Лідчанка расказала, як жывецца ёй на хутары
Тэлефонны званок у рэдакцыю “Лідскай газеты” 67-гадовай Соф’і Адамовіч з хутара Янцавічы Дзітвянскага сельсавета прагучаў якраз у той момант, калі мы збіраліся ў камандзіроўку ў Дзітву. Як тут было не дамовіцца з Соф’яй Антонаўнай аб асабістай сустрэчы? Пагутарыць аб усім з вока на вока. Так і зрабілі. Вось толькі тады мы яшчэ не ведалі, што дабрацца да яе дома для нас будзе нялёгка. І справа зусім не ў дарогах (а на той час наваколле было засыпана снегам). Што-што, а дарогі тут якраз-такі былі прачышчаныя. Больш скажу: прачышчаныя так, што ў параўнанні з гарадскімі транспартнымі артэрыямі, што патаналі ў талай ад солі кашы, ехаць па добра ўкатанай грунтавой дарозе было адно задавальненне. Ну а цяжкасці ўзніклі таму, што адшукаць сам хутар Соф’і Антонаўны аказалася няпроста. Пасля некалькіх марных спроб, запытаў у вясковых жыхароў і выпадковых падарожнікаў мы нарэшце спыніліся каля аднаго з хутароў – і зноў жа ў невядомасці, туды трапілі ці не. Ды насустрач выйшла сама гаспадыня. Нібыта прачытаўшы нашыя думкі, сказала: “Вось і я ўсё прашу-прашу, каб паставілі на дарозе ўказальнік “Паварот на Козічы”. Тады любому было б усё зразумела. А так – уявіце: як выклікаць хуткую ўначы, як растлумачыць, куды зварочваць?..” Ды гэта тэма хутка адышла недзе на другі план, нязмушаная размова наша пайшла аб другім.
Але перш – дазвольце лірычнае адступленне... Наваколле, што адкрылася позірку, – бліскучае серабрыста-белае покрыва, прыбраны ў белыя футры і шапкі лес, неапісальная зямная прыгажосць – не магло пакінуць раўнадушным. Гарадская мітусня, клопаты паступова развейваліся, і на душы станавілася лёгка. Апошнія рэшткі таго, гарадскога, светаадчування падштурхнулі спытаць жанчыну: “Як вам тут адной? Ці не страшна на хутары?”
– Што вы! А чаго баяцца? Я больш за трыццаць год тут жыву. Ды і не бываю адна. Дзеля гэтага і хацела з вамі пагутарыць, – кажа жанчына. – Да мяне дарога чысціцца заўсёды. Я нават не паспею патэлефанаваць, як Іна Мікалаеўна Мяшкевіч, наша старшыня Дзітвянскага сельскага Савета, або сакратар Галіна Уладзіміраўна Бубен самі пазвоняць: “Як там у вас дарога, ці замяло?” Калі што, падключаюць да справы торфазавод “Дзітва”. Начальнікам участка “Крупка” там працуе Міхаіл Пятровіч Вераб’ёў. Прыехаў, агледзеў, што і да чаго тут, як трактару будзе развярнуцца, з якога боку чысціць. Бо чысціць жа тут можна і з другога боку. Але мне адтуль не трэба. Мне трэба менавіта ад дарогі, бо тут аўталаўка можа заехаць. Праз колькі часу Міхаіл Пятровіч прыслаў трактарыста, той усё пачысціў. Вялікі дзякуй ім! Ніколі я не застаюся і без свежых прадуктаў. Кажучы па праўдзе, маршрут аўтамагазіна не праходзіць каля майго хутара. Але я патэлефаную, папрашу, каб заехалі. І заязджаюць. Да таго ж, вадзіцель Станіслаў Будзевіч ужо і сам пра мяне памятае. Бывае, што я і не званю, а ён схіліцца з шляху і зае-дзе: “Можа, вам штосьці трэба?” Такі цудоўны чалавек! Паглядзіць, што ў мяне сумка цяжкая, забярэ і паднясе пад ганак. Ну а прадавец Таццяна Спургяш ведае ўсе мае прыхільнасці. Яна заўсёды падкажа, што лепей купіць. Увогуле, людзі вакол мяне добрыя... Суседзі з навакольных хутароў, вёсак заходзяць. Хоць далёка, але наведваюць Данута Шалкоўская, Яніна Шэўчык. Данута Баляславаўна ўколы, калі што, можа зрабіць, з пошты газету прынясе. Шмат год я выпісваю “Лідскую газету”. Прывязанасць засталася з даўніх часоў, бо мама калісьці працавала паштальёнам. Так і жыву... Напэўна, я шчаслівая ў Бога!..”
Апошнія словы сапраўды краналі. І побач з гэтай простай жанчынай стала добра, лёгка і зразумела, што не там, у горадзе, дзе цывілізацыя, а вось тут, на далёкім хутары, – сапраўднае жыццё.
– У мяне васьмёра дзяцей, – працягвае аповед Соф’я Антонаўна. – чатыры сыны і чатыры дачкі. Раскіданыя паўсюль. Але ўсіх я выгадавала дастойнымі людзьмі. Ніхто не скажа пра іх дрэннага. Галоўнае ж – яны ў мяне ўсе вельмі дружныя!.. Дачка вось нядаўна з Германіі тэлефанавала, распытвала пра маё жыццё-быццё. А я ёй кажу: “Ведаеш, у нас у Беларусі людзі не прападуць. Аб старых клапоцяцца. На зіму едзь сабе ў дом састарэлых, на лета – дахаты”. Вось вы пытаеце, як мне тут. Добра. Чаму? Бо людзі вакол добрыя. Бо хораша тут. І ўвогуле – усё добра. У Бога я шчаслівая.