 1941 г.

Паказальны выступ лідскіх добраахвотных пажарных у замку Гедыміна, другая палова 1930-х гг.






