Па старонках нашай гісторыі. 100 гадоў Лідскай гарадской электрастанцыі

15 Декабря 2016 2635

Пачатак пакладзены вінакурняй Крыгера

У 1916 годзе па распараджэнні нямецкіх акупацыйных уладаў да прыватнай электрастанцыі пастаяннага току магутнасцю 50 к. с., якая працавала ў вінакурні Крыгера, былі падключаны будынкі, дзе месцілася гарадская ўлада, і часткова дамы жылога сектара ў цэнтры горада. Тады ж пачалося будаўніцтва гарадской электрастанцыі сталага току, і ў тым жа годзе горад атрымаў энергетычны аб’ект з двума лакамабілямі, якія прыводзілі ў дзеянне дынама-машыны пастаяннага току. На станцыі былі ўсталяваны: два лакамабілі па 150 і 80 к. с. (фірмаў «Assman et Stocker» і «Lanc») і дзве дынама-машыны магутнасцю 71 і 52 кВт (фірмаў «Siemens-Schuckert» і «Lahmer et C°, Frankfurt»).

Чаму гораду пагражала «егіпецкая цемра»

Нягледзячы на тое што ў 1920-я гады ў горадзе працавалі дзве адносна вялікія электрастанцыі – чыгуначная і гарадская, – жыхары Ліды мелі праблемы з асвятленнем. Частка горада каля чыгуначнага вузла асвятлялася ад чыгуначнай электрастанцыі. Спажыўцы плацілі па 60 гр. за кілават-гадзіну. Увесь астатні горад забяспечваўся гарадской прыватнай электрастанцыяй, арандатарам якой быў нейкі Цыдзяровіч. Электрычнасць у гэтай, большай, частцы горада часта знікала, лямпы гарэлі няроўна і пры гэтым абаненты плацілі 1 зл. 16 гр. за кілават-гадзіну. «Не далей як учора, г. зн. 15 студзеня, цэнтр горада да 10-й гадзіны вечара быў пагружаны ў цемру, разам з жыхарамі святла не мелі паліцыя, турма і г. д.» – пісаў карэспандэнт «Слова» у артыкуле «Нашы балячкі» ў пачатку 1926 года. Праз паўгода газета «Слова» зноў звярнулася да гэтай тэмы: «Нягледзячы на тое што каштуе (электраэнергія. – Л. Л.) значна болей, чым у Вільні, электрычнасць часта псуецца, і гараджане сядзяць пры свечках ці газавых лямпах. Адзіная надзея, што здзейсняцца энергічныя захады бургамістра горада Рудольфа Бергмана, і гарадская электрастанцыя пяройдзе з рук нейкага Цыдзяровіча ў маёмасць горада».

У красавіку 1928 года «Навагрудскае жыццё» папярэдзіла аб тым, што Лідзе пагражае «егіпецкая цемра», бо «лакамабілі Лідскай электрастанцыі знаходзяцца ў такім стане, што прадстаўнік нагляду за катламі інж. Лябецкі забараніў іх далейшую эксплуатацыю. Але каб не пазбавіць лідзян электрычнасці на велікодныя святы, ён дазволіў электрастанцыі працаваць яшчэ нейкі час. Прычына хуткага псавання катлоў – неадпаведная вада, якую патрэбна было апрацоўваць адмысловымі хімікатамі».

01

Паштоўка 1917 г., злева ідзе электрычная лінія сталага току; якая мае два драты (“+” і “-“).

Гарадскія ўлады дабіліся свайго, у ліпені 1928 года прэса паведамляла, што «дзякуючы шматгадовым намаганням магістрата Лідская электрастанцыя, якая з’яўлялася дзяржаўнай маёмасцю, але была перададзена ў арэнду прыватнікам, 13 ліпеня за невялікія грошы стала гарадской маёмасцю». Аднак пераход электрастанцыі на баланс магістрата спрыяў не зніжэнню, а павышэнню цэн на электрычнасць. У пачатку кастрычніка 1929 года павышэнне цэн тлумачылася тым, што магістрат пачаў траціць вялікія грошы на будаўніцтва гарадскіх размеркавальных сетак і на будаўніцтва новага гмаху станцыі, яшчэ праз тры тыдні тарыфы на электрычнасць зноў павялічыліся.

Ліда апярэдзіла Гродна і Вільню

У ліпені 1928 года на пасяджэнні гарадской рады было вырашана ўзяць у пазыку для будаўніцтва новай электрастанцыі ў горадзе. У сакавіку 1929 года газета «Навагрудскае жыццё» паведаміла: «З пачатку мая 1929 г. пачнецца будаўніцтва новай электрастанцыі па вуліцы Сувальскай, недалёка да праваслаўных могілак. Кошт будоўлі склаў 800 000 зл. Станцыя павінна будзе атрымаць два рухавікі ў 260 і 150 к. с., у канцы зімы першы з рухавікоў ужо быў закуплены ў Варшаве». І насамрэч, у маі 1929 года пачалося будаўніцтва новай электрастанцыі коштам 800 тысяч злотых на старым месцы па вуліцы Сувальскай. У канцы жніўня прэса пісала: «Гмах гарадской электрастанцыі надбудоўваецца другім паверхам, работы будуць закончаны да канца восені». 28 жніўня на гэтай будоўлі павалілася рыштаванне і прыціснула аднаго з будаўнікоў – Пятра Цярпілоўскага, у бальніцы канстатавалі пералом рэбраў.

Разам з рэканструкцыяй электрастанцыі горад пераходзіў з пастаяннага на пераменны ток, таму трэба было будаваць новыя размеркавальныя электрычныя сеткі з трансфарматарнымі пунктамі. Таму былі пабудаваны тыпавыя трансфарматарныя пункты на гарадскім рынку, каля старых могілак, па вуліцах Сувальскай і Варшаўскай, размеркавальны пункт насупраць вайсковага шпіталя. Гэты размеркавальны пункт з абсталяваннем фірмы «Ганц» існаваў да канца 1960-х гадоў. А тыпавы трансфарматарны пункт (падстанцыя 6/0,4 кВ) па вуліцы Варшаўскай захаваўся да нашага часу. Гэты тэхнічны будынак створаны па тыпавым праекце таго часу – на фотаздымках 1930-х гадоў такія ж трансфарматарныя пункты, крытыя дахоўкай, бачны каля рыначнай плошчы, могілак і каля староства.

У красавіку 1930 года венгерскай фірмай «Ганц» была закончана рэканструкцыя. На фотаздымку машыннай залы Лідскай электрастанцыі таго часу добра бачна шыльда фірмы «Ганц». Прэса паведамляла: «Ліда мае электрычнасць. Нарэшце прыйшоў дзень, калі магістрат горада ў прысутнасці ваяводскіх улад афіцыйна адчыніў новапабудаваную гарадскую электрастанцыю. На ёй усталяваны два дызелі агульнай магутнасцю 410 к. с. Выкладзена кабельная размеркавальная сетка класа 6 кВ, якая аб’яднала шэсць трансфарматарных пунктаў. Гэта павінна забяспечыць нармальнае электразабеспячэнне і ўзровень напружання. Вонкавыя размеркавальныя сеткі 0,4 кВ таксама рацыянальна перабудаваны. Галоўная і бакавыя вуліцы, на якіх апошнім часам павялічыўся дарожны рух, атрымаюць добрае асвятленне. Замест былых 75 ліхтароў на вуліцах горада зараз усталявана 185, і магістрат плануе ўсталяваць яшчэ 35 ліхтароў дадаткова.

02

Фотаздымак 1930-х гг., на электрастанцыі, бачна абсталяванне фірмы “Ганц”.

Мантаж абсталявання, размеркавальных сетак і трансфарматарных пунктаў выкананы фірмай «Ганц», якая згадзілася зрабіць для нашага горада работу ў крэдыт на 4 гады, і, верагодна, гэты крэдыт будзе пралангіраваны яшчэ на паўгода». На пачатак 1931 года паведамлялася пра 6 714 м кабельных ліній 6 кВ у горадзе.

Трэба адзначыць, што будаўніцтвам электрастанцыі пераменнага току Ліда ў тэхналагічным сэнсе апярэдзіла суседнія гарады. Напрыклад, прэса паведамляла, што толькі ў 1932 годзе Гродна пачынаў пераход на пераменны ток, адным з першых праектаваўся трансфарматарны пункт па вуліцы Дамініканскай гэтага горада, а ў Вільні толькі ў жніўні 1933 года паведамлялася пра пераход з пастаяннага на пераменны ток па вуліцы Міцкевіча (ад 3-га Мая да моста).

Але ўжо ў 1936 годзе два дызельныя рухавікі гарадской электрастанцыі адпрацавалі свой рэсурс, патрабавалі амаль штодзённага рамонту і шмат вельмі дарагіх запасных частак. Энергія, якая выпрацоўвалася ёй, мела высокі сабекошт. Таму стала зразумела, што замест пастаяннага рамонту неабходна закупляць новае энергетычнае абсталяванне. Ужо ў красавіку 1937 года паведамлялася, што «гарадская электрастанцыя атрымае новы камплект абсталявання. Зараз гарадская электрастанцыя мае два дызель-рухавікі агульнай магутнасцю 220 кВт. З-за зносу гэтых машын і росту ўжывання электрычнасці гарадскія ўлады вырашылі купіць новы рухавік у 550 конскіх сіл. Новае абсталяванне будзе закуплена ... на грошы з доўгатэрміновай пазыкі ад Фонду працы». З пачаткам мадэрнізацыі насельніцтва папярэдзілі, што могуць быць перапынкі ў падачы электрычнасці, і таму неабходна мець у запасе рэзервовыя сродкі асвятлення. Прэса даводзіла, што пасля заканчэння работ гарадская электрастанцыя зможа забяспечыць электрычнасцю ўсе прадпрыемствы горада, а насельніцтва зможа карыстацца электраэнергіяй не толькі для асвятлення жылля, але нават для кухонных мэт. Павінен быў зменшыцца і сабекошт кілават-гадзіны.

Выбуху не чакалі

1 ліпеня 1938 года адбыўся пробны пуск новага энергетычнага абсталявання, які закончыўся выбухам. Праз некалькі дзён адпаведная камісія высветліла, што з-за дрэннай зваркі труб і зборніка газу ў паліўнай апаратуры сістэма была негерметычнай, таму ўтварылася выбуховая газавая сумесь. Шкоду ад выбуху ў некалькі сотняў злотых пакрыў вінаваты ў выбуху інжынер Трок з Вільні. Такім чынам, першы этап рэканструкцыі закончыўся напрыканцы лета 1938 года. Інфармацыі пра другі этап няма, найверагодней, што з-за пачатку вайны далейшыя работы пачаць не паспелі.

03

Адзіны, які захаваўся да нашага часу, трансфарматарны пункт фірмы “Ганц” па вуліцы Варшаўскай.

Дарэчы, пасля рэканструкцыі электрастанцыі кошт электрычнасці для спажыўцоў у горадзе панізіўся з 1 да 0,8 злотага за 1 кілават-гадзіну, аднак ён заставаўся вышэйшым, чым у суседніх гарадах. Трэба адзначыць, што ў параўнанні з нашым часам электрычнасць адносна заробкаў была надзвычай дарагой. Напрыклад, сярэднія сучасныя 100 і болей кілават-гадзін на кватэру за месяц абышліся б рабочаму з «Ардаля» (зараз – Лідская абутковая фабрыка) у яго добры па тым часе сярэдні заробак – 80-100 злотых. Таму людзі абыходзіліся запальваннем слабых электрычных лямпачак толькі ў вячэрні час, а пра выкарыстанне электранагравальнікаў не магло ісці гаворкі. Не дзіўна, што і пасля рэканструкцыі гарадскія ўлады эканомілі на асвятленні нават публічных месцаў: «У Лідзе пабудавана адмысловая аўтастанцыя, на якой спыняюцца агромністыя аўтобусы. Кожны дзень аўтастанцыя прымае 60 аўтобусаў. Аўтобусны рух пачынаецца зрання і заканчваецца толькі ў 20.30. Зараз дзень кароткі, аўтастанцыя не мае электрычнага асвятлення і таму разам з усім горадам пагружаецца ў цемру. Тыя электрычная ліхтары, якія ўсё ж свецяць у горадзе, маюць такія слабыя лямпы, што за 10 крокаў ад слупа ўжо цёмна. Таму абяцанне, што пасля рэканструкцыі электрастанцыі “Ліда будзе зіхацець”, не выканана».

04Праз прызму здарэнняў: у энергетыкаў была нервовая праца

З прэсы можна даведацца пра некаторыя здарэнні, якія датычылі супрацоўнікаў электрастанцыі.

У канцы жніўня 1929 года чыноўнік Лідскай электрастанцыі Фішар у дрэнным настроі вярнуўся апоўдні дадому і патрабаваў у жонкі, каб тая яго накарміла. Калі жонка трохі прамарудзіла, ён, пакрыўдзіўшыся, выпіў бензін з бутэлькі, якая стаяла каля стала. Урач канстатаваў апёкі горла і кішак. Нервовая была праца ў энергетыкаў у тыя часы... А ўзімку 1938 года знік без вестак гарадскі кантралёр электрастанцыі Лейба Леў. Па словах крэўных, кантралёр стаў ахвярай кахання без узаемнасці.

Не абыходзілася і без кур’ёзаў. У канцы 1937 года суд прыгаварыў чыноўніка адміністрацыі горада, назіральніка за гарадскімі работамі Палтарацкага да штрафу ў памеры 15 злотых за тое, што падчас начной змены на гарадской электрастанцыі ён збіў работніка Уладзіслава Вільбіка: «Гэта вынікі ўхвалы гарадской радай выдачы работнікам гарэлкі падчас працы».

6 мая 1932 года па Лідчыне прайшла моцная вясенняя бура, якая паваліла тэлефонныя слупы і парвала правады на чыгуначным шляху Ліда – Маладзечна (адразу за мостам праз Лідзею). Маланка патрапіла ў гарадскую электрастанцыю, яе кіраўнік і дзяжурны манцёр часова страцілі прытомнасць, таму да 19.30 горад апынуўся ў цемры. З-за моцнага дажджу на 1 метр паднялася рака Лідзея і месцамі выйшла з берагоў.

Тады ж, падчас работы на дзядзінцы плябаніі ксяндза Баярунца, рабочыя абарвалі электрычны провад. Адзін з рабочых, Юзаф Місюра, вырашыў провад адкінуць і ўзяўся за яго рукой. «Пацярпелы ў цяжкім стане трапіў у бальніцу».

Энергетыкам заўжды трэба было быць гатовымі выканаць неабходныя аварыйныя работы: «13 ліпеня (1937 года. – Л. Л.) каля староства, на вуліцы Сувальскай, армейскі аўтамабіль збіў слуп электрычнай размеркавальнай сеткі».

У любой энергасістэме важным полем дзейнасці з’яўляецца ўлік адпушчанай спажыўцу электраэнергіі. У красавіку 1938 года гарадская ўправа афіцыйна перадала паліцыі справу на Станіслава Чаплю (Легіяновая, 20), які самавольна падключыўся да электрычнай сеткі і краў энергію. Такім жа незаконным чынам карысталіся электрычнасцю ўладальнікі спартыўнай залы яўрэйскага спартыўнага таварыства «Макабі» (Сувальская, 74). Але як паліцыя пакарала парушальнікаў, невядома.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться