Па старонках нашай гісторыі. Купецкая гімназія. Якой яна была?
З 1927 года ў пабудове, што некалі размяшчалася на поўдзень ад сённяшняга Свята-Міхайлаўскага сабора (зараз будынак не існуе), працавала прыватная школа піяраў. У 1930 г. тут была заснавана 4-класная мужчынская гандлёвая школа, якая ў 1936 г. пераўтворана ў 4-класную гандлёвую гімназію.
У гандлёвай (купецкай) гімназіі разам з агульнай сярэдняй адукацыяй давалася і адмысловая эканамічная адукацыя, вывучаліся рахункаводства, таваразнаўства, арганізацыя гандлю. Вучняў вучылі хуткаму падліку, даваліся практычныя веды ў галіне рэкламы, якую пачыналі вывучаць ужо ў першым класе гімназіі. Дзеля практычных ведаў у гэтай галіне дырэкцыя гімназіі знаходзілася ў пастаянным кантакце з Лідскім саюзам купцоў. Старшыня гэтага саюза Баркоўскі прызначыў пэўную суму за лепшую вучнёўскую рэкламу для лідскіх фірм, і шмат вучняў узялі ўдзел у гэтым конкурсе.
З ініцыятывы дырэктара купецкай гімназіі піяраў Генрыка Жалігоўскага ў гімназіі ўтварыўся гурток аўтааматараў. У гурток запісалася каля 50 вучняў і некалькі настаўнікаў. У гуртку вывучалася канструкцыя аўтамабіля і атрымліваліся практычныя навыкі кіравання. Настаўніца купецкай гімназіі Яўгенія Багуцкая першай сярод вучняў і настаўнікаў здала экзамены і атрымала правы на ваджэнне аўтамабіля.
Вучнёўскі фонд для краязнаўчых вандровак
У 1937 г. купецкую гімназію скончылі 49 чалавек. 16 чэрвеня ў гімназіі адбылося выпускное свята, пасведчанні аб яе заканчэнні вучням уручыў дырэктар Жалігоўскі, пасля чаго адбылося ўрачыстае шэсце вучняў па горадзе. На гэтым свяце адзін з настаўнікаў гімназіі прапанаваў стварыць вучнёўскі фонд, куды павінны былі збірацца грошы для краязнаўчых вандровак. Хутка ў першую ж вандроўку паехала 45 вучняў. Яны пабывалі ў Варшаве, Кракаве, Катавіцах, Закапане, Гдыні, Львове і іншых месцах. Падчас 1937-38 навучальнага года дзве экскурсіі з Ліды пабывалі ў Вільні. Вучні наведалі выставу радыётэхнікі, краму Яблыкоўскіх, Дамініканскія муры, універсітэт імя Стэфана Баторыя, касцёлы Св. Ганны, Св. Пятра і Паўла і Замкавую гару.
У лістападзе 1937 г. пры дапамозе павятовага краязнаўчага таварыства ўтварыўся Юбілейны камітэт ушанавання памяці Людвіка Нарбута ў Лідзе. Камітэт вырашыў заснаваць адну стыпендыю імя Людвіка Нарбута для вучняў купецкай гімназіі, «бо ён пачынаў вучыцца ў Лідскай піярскай павятовай школе».

Вучні гандлёвай школы падчас экскурсіі, 1935 г.
Выпадак на катку
Пасля Новага года, 5 студзеня 1938 г., Таварыства вучнёўскай моладзі ў Лідзе, у зале Дзяржаўнай гімназіі, правяло навагодні баль. Тады ж спартыўны гурток вучняў купецкай гімназіі на ставе, які быў выкапаны на зямельным надзеле піяраў, адкрыў каток, які прымаў аматараў канькоў з 9.00 да 20.00. Тут нават усталявалі радыёрупар і зрабілі электрычнае асвятленне. У канцы лютага 1938 г. на гэтым катку адбыўся выпадак, пра які шмат пісалі розныя газеты: «Два сямігадовыя хлопчыкі каталіся на катку гімназіі піяраў. Адзін з іх, Жаброўскі, упаў у палонку і пачаў тануць, другі сямігадовы хлопчык – Пятнуць – з рызыкай для ўласнага жыцця выцягнуў тапельца з вады».
У лютым 1938 г. кіраўніцтва купецкай гімназіі правяло сустрэчу з кіраўнікамі прадпрыемстваў горада з мэтай наладжвання супрацоўніцтва вучняў выпускных класаў гімназіі з гэтымі прадпрыемствамі. 20 і 21 мая 1938 г. у купецкай гімназіі адбыўся сход кіраўнікоў адукацыі Віленскай акругі, тут гасцявалі дырэктары і настаўнікі школ.
Паведамлялася, што ў першыя дні чэрвеня вучні 4-га класа купецкай гімназіі ў Лідзе на два тыдні паедуць у Гдыню, дзе «моладзь бу-дзе праходзіць практыку ва ўправе Цэнтральнай прамысловай акругі Гдыні».
А 23 мая 1938 г. адбыліся выпускныя экзамены апошняга класа гімназіі. «Скончылі гімназію каля 20 вучняў і вучаніц: Бедраўскі, Гербядзёўская, Ілютовіч, Іваноўскі, Яхніс, Камянецкая, Клышэйка, Малахоўская, Міцкінеўскі, Нарушэвіч, Прасмыцкі, Савонь, Шварцбрам, Урбановіч, Воранава, Урублеўская, Прус, Манякоўская, Здановіч».
Вучнёўскі лагер каля вёскі Сялец
17 ліпеня 1938 г. каля станцыі Нёман адбылося ўрачыстае адкрыццё вучнёўскага лагера. Газеты пісалі, што «сярод іншага ў праграме лагера – апека над дзецьмі ваколічных вёсак. Карыстаючыся знаходжаннем на пляжы вялікай колькасці лідзян, кіраўніцтва лагера зладзіла дансінг у мясцовым казіно». Дарэчы, станцыя Нёман (вёска Сялец пад Лідай) была галоўным месцам летняга адпачынку лідзян у той час. Пакуль вучні адпачывалі, «у купецкай гімназіі знаходзіўся інспектар міністэрства, аўтар вялікай колькасці кніг і рэфарматар агульнаадукацыйнай школы Антоні Талонь. Ён рабіў інспекцыю купецкай гімназіі».
Адкрыццё бібліятэкі
Увосень 1938 года Таварыства выпускнікоў гандлёвай школы піяраў у Лідзе прыступіла да арганізацыі адмысловай бібліятэкі: «Жыццё паказала неабходнасць спецыяльнай бібліятэкі для развіцця гандлю і прамысловасці ў горадзе. Управа таварыства звярнулася ў розныя выдавецтвы па патрэбныя кнігі». Праз некалькі месяцаў у купецкай гімназіі па адрасе: Сувальская, 68 – гэтая гандлёвая бібліятэка пачала працаваць.
Летам 1939 г. прыватная купецкая гімназія ў Лідзе атрымала юрыдычныя паўнамоцтвы дзяржаўнай гімназіі, і таму «... гімназія пашырае набор вучняў, бо ў мінулым годзе гімназія не магла ўзяць усіх ахвотных. Будуць пабудаваныя крамы, дзе вучні будуць атрымліваць практычныя веды».
Будынкі гандлёвай гімназіі і агульнаадукацыйнай школы не захаваліся, але і зараз стаіць спартыўная зала гандлёвай гімназіі. У канцы 1937 г. віленская прэса пісала: «Хутка будзе скончана будаўніцтва вялікай гімнастычнай залы пры купецкай гімназіі. Гэта будзе адна з самых вялікіх залаў у горадзе. Адсутнасць залаў для арганізацыі культурных і спартыўных мерапрыемстваў – вялікая праблема горада». Ужо 6 снежня ў Лідзе адбылося ганаровае асвячэнне новай гімнастычнай залы. Прэса паведамляла: «Адбылося адкрыццё самай вялікай у горадзе (калі не лічыць кінатэатра «Эра«) гімнастычнай залы пры купецкай гімназіі. Зала мае памеры 22х10,5 м. У ёй зроблена сцэна для правядзення культурных мерапрыемстваў. Тут адразу адбылася традыцыйная школьная ўрачыстасць, на якой выступілі кіраўнікі гімназіі і калегіума».
У 1970-х гадах у гэтай зале месцілася падлеткавая спартыўная школа. Выгляд будынка моцна зменены рамонтамі.
Былая спартыўная зала гімназіі ў наш час.





