Па старонках нашай гісторыі. Дом па вуліцы Савецкай, 26 і вакол яго
На фотаздымку, зробленым пасля 1945 г. каля яшчэ разбітага дома па вуліцы Савецкай, 16, бачна, што на поўнач па вуліцы Савецкай захаваліся толькі храм і два дамы – Савецкая, 23, 26.
На поўнач за саборам, па адрасе: Віленская (потым – Сувальская, зараз – Савецкая), 70, – знаходзілася вядомая друкарня Зяльдовіча. Шымон Зяльдовіч меў друкарню, майстэрню штэмпеляў і пераплётаў. У 1930-я гг. тут друкаваліся лідскія газеты «Лідскія ведамасці», «Лідская зямля», літаратурны альманах «Вясковы лірнік», кнігі «Кароткі турыстычны праваднік па Лідскім і Шчучынскім паветах» А. Гржымалы-Прыбыткі, «Прыпавесці» лідскага паэта І. Альбірта і часопісы на мове ідыш.
Прэса паведамляла 24 чэрвеня 1932 г. пра смерць чалавека, які пакінуў свой след у гісторыі нашага горада: «Сёння ў 13-й гадзіне Зяльдовіч, уласнік адной з друкарняў Ліды, пасля таго як выйшаў са свайго дома, памёр ад сардэчнага прыступу. Нябожчык карыстаўся вялікай павагай грамадства». Сын заснавальніка друкарні Шалом Зяльдовіч у 1939 г. жыў па адрасе: Сувальская, 76 – і меў тэлефон №57.
Сын мільёншчыка
За друкарняй знаходзіліся бровар, млын і лесапілка Я. Папірмейстара, прадпрыемства заснавана ў 1874 г. Бровар Папірмейстара ў 1944 г. быў перабудаваны ў камбінат харчовых канцэнтратаў, і галоўны будынак былога бровара стаіць на тэрыторыі камбіната і зараз. Нядаўна насупраць галоўнага будынка бровара Папірмейстара каля вуліцы Савецкай паставілі помнік – піўнога мядзведзя.
Іосіф Далінскі пісаў пра Папірмейстараў: «У горадзе быў мільёншчык. Ён багацеў ад сваіх заводаў – піваварнага і лесапільнага. У яго, гэтага мільёншчыка, быў адзіны сын, які і павінен быў усё атрымаць у спадчыну. Яго выхоўвала гувернантка, ён ведаў добра французскую мову, іграў на раялі, апранаўся багата. Але час ад часу гэты сынок мільёншчыка таемна ўцякаў з дому да грузчыкаў, дапамагаў ім разгружаць вагоны з мяшкамі мукі і солі. Яго доўга шукалі, знаходзілі, адводзілі дадому, але ненадоўга. Сынок зноў уцякаў да грузчыкаў і жыў у іх таемна месяцамі.
Здымак зроблены каля дома па вул. Савецкай, 16.
Я бачыў яго, гэтага малога гадаванца. Я бачыў, як ён еў каўбасу з белай булкай, дакладна як нейкі герой. Як мне ўсё гэта падабалася: я таксама марыў уцячы з дому да грузчыкаў, каб атрымаць асалоду ад вольнага жыцця ва ўсю моц. Але мары мае заставаліся марамі, і не больш.
Аднойчы раніцай, калі ішоў у школу, я пабачыў сына мільёншчыка ў рамантычнай вопратцы грузчыка, абсыпанага мукой. На твары юнака гарэлі цёмна-карыя вочы, якія асвятлялі ўсю таямнічую постаць гэтага «парушальніка спакою». Я чамусьці спалохаўся, апынуўшыся сам-насам з ім. Усё ж спыніў яго, просячы ўзяць з сабой. Але той наадрэз адмовіўся. «Навошта табе гэта? – сказаў ён. – Не варта, пашкадуй сваіх бацькоў, яны ў цябе хоць і небагатыя, але затое добрыя-добрыя і сумленныя. Не засмучай іх, не трэба». «А як жа ты?» – спытаў я ў сваю чаргу. «У мяне іншае: бацька – мільёншчык-крывасмок, маці – злая-злая, я іх ненавіджу і таму бягу з дому. А табе навошта?»
Я пагадзіўся. І юнак пайшоў, не ўзяўшы мяне з сабой. Размоў пра гэтага юнака было шмат. Але аднойчы апавяданні спыніліся: сын мільёншчыка знік, ён бег ад бацькоў у Амерыку. Скандал у нашай маленькай Лідзе. Сталі шукаць. Але мы больш пра юнака нічога не чулі. Бацькі казалі мне: «Вось бачыш, што бывае з дзецьмі, якія не слухаюць бацькоў».
Былы галоўны будынак бровара Папірмейстара.
Па начах гэты юнак мне сніўся: быццам таемна ад бацькоў я ўцёк з ім. Мы блукалі дзесьці далёка ў лесе. Было шмат ягад, якімі мы сілкаваліся. Так у Лідзе, простай і мілай, нараджаліся фантастычныя гісторыі. Вельмі ўжо ў дзяцінстве хацелася рамантыкі.
Праз некаторы час мы даведаліся, што юнак, сын мільёншчыка, збег з нейкай дзяўчынай у Амерыку і там яны зажылі новым жыццём. Я марыў, што калі-небудзь я сустрэну куміра майго дзяцінства. Але, на жаль...».
А гісторыя дома працягвалася...
Дом па вуліцы Віленскай, 74 захаваўся да нашага часу, зараз гэта двухпавярховы цагляны дом па адрасе: Савецкая, 26. Дом мае пакаты дах, сіметрыя галоўнага фасада падкрэслена двума рызалітамі (часткамі будынка, якія выступаюць за асноўны фасад). Лучковыя і прамавугольныя аконныя праёмы дэкараваны замкавым каменем. Завяршальны карніз вырашаны ў выглядзе рытмічнага шэрагу дэнтыкул (шэраг выступаў, якія размешчаны на карнізе будынка), выкладзеных з цэглы.
Дом, пабудаваны ў пачатку XX ст., мае цікавую гісторыю. Да Першай сусветнай вайны ў гэтым будынку і на ўчастку, які прымыкаў да яго, знаходзілася тытунёва-махорачная фабрыка Зэліка Віленчыка-Капштэйна, якая вырабляла махорку, нюхальны і курыльны тытунь. Фабрыка мела рухавік унутранага згарання (25 к/с), і на ёй працавала больш за 100 чалавек.
Віленчык пацярпеў падчас першай рускай рэвалюцыі: у лістападзе 1906 г. некалькі маладых людзей, прыкрываючы твары, увайшлі да яго ў дом і, пагражаючы рэвальверамі, забралі 100 рублёў – надта вялікія на той час грошы.
У 1925 г. па ініцыятыве інжынера Станкевіча ў Лідзе была арганізавана дзяржаўная рамесна-прамысловая школа. Гэтая школа ад пачатку месцілася ў наёмным будынку былой тытунёвай фабрыкі Віленчыка па вуліцы Сувальскай, 74. Будынак меў 2 вучэбныя класы, 3 класы з варштатамі, памяшканне для настаўнікаў, канцылярыю, пакой-склад для гатовых вырабаў, пакой-склад для сыравіны і пакой, у якім знаходзіўся рухавік. У рамесна-прамысловай школе мелі магчымасць вучыцца 80 вучняў, але ў 1927 г. школа мела 53 навучэнцы. Ад пачатку выкладаўся толькі разлічаны на 3 гады курс навучання сталяроў. Прымаліся хлопцы, якія мелі пасведчанні аб 4-гадовай, пачатковай, адукацыі.
Школа не мела інтэрната, і таму ў ёй маглі вучыцца толькі жыхары Ліды ці прыгарадаў. Заняткі пачыналіся ў 8 гадзін раніцы і працягваліся да 18.00 з вялікім перапынкам у 1,5 гадзіны на абед. Аплата за навучанне складала 90 злотых штогод. Акрамя агульнаадукацыйных прадметаў, вучні вывучалі тэхналогію матэрыялаў, эканоміку, чарчэнне, курсы будаўнічага і мэблевага сталярства і атрымлівалі стандартную адукацыю як у 7-гадовай дзяржаўнай школе. Агульныя навукі выкладалі дырэктар школы, настаўнік і ксёндз-піяр. Прафесійныя навукі і курсы практычных заняткаў у класах варштатаў вялі тры настаўнікі.
Дом па вул. Савецкай, 26 (Віленская, 74), здымак да 2010 г.
Школа мела рухавік унутранага згарання з адмысловай трансмісіяй, які застаўся ад тытунёвай фабрыкі. Планавалася выкарыстоўваць гэты рухавік для мэтаў вытворчасці. Штогод для закупу сыравіны школа атрымлівала дзяржаўны крэдыт, за які потым на працягу навучальнага года расплачвалася, прадаючы свае вырабы.
Аднак нават пасля і рамонту, і неабходных пераробак фабрычны будынак не адпавядаў патрабаванням школы. Таму на пасяджэнні гарадской рады 5 ліпеня 1928 г. было вырашана перадаць пад рамесна-прамысловую школу дом, які будаваўся для адзінокіх старых па вуліцы Сувальскай (каля праваслаўных могілак, недалёка ад чыгуначнага пераезда), і хутка школа пераехала ў новы будынак.
Не вытрымаў канкурэнцыі
У канцы 1932 г. віленскія газеты паведамілі: «Уладальнік кінатэатра «Нірвана», які, як вядома, згарэў 13 ліпеня, сп. Яблонскі хутка адчыніць новае кіно па вуліцы Сувальскай, у доме Віленчыка (у былых варштатах дзяржаўнай рамеснай школы). Кінатэатр будзе мець гукавую апаратуру, тэатральную сцэну і іншае сучаснае абсталяванне». Так у гэтым доме з’явіўся трэці лідскі кінатэатр – «Маленькае». Я ўжо пісаў у ранейшай главе, што будучая прафесар і доктар, а ў 1930-х гг. лідская гімназістка Ірэна Стасевіч успамінала, як разам са сваім сябрам Уладзіславам Нарушэвічам яны часта рабілі вандроўку па лідскіх кінатэатрах, вандроўка заканчвалася ў «камерным кінатэатры, які зваўся «Маленькае», дадам, што прыходзілася глядзець і «нямыя» фільмы пад акампанемент фартэпіяна». Але гэты кінатэатр не вытрымаў канкурэнцыі і ўжо ў пачатку 1937 г. быў зачынены, да таго ж скарбовая ўправа налажыла секвестр на яго мэблю.
І спартыўны клуб, і фабрыка цукерак...
У маі 1935 г. сюды, у дом па вуліцы Сувальскай, 74, перасялілася ўправа знакамітага ў той час лідскага яўрэйскага спартыўнага клуба «Макабі». Пасля закрыцця кінатэатра сюды ж перамясцілася спартыўная зала гэтага таварыства. У красавіку 1938 г. тагачасны «энергазбыт» выкрыў самавольнае падключэнне да электрычнай сеткі спартыўнага таварыства «Макабі» і перадаў справу ў суд.
У ліпені 1937 г. у Лідзе пачала працаваць фабрыка цукерак і шакаладу «Рэкорд»: «Яна месціцца па адрасе: Сувальская, 74, – дзе раней быў кінатэатр «Маленькі». Фабрыка перанесена з Беняконяў», – паведамлялі газеты. У гэтым жа доме пасяліўся і ўладальнік фабрыкі Казімір Інгялевіч (тэлефон №206).
У 1934 г. у гэтым зусім невялікім гмаху мелі кватэры: натарыус Баляслаў Чыжэўскі (тэл №126), натарыус Дваракоўскі (тэл. №77). У 1939 г., акрамя Інгялевіча: іпатэчны пісар Станіслаў Майер (тэл. №2), той жа натарыус Дваракоўскі і натарыус Вінцэнт Папкоўскі (тэл. №131).
У доме жылі нябедныя людзі, і таму здараліся кватэрныя крадзяжы. Напрыклад, у 1937 г. жыхар кватэры №7 (Сувальская, 74), лідскі землямер Генрык Пашкоўскі заявіў у паліцыю аб крадзяжы з ягонай кватэры 100 злотых.
Дом перажыў вынішчальны пажар 1941 г., і з 1944 г. у ім жывуць людзі. Вось такую гісторыю мае звычайны лідскі дом.
Нядаўна ў Інтэрнэце знайшоў дзіўныя планы зусім недарэчнай перабудовы гэтага памятнага для нашага горада дома. Нагадаю, што гэты будынак уваходзіць у «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць» (Мінск, 1986 г., стар. 231) і не павінен падвяргацца ніякім перабудовам.
Дом па вул. Савецкай, 26, 2015 г.