«Падарожжы дылетанта» зноў пройдуць на Лідчыне. Вядучы папулярнай праграмы СТБ наведаўся ў Бярозаўку
«Гэта мой горад!» – пад такой назвай у сярэдняй школе №2 горада Бярозаўкі адбылася гісторыка-краязнаўчая канферэнцыя, на якой сабраліся прыхільнікі краязнаўства (удзельнікі ад устаноў адукацыі г. Бярозаўкі) і вядомыя даследчыкі мінулага. Шчыра кажучы, перад пачаткам мерапрыемства падумалася: колькі яшчэ неразгаданага і нязведанага захоўваецца ў межах нашых беларускіх зямель і колькі патрабуецца цяпер сіл, каб раскрыць гэтыя таямніцы для нашчадкаў, тым больш што колькасць носьбітаў інфармацыі з кожным годам змяншаецца. А што змогуць паведаміць беразаўчане – жыхары невялікага па памеры горада?
І тут, на вялікую радасць, удзельнікамі – навучэнцамі гімназіі №1 г. Бярозаўкі, а таксама сярэдніх школ №2 і №3 – былі зачытаны цікавыя і змястоўныя даклады. Дзмітрый Сідар выступіў з тэмай “Шляхамі вайны” (кіраўнік – Т. Казлова), Ганна Мажэйка зрабіла даследаванне па тэме “Малочная прамысловасць на прылаўках крам горада Бярозаўкі” (кіраўнік – Н. Мажэйка), Дзмітрый Несцер распавёў пра “Дыялектны слоўнік жыхароў горада Бярозаўкі” (кіраўнік – С. Несцер). Тэмай свайго выступлення “Зараджэнне і росквіт горада над Нёманам” падзялілася Марыя Кротава, пра радавод сям’і Столе распавяла Кацярына Савельева, а Анастасія Рабкоўская зацікавіла прысутных тэмай “Гісторыя касцёла Заслання Святога Духа” (кіраўніком па падрыхтоўцы трох дакладаў з’яўляецца Т. Матусевіч).
Ажывіць канферэнцыю дапамаглі вядомыя даследчыкі-краязнаўцы Лідчыны: Станіслаў Суднік, Мечыслаў Супрон, Сяргей Дычок, Андрэй Буяк, з даследчымі працамі якіх ужо знаёмы чытачы “Лідскай газеты”, “Лідскага летапісца” і іншых выданняў. Загадчыца ЛРЦТіКНМ (Лідскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі) Ірына Іванаўна Федаровіч падзякавала ўсім дакладчыкам за змястоўныя выступленні, а за лепшыя распрацоўкі маладыя краязнаўцы яшчэ атрымаюць у хуткім часе пэўныя ўзнагароды ад аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама.
Сюрпрызам для беразаўчан стаў візіт вядомага аўтара і вядучага папулярнай перадачы “Падарожжа дылетанта” на канале СТБ Юрыя Жыгамонта, які пажадаў маладым краязнаўцам цікавых пошукаў у даследаванні сваіх мясцін, сваіх каранёў. І як прызнаўся госць, чарговыя вандроўкі па мясцінах Беларусі можна будзе хутка паглядзець на сайце jigаmont.by, не стануць выключэннем і відэаматэрыялы пра Лідчыну, якую ён неаднаразова наведваў і наведае яшчэ не раз дзеля таго, каб раскрыць для Беларусі новыя старонкі прынёманскага краю.
***
Краязнаўчыя даклады маладых даследчыкаў таксама былі зачытаны ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі, дзе адбылася краязнаўчая экспедыцыя “Страчаная спадчына”, якая прайшла ў рамках раённага вочнага этапу ІХ абласнога краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”, прысвечанага 888-годдзю горада Гродна. Арганізатарам і на гэты раз стаў ЛРЦТіКНМ. Складана было вызначыць лепшых удзельнікаў, тым больш што колькасць была значная (15 дакладаў). Сярод іх былі навучэнцы школ горада і раёна, якія па-свойму і адметна раскрылі тэму. Урэшце вынікі былі падведзены: першае месца заняла Першамайская СШ, другое – Ёдкаўская СШ, а трэцяе журы размеркавала сярод трох школ – Тарноўскай, Мінойтаўскай, СШ №4 г. Ліды. Відэапрэзентацыя пераможцаў – Першамайскай СШ – адпраўлена на абласны завочны адборачны тур, за які адказвае Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства. Сярод усіх удзельнікаў (а г. зн. з кожнага раёна па адной рабоце) будуць вызначаны 10 лепшых. А пераможцы, у сваю чаргу, прымуць удзел у вочным этапе абласнога краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”, які адбудзецца ў горадзе Гродне 9 красавіка.







