Загадка вёскі Жырмуны. Чаму населены пункт, які размешчаны ў 15 кіламетрах ад Ліды, блытаюць з іншай вёскай і не адразу знаходзіць «хуткая»

15 Июня 2016 4235

Размова пойдзе пра вёску Жырмуны. Дарэчы, два месяцы таму я ледзь не спазнілася на сустрэчу з жыхарамі гэтай вёскі. Прычына? Вадзіцель рэдакцыйнай машыны, пачуўшы, што едзем у Жырмуны, туды і накіраваўся. І вельмі хутка мы пад’ехалі да Жырмун… Воранаўскага раёна. Давялося вяртацца. А пры размове з мясцовымі жыхарамі, якія, дарэчы, сабраліся на сустрэчу вельмі арганізавана, першае, што пачулі са старшынёй Крупаўскага сельскага Савета Русланам Мельнікам, – дык гэта была просьба устанавіць дарожны ўказальнік “Жырмуны”, каб абазначыць з’езд у вёску.

Вяскоўцы матывавалі гэта тым, што нават “хуткая”, вадзіцелі якой па веданні мясцовасці дадуць фору і таксістам, блытаецца і не адразу знаходзіць патрэбны дом. Часцей за ўсё, сказаўшы дыспетчару назву “Жырмуны”, “хуткую” трэба сустракаць. Для мяне гэта праблема была ў навіну, але не для кіраўніка мясцовага органа ўлады Руслана Мельніка, які і патлумачыў пытанне.

– Справа у тым, што на Лідчыне больш вядома вёска Вялікае Сяло, і многія лічаць, што Жырмуны – гэта і ёсць Вялікае Сяло. А ў сапраўднасці Вялікае Сяло, калі ехаць з Ліды па аўтамабільнай дарозе М11, размяшчаецца з правага боку ад дарогі, тут налічваецца чатыры гаспадаркі, а пражывае шэсць чалавек. Жырмуны (па трасе з левага боку) – значна большы населены пункт, недалёка ад дарогі тут размяшчаўся магазін (цяпер прыязджае аўталаўка), непадалёку ферма, дзе працуюць вяскоўцы, але ўказальніка населенага пункта няма, і па даўняй звычцы вёску называюць Вялікае Сяло. Вось і ўся гісторыя.

IMG 0637-1

А чаму нельга паставіць указальнік, каб пазбавіцца ад блытаніны? Здавалася б, што прасцей? Але ёсць тут свае нюансы, якія нельга не ўлічваць. Дарога мае міжнароднае значэнне, і патрэбны дазвол вышэйстаячых арганізацый. Ды нават калі вырашыць гэта пытанне, паўстане іншае. Вялікая верагоднасць таго, што ўзнікне значна большая блытаніна, чым яна ёсць сёння з-за блізкасці (усяго ў двух кіламетрах) воранаўскіх Жырмунаў, якія добра вядомыя жыхарам як Лідскага раёна, так і суседняга (некалі мелі статус мястэчка і нават карысталіся прывілеямі Магдэбургскага права).

Мяркуючы па ўсяму, лідчанам патрэбна ведаць: ёсць у нас свае, няхай і не такія вялікія, Жырмуны. А гісторыя іх пачыналася ў пачатку пятнаццатага стагоддзя. Тут яшчэ захаваліся разбураныя чырвоныя цагляныя флігелі і ўязныя вароты былога маёнтка Радзівілаў-Тышкевічаў-Шванебахаў-Ельскіх, які называўся Жырмунскі двор. Назва гэта захавалася і па сённяшні дзень, і тую частку вёскі, якая знаходзіцца крыху воддаль, адразу за рэшткамі былога цудоўнага маёнтка, так і называюць – Жырмунскі двор. Дарэчы, дарожная тэма для мясцовых жыхароў мае яшчэ адзін нюанс: вельмі хацелі б вяскоўцы, каб быў аўтобусны прыпынак, дзе ў чаканні рэйсавага транспарту можна было б схавацца ад непагадзі. Наколькі гэта магчыма?

Як патлумачыў старшыня Крупаўскага сельскага Савета Руслан Мельнік, для таго каб выканаць просьбу мясцовых жыхароў, накіравана хадайніцтва ў РУП “Гроднааўтадор” аб уключэнні ў план работ на 2017 год узвядзення аўтапавільёна. Так што ў наступным годзе ён тут павінен з’явіцца, і, дарэчы, пытанне з абазначэннем лідскіх Жырмунаў таксама будзе вырашацца. Якім будзе рашэнне, даведаемся пазней.

IMG 0308-1

Што яшчэ сёння непакоіць жыхароў Жырмунаў? Увогуле, жыццём яны задаволены. Зачынены магазін, але ёсць аўталаўка, якая прывозіць свежыя тавары і, што радуе мясцовых жыхароў, прыпыняецца ў зручных для іх месцах. Да ўсяго, калі патрэбнага тавару, скажам, камбікорму, на момант прыезду няма, то можна заказаць, і праз колькі дзён тавар будзе дастаўлены. Трэба адзначыць, што работа аўталавак – затратная справа, бо не мінаюць яны самыя аддаленыя вёскі, хутары. А набываюць людзі, зразумела, у большасці сваёй недарагія прадукты, тавары штодзённага попыту. Дарэчы, гандлёвыя сеткі, якія хацелі б свой тавар прадаваць у аграгарадках, адмаўляюцца ўключыць у маршрут неперспектыўныя вёскі. Ды гэта так, дарэчы, тым больш што Жырмуны да неперспектыўных вёсак не аднясеш. Блізкасць да горада – немалаважны фактар, які не дазваляе знізіцца колькасці насельніцтва. Закінутых дамоў тут няма. Калі з’яўляецца дом на продаж, новы ўладальнік знаходзіцца хутка.

IMG 0640-1

Ядзвіга Іосіфаўна Рагойша жыве ў Жырмунах з 1957 года. Згадваючы мінулае, жанчына кажа:

– Цяжка было, і голад, і холад, і нястачу давялося перажыць. Я дзецям кажу: не грашыце, цяпер у кожнай хаце і хлеб, і да хлеба, і машына ў двары. А мы мелі дзве сукенкі на змену і жылі. Цяпер галоўнае – каб здароўе было, а праблемы, калі і ёсць, вырашацца.І ўсё ж я б пакрывіла душой, калі б сказала, што праблем тут наогул не існуе. Вяскоўцы просяць то асвятленне ў жырмунскім двары ўключыць, то скасіць траву на бліжэйшых тэрыторыях, клапоцяцца, каб своечасова запасціся на зіму брыкетам, дровамі, але гэта больш бягучыя пытанні. Сёння яны ёсць, а заўтра вырашыліся. Напрыклад, адно з балючых пытанняў для вяскоўцаў, дамы якіх не газіфікаваныя, – дастаўка брыкету. Нарады на яго атрыманне сельскімі Саветамі выдаюцца без затрымак, ды і Лідскі гарпалівазбыт задавальняе патрэбы жыхароў прыватнага сектара ў брыкеце, дровах у поўным аб’ёме, але дастаўка іх спецтранспартам па кошце выходзіць ці не даражэй за само паліва. Які выхад? “Мо, мы лепш самі дамаўляліся б з саўгасам, плацілі яму за транспарт, ды танней нам было б?” – пыталіся людзі.

– З такім пытаннем да мяне людзі не звярталіся, – гаворыць Уладзіслаў Ірчыц, дырэктар РСУП “Саўгас “Лідскі”. – Звернуцца – бу-дзем думаць, як дапамагчы, бо гэта ж нашыя людзі.

– Брыгадзір нашага саўгаса Віктар Кеса таксама дапамагае, калі звяртаемся да яго з якой просьбай, – гаварылі людзі. – Дзякуй яму за гэта. А яшчэ вельмі добрая ў нас паштальён. Увогуле, добрых людзей у нас шмат.

IMG 0654-1

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться