Участковая бальніца ў пасёлку Першамайскі Лідскага раёна названа лепшай у вобласці

02 Марта 2016 3541

Нядаўна былі падведзены вынікі работы медустаноў Гродзеншчыны. Іх прафесійную дзейнасць высока ацаніў Міністр аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Васіль Жарко. На калегіі, дзе аналізаваліся вынікі работы за мінулы год, прагучала: Лідскі раён унёс значны ўклад у паляпшэнне паказчыкаў здароўя насельніцтва. Прыводзіўся яскравы факт: рост нараджальнасці адзначаны ў дванаццаці раёнах, а ў абласным цэнтры і Лідскім раёне перавысіў смяротнасць. Паказальны і такі момант: Першамайская ўчастковая бальніца стала пераможцай абласнога агляду-конкурсу сярод арганізацый аховы здароўя.

Прызнаюся, ехала ў Першамайскі з упэўненасцю: у вобласці выбралі сапраўды годную ўстанову. І першае, што кінулася ў вочы яшчэ на падыходзе, – ідэальная чысціня прылеглай тэрыторыі. Здавалася б, пара генеральных уборак яшчэ не прыйшла, толькі сышоў снег, але нідзе ні смеццінкі. Леташняя траўка – нібы прычасаная. Прыемна ўразіла і сама бальніца. Дарэчы, ёй 50 гадоў. Тры гады таму тут быў праведзены капітальны рамонт. Бальніца змянілася да непазнавальнасці і зараз не саступіць сучасным гарадскім памяшканням.

Загадчык бальніцы Часлаў Серафіновіч паказвае карэспандэнту дыплом... “Гонар калектыву, высокае прызнанне агульнай працы. Але і – адказнасць. Мы разумеем, што працаваць павінны адпаведна. І ведаем: у нас атрымаецца. Тым больш што адчуваецца падтрымка адміністрацыі ЦРБ, райвыканкама, мясцовага торфапрадпрыемства”.

Адзначым, што калектыў у Першамайскай бальніцы склаўся надзвычай моцны і зладжаны. Практычна ўсе ўрачы, медсёстры, санітаркі працуюць нават не адзін дзясятак год. Сярод такіх – урачы Святлана Галубовіч, Вера Лукашэвіч, Аліна Некраш. Не выключэнне – медсёстры: Тэрэса Герасімук, напрыклад, у Першамайскай бальніцы больш за сорак гадоў. Вопытныя медыкі падаюць прыклад маладым. Паўгода таму ў бальніцу на працу прыйшла лабарант Ілона Кузьма. “У калектыве мяне вельмі добра прынялі, і праца падабаецца – іду на яе з задавальненнем, – прызнаецца дзяўчына. – Думаю застацца”.

1

Малады фельчар-лабарант Ілона Кузьма: «Калектыў прыняў мяне добра». 

***

Сама бальніца – гэта стацыянар, амбулаторыя і аптэка. І ўсё ўзаемазвязана. Вядуць прыём урачы-тэрапеўты, зубны ўрач, акушэрка, працуе лабараторыя, дзе можна здаць аналізы крыві, ёсць фізкабінет, у якім праводзяцца назначаныя фізіятэрапеўтычныя працэдуры. Усё максімальна набліжана да патрэб людзей.

У стацыянары 35 ложкаў, дзесяць з іх – так званыя сацыяльныя. Яны для адзінокіх састарэлых людзей, тых, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Як і кожная ўчастковая бальніца ў сельскай мясцовасці, гэта ўстанова мае сваю спецыфіку: урач тут з’яўляецца не толькі тэрапеўтам, але і ўрачом агульнай практыкі – і лорам, і неўролагам... Медыцынскай дапамогай першамайскіх медыкаў ахоплена больш за тры тысячы чалавек з самога пасёлка і сямнаццаці вёсак Дубровенскага сельсавета.

У той жа час кожны ўрач адчувае задачы, якія ўскладзены на сельскую медыцыну. Сярод прыярытэтных – знізіць смяротнасць і павысіць нараджальнасць. У гэтым кірунку ў першамайскіх медыкаў ёсць дасягненні. У мінулым годзе тут нарадзіліся 38 дзетак. Гэта шмат. Адначасова тут імкнуцца знізіць колькасць лятальных канцоў. Займаюцца прафілактыкай сардэчна-сасудзістых і анкалагічных захворванняў, змагаюцца са шкоднымі звычкамі, удзельнічаюць у назіральнай камісіі, наведваюць адзінокіх і сацыяльна небяспечных грамадзян.

Немагчыма не спыніцца і не сказаць колькі слоў аб саміх дактарах, бо ледзь не кожны з іх унікальны... З 1975 года (!) нязменным педыятрам працуе ў бальніцы Вера Паўлаўна Лукашэвіч. На яе руках вырасла ўжо трэцяе пакаленне жыхароў Першамайскага. Яна прыехала сюды зусім маладзенькай дзяўчынай адразу пасля Гродзенскага медуніверсітэта – і засталася. Памятае амаль усіх сваіх маленькіх падапечных, і свой першы выклік – у Дуброўню, на вул. Лугавую (дзе зараз знаходзіцца фірма “Білдэр”), і як яна ледзь не заблудзіла. Разам з ёй медсястрой працуе Алена Клышэйка. Калісьці яна змяніла працу ў Гродне на Ліду, а потым і Ліду на Першамайскі. І аб гэтым ніколькі не пашкадавала. Больш за дваццаць год беражэ жаночае здароўе жыхарак Першамайскага акушэрка Таццяна Варано. Добрасардэчная, камунікабельная, безадмоўная – так характарызуюць яе калегі. Ну а сама Таццяна Валянцінаўна кажа, што вельмі любіць працу, а найбольшае задавальненне атрымлівае, калі ўдаецца адгаварыць жанчыну ад аборту ці калі небяспечны дыягназ не пацвярджаецца. Тады яна кажа: «Дзякуй Богу!»

3

Акушэр Таццяна Варано 20 год беражэ здароўе першамайскіх жанчын.

Дарэчы, аповед аб Першамайскай бальніцы быў бы няпоўным, калі б не сказаць, якую духоўную падтрымку хворым і медперсаналу аказвае мясцовы праваслаўны прыход. Пастаянна наведвае бальніцу айцец Арцёмій.

***

Між іншым, зазірнём у палаты... У адной з іх застаём медсястру Таццяну Іванаўну Стому, якая вымярае ціск хвораму – Анатолю Гаелю. Мужчына паступіў у бальніцу з высокім ціскам, яго непакоіла і сэрца. Але першамайскія медыкі дапамаглі. Анатоль Аляксандравіч, не хаваючы шчырасці, кажа: “Дактары – выдатныя, у медсясцёр залатыя рукі, і ўвогуле – умовы як у санаторыі”.

“Зайдзіце ў сацыяльныя палаты, – падказвае мне загадчык бальніцы. – Там любяць, калі да іх прыходзяць. У мяне кожны дзень, ледзь толькі прыйду на працу, пытаюцца: “Ну што, бачылі там маіх? Ці прыедуць?” Кажу: “Прыедуць, бабуля, прыедуць”.

Сваякі наведваюць амаль усіх такіх пацыентаў, нягледзячы на ​​тое што ў многіх няма дзяцей. Хаця ў некаторых і дзеці ёсць, але... Сітуацыя, як кажуць, без каментарыяў.

5

Медсястра Таццяна Стома – з клопатам пра кожнага пацыента. 

На дзвярах адной з сацыяльных палат – таблічка “Лечачы ўрач Серафіновіч Ч. В”. З парога першае, што кідаецца ў вочы, – ідэальны парадак і акуратныя, прыгожыя бабулькі. На тумбачцы каля ложка адной з іх – абразкі. Бабулі сустракаюць мяне ўсмешкамі, нібы чакалі і хочуць шмат усяго расказаць... “Вельмі добрыя тут дактары, асабліва наш – Часлаў Віктаравіч, – першай уступае ў размову Рэгіна Янаўна Каско. – Я тут з лета. Трапіла з пераламанай нагой. Не хадзіла зусім. А цяпер вось, глядзіце, нават палачку не бяру...” І бадзёра, хораша прайшлася па пакоі. Яе суседка Антаніна Васільеўна Вайткевіч у бальніцы накшталт легенды – жанчына з вышэйшай адукацыяй, у мінулым выкладчык. Жыццёвыя абставіны так склаліся, што цяпер ёй патрэбны пастаянны нагляд медыцынскіх работнікаў, тым больш цяпер, калі атрымала пералом сцегнавой косткі. Але цяпер яна ўжо ходзіць, што і паспяшалася нам прадэманстраваць. Трэцяя іх суседка – Ганна Іосіфаўна Кудла – пакуль не ўстае, за ёю наладжаны догляд. Развітвацца з жыццярадаснымі бабулямі зусім не хацелася. Думалася: лёсу гэтых жанчын не пазайздросціш, а яны рады жыццю і што паслала яно на старасць такіх людзей, такое выдатнае асяроддзе. Ні адна з гэтых бабуль не паскардзіцца на свой лёс, а тым больш на медыкаў, якія сталі ім больш чым родныя людзі.

– І мы іх вельмі любім, – нібыта прачытаўшы мае думкі, кажа медсястра Таццяна Стома. – Ну вось, напрыклад, Рэгіна Янаўна... Яна ж адзінокая, але ў ёй столькі любові! Часам калі пачуе, што хтосьці скардзіцца на сваякоў, уступаецца, кажа: “А калі да мяне прыязджае пляменніца, што б і як бы мне ні балела, я заўсёды ўсміхаюся. А як інакш? Я павінна яе падбадзёрыць, дапамагчы. Я і памалюся за ўсіх”. Вось яны ў нас якія...

4

Жыхаркі адной з сацыяльных палат Рэгіна Каско (справа) і Антаніна Вайткевіч – з верай і любоўю да людзей.

***

Ужо на выхадзе з бальніцы яшчэ раз звяртаю ўвагу на прылеглую тэрыторыю: так шчыра завіхаецца тут дворнік Данута Ермаш – і канчаткова ўпэўніваюся, што першамайцам вельмі пашанцавала. Іх бальніца сапраўды выключная. Выключнасць гэта найперш у прафесійным, уважлівым да чужога болю персанале, а яшчэ ў чысціні, утульнасці, створаных тут рукамі людзей, і асаблівай атмасферы дабрыні і клопату.

2

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться