Загадкі Тарноўскага палаца
Ваколіцы вёскі Белагруда з першай паловы XV стагоддзя належалі ўплывоваму беларускаму роду Завішаў. Пад канец XVII стагоддзя Белагруду атрымала дачка Яна Юрыя Завішы, старасты браслаўскага, Ганна, якая ў першым замужжы (каля 1690) была жонкай Пятра Амора, графа Тарноўскага, а ў другім – Крыштафа Шчыта, кашталяна смаленскага. Памяць аб гэтых двух прозвішчах і заставалася ў назвах маёнтка Тарнова і фальварка Шчытнікі.
Каму належала Тарнова?
У XVIII стагоддзi Жырмуны і Востраў (той самы, дзе ў 1392 годзе падпісвалася славутае пагадненне паміж Вітаўтам і Ягайлам) з Белагрудай і Тарнова – маёмасць княгіні Барбары Радзівіл (з Завішаў). Ад яе Тарнова пераходзіць да сына – Станіслава Радзівіла (1722–1784), падкаморага літоўскага, далей – Мікалаю Фаўстыну Радзівілу (1751–1811), уладальніку Жырмун. Незадоўга да смерці Мікалай Фаўстын Радзівіл аддаў Тарнова ў заклад Тадэвушу Андрэйкавічу за 10000 залатых дукатаў і 130 000 злотых. Пасля судовага працэсу ў 1824–1825 гадах бакі падпісалі дамову, згодна з якой Андрэйкавіч стаў уладальнікам Тарнова. Яго сын Юлій Андрэйкавіч прадаў Тарнова Канстанціну Кашыцу.
Канстанцін Кашыц (1828–1881) – сын навагрудскага маршалка Юзафа Кашыца, у 1812 годзе быў афіцэрам 19-га палка ўланаў, потым удзельнічаў у паўстаннi 1831 года і на нейкі час эміграваў. Кашыц скончыў Дэрпцкі ўніверсітэт, быў чалавекам выдатных разумовых здольнасцей, вызначаўся трапным словам і вострым пяром. У 1850-я, калі яшчэ адбываліся шляхецкія соймікі, сваімі жартамі і эпіграмамі ён дакучаў розным павятовым і губернскім асобам. Аднаго такога «дыгнітарыя», які ў лісце замест «вторак» (аўтoрак) напісаў «фторак», ён назваў «пан Фторак», і мянушка гэта замацавалася назаўжды. Склаў некалькі рыфмаваных сатыр, якія называліся «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на выбарах (галасаванне на сейміках, ці Выбары)».
Канстанцін Кашыц удзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што быў асуджаны і сасланы. Аднак нейкім чынам хутка вярнуўся і 25 мая 1866 года быў прымушаны добраахвотна падпісаць акт, згодна з якім Тарнова з фальваркамі Рубікі, Шчытнікі, Белагруда, Чыжоўшчына і Банцэвічы – каля 2 500 дзесяцін зямлі разам з доўгам у дванаццаць тысяч рублёў былога ўладальніка Юліяна Андрэйкавіча – прададзена генералу рускай арміі Дзмітрыю Маўрасу за 56 300 рублёў. Да гэтага дадаваўся дом у Рызе (ацэнены ў 25 000 рублёў). Аднак Кашыца гэта не ўратавала, і ён быў паўторна сасланы ў Сібір, а вярнуўшыся на радзіму, хутка – у 1881 годзе – памёр.
Пасля 1863-га Тарнова набывае статус цэнтра сялянскай воласці.
З вострава Эгейскага мора – на Лідчыну
Новым уладальнікам Тарнова стаў унук Георгія Маўраса, былога гаспадара Малдовы. Радзімай старажытнага грэчаскага роду Маўрасаў быў востраў Радос у Эгейскім моры, адкуль Маўрасы перасяліліся на Мальту, а ў 1650-м пераехалі ў Малдову. Там род Маўрасаў займаў вельмі высокае становішча.
Дзмітрый Маўрас (26.10.1820 –12.07.1896), як афіцэр рускай службы, браў удзел у падаўленні Венгерскага паўстання ў 1849-м, Крымскай вайне 1853–1856-га, падаўленні ў Беларусі паўстання 1863-га. З 1873-га Дзмітрый Маўрас у чыне генерал-маёра камандаваў 1-й брыгадай 27-й дывізіі пяхоты ў Вільні. У 1877-1878 Маўрас камандаваў 6-й рэзервовай дывізіяй пяхоты ў вайне супраць Турцыі. З 1852-га Маўрас жанаты на графіне Кацярыне Іванаўне Сімоніч (1829–1890), дачцэ графа Івана Восіпавіча Сімоніча. На час жаніцьбы Маўрас служыў ва ўланскім палку ў Варшаве, там жыла сям’я Сімонічаў. Род гэты мае паўднёваславянскае паходжанне. Харват ці далмацінец Іван Восіпавіч (1792–1850) быў афіцэрам у войску Напалеона. У 1812-м узяты ў палон, у 1816-м паступіў на рускую службу. У Тыфлісе жаніўся на ўдаве, княгінi Арбеліяні. Меў сына Мікалая і дачку Кацярыну. У Дзмітрыя і Кацярыны Маўрасаў нарадзіліся дзеці: Марыя ў 1852-м, Ганна ў 1856-м, Аляксандра ў 1860-м, двайняты Мікалай і Лізавета ў 1861-м.
Як адзначана вышэй, маёнтак Тарнова генерал Маўрас набыў у 1866 годзе ў паўстанца Канстанціна Кашыца. Прадаць свой маёнтак Кашыц павінен быў па царскім указе хутка і танна. Гэтак жа танна ў паўстанца Маўрас купіў дом у цэнтры Вільні, на Георгіеўскім праспекце (цяпер праспект Гедыміна).
З канца 1860-х, спачатку толькі ў летні перыяд, а потым увесь час, граф Маўрас з сям’ёй жыў у маёнтку Тарнова. У першай палове 1880-х пабудаваў там палацавы комплекс, які цяпер знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Сядзіба складаецца з палаца і гаспадарчых пабудоў – стайні, лядоўні і ветрака. Перад сядзібным домам разбіты сквер, за 200 метраў на поўдзень ад палаца – дзве сажалкі. Пад’язная дарога агінае сядзібны дом, праходзіць паміж сажалкамі і вядзе да былога гаспадарчага комплекса, дзе знаходзіцца вятрак. Каля Белагрудскага касцёла была пабудавана карчма.
Нелі Антонаўна Салаўёва, унучка садоўніка графа Андрэя Іосіфавіча Багданца, успамінала, што на другім паверсе тарноўскага палаца ладзіліся пышныя балі, «...прыязджала шмат гасцей, апранутых у адпаведнасці з модай таго часу. Граф з жонкай шмат падарожнічалі. Напрыклад, бывалі ў Палестыне, часта адпачывалі на Міжземнамор’і, адкуль прывозілі шмат сувеніраў, адзін з якіх, ракавіна, дагэтуль захоўваецца ў маёй хаце».
Наогул, граф і графіня былі вельмі добрымі людзьмі. Дзмітры Маўрас паважаў старасць і ўсіх былых працаўнікоў трымаў да апошніх дзён iх жыцця. А калі паміраў сам, загадаў службоўцам зрабіць доўгія сталы і лавы, паставіць іх уздоўж усёй паркавай алеі і багата накрыць. Маўляў, хай прыходзяць усе ахвотнікі ўспомніць і памянуць.
Асобна трэба сказаць пра бібліятэку і калекцыю Маўрасаў. Бібліятэка налічвала больш за 8 000 тамоў на розных мовах, каля 2 000 тамоў перайшло ўладальніку Тарнова ад ягонага дзеда Георгія. Разам з кнігамі ў бібліятэцы захоўваліся радаслоўныя дакументы Маўрасаў, граматы на расійскія, аўстрыйскія, грэчаскія ордэны і чыны, радаслоўны спіс чатырох пакаленняў сям’i, у тым ліку і па жаночай лініі. Большая частка кніг знаходзілася ў Вільні, але шмат кніг было і ў тарноўскім палацы графа. У каталогу гэтай бібліятэкі, выдадзеным у 1888 годзе, на першай старонцы прысутнічае герб Маўрасаў: леў і дракон трымаюць прамавугольны шчыт, а над ім – графская карона. У каталогу змешчаны i партрэт графа Дзмітрыя Маўраса.
Канстатуючы візiт Ковенскага епіскапа Антонія на Лідчыну ў 1887 годзе, «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «Па дарозе ўладыка наведаў маёнтак графа Маўраса, які радасна прыняў дарагога госця і паказаў сваю бібліятэку, у якой захоўваецца шмат рэдкіх кніг і старажытных рукапісаў, як гістарычнага, так і духоўнага зместу».
У пачатку Першай сусветнай вайны кнігі вывезлі ў глыб Расіі. Пасля 1917-га бібліятэка была нацыяналізавана і перавезена ў Дзяржаўны кніжны фонд, з якога ў 1920-м перададзена ў Бібліятэку Румянцаўскага музея. У 1915–1920 з-за розных пературбацый бібліятэка графа Маўраса была часткова раскрадзена.
У тарноўскім палацы знаходзілася яшчэ i каштоўная калекцыя карцін, мастацкіх вырабаў з золата, бронзы, старадаўняя зброя, рэдкія ракавіны, чучалы туземных жывёл. У справе аб ардынацыі Тарнова ёсць спіс «рухомай маёмасці», але без падрабязнага апісання. Сярод 28 карцін пералічаны «Узнясенне» Рубенса, «Могілкі» Руісдаля, «Унутраны від кабака і танцы» Астадэ, «Начны відарыс у Венецыі» Каналета, «Галандская кухня» Тэньера, «Галава старога» Лукі Кранаха.
Верагодна, карціны дасталіся Маўрасу ад былых уладальнікаў-паўстанцаў: былі куплены разам з маёнткам і домам у Вільні. Яны не былі вынікам працяглых пошукаў, таму генерала цяжка назваць калекцыянерам, хутчэй яго можна лічыць выпадковым чалавекам, якому за бясцэнак дасталіся каштоўныя рэчы. Добра, што не марадзёрам. Дарэчы, некаторыя лічылі, што карціны маглі быць копіямі, але даказаць гэта ўжо немагчыма. Не быў генерал і мецэнатам.
Сямейства Маўрасаў лічыліся прыхаджанамі блізкай да Тарнова Радзівонішскай царквы, у 1869 годзе «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «...у Радзівонішскую царкву да дня яе асвячэння генерал-маёрам Маўрасам, вернікам гэтай жа царквы, былі ахвяраваны ўборы на прастол, ахвярнік і аналой, а таксама два абразы добрага жывапісу св. апосталаў Фамы і Пятра, коштам 100 руб.». У 1883 годзе тая ж газета пісала: «Сяло Радзівонішкі. У нашым вельмі малалікім прыходзе 16 мая было… прыкметнае свята. Гэта была імпрэза з-за каранавання Іх Імператарскай Вялікасці. Графіня Маўрас раздавала даволі каштоўныя падарункі, святкаванні працягваліся тры дні, грала хатняя музыка і былі народныя танцы».
Дзеля свайго адзінага сына Мікалая граф Дзмiтрый Маўрас 20 снежня 1883 года атрымаў ад імператара Аляксандра ІІІ імянны ўказ, паводле якога тарноўскія землі склалі ардынацыю, ці маярат, у які ўваходзілі: Тарнова, Андрушкі, Малы Ольжаў, Данеўшчына, Манькавічы, Ярэмічы, Лебяда. Туды таксама быў уключаны дом у Вільні з багатай бібліятэкай і каштоўнымі рэчамі. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель ардынацыі (па-расійску – «заповедного имения») дасягала 3 500 дзесяцін з фальваркамі, цагляным і вапнавым заводамi.
У верасні 1883-га ў хадайніцтве аб «учреждении заповедного имения» граф пісаў: «Дзве старэйшыя дачкі замужам і адлучаны ад сямейства, а дзве малодшыя – яшчэ дзявіцы, жывуць пры мне. Для іх застаюцца маёнткі Мыто, Дзітва, Вялікая Лебяда, Балічы, Зданаўцы, якія дастаткова забяспечаць малодшых дачок».
Сучаснікі лічылі, што граф турбаваўся толькі аб лёсе адзінага сына, а чатырох дачок ён хутка выдаў замуж: Марыю Дзмітрыеўну – за Фёдара Карлавіча фон Эксе, жандарскага генерала, Ганну Дзмітрыеўну – за лідскага абшарніка Слізня, Аляксандра Дзмітрыеўна стала Чэпелеўскай. Гісторыя шлюбу малодшай дачкі Лізаветы Дзмітрыеўны – самая цікавая.
Каб атрымаць царскі ўказ аб ардынацыі, Дзмітрый Маўрас жыў у Пецярбургу. Там Лізавета пазнаёмілася з маладым графам Мікалаем Сімонічам, успыхнула каханне, і хутка маладыя пабраліся шлюбам. Трэба сказаць некалькі слоў пра апошняга. Мікалай Мікалаевіч Сімоніч (1862-1915) – унук заснавальніка роду Івана Восіпавіча Сімоніча, быў адзіным сынам маёра Грузінскага грэнадзёрскага палка Мiкалая Іванавiча Сімоніча і дачкі вядомага адмірала Меліхава, Алены Васільеўны. Пасля ранняй смерці бацькоў яго гадавала бабуля, удава адмірала Меліхава. Верагодна, яна лічыла ўнука вялікім шалапутам, бо, завяшчаючы яму па сваёй смерці чатырохпавярховы дом у Пецярбургу (па Мохавай вуліцы), ставіла ўмовы, каб унук не мог прадаць яго да свайго 30-годдзя. Па яе меркаванні, пасля ўнук павінен быў «увайсці ў розум». Аднак дасягнуўшы 30-гадовага ўзросту, граф, прадаўшы дом, хутка распусціў грошы і пражыў жыццё бедным чалавекам. У 1883-1884, праўда, грошы яшчэ мелiся, як i дом у сталіцы, і Сімоніч лічыўся добрым жаніхом.
25 студзеня 1884 года ва Уваходаіерусалімскай (Знаменскай) царкве закаханыя былі на споведзі, праз некалькі дзён, 3 лютага, у царкве Зводна-Казачага палка (на Абвадным канале) адбылося вянчанне. Усе падзеі датычылiся не той царквы, прыхаджанінам якой Сімоніч з’яўляўся. І гэта зразумела, бо маладыя былі стрыечнымі братам і сястрой! Рэжысёрам і ініцыятарам дзеяння, па меркаваннi сучаснікаў, стаў бацька нявесты. Граф Дзмітрый Маўрас вельмі хацеў аддаць дачку замуж.
Маладыя пачалі жыць у доме па вуліцы Мохавай, 26 у Пецярбургу. У iх нарадзіліся сын Аляксандр (1884–1889, пахаваны каля царквы ў вёсцы Лебяда пад Лідай) і дачка Марыя – выхаванка Смольнага інстытута.
У красавіку 1890-га памерла жонка ўладальніка Тарнова, графіня Кацярына Іванаўна Маўрас.
8 кастрычніка 1892-га святар Радзівонішскай царквы Дружылоўскі асвяціў капліцу ў імя Святога Дзмітрыя Салунскага, пабудаваную ў маёнтку Тарнова па праекце і пад асабістым наглядам графа Маўраса. Капліца ўяўляла сабой прыгожую мураванку ў гатычным стылі. Шыбы ўпрыгожвалi выявы святых і крыжы з рознакаляровага шкла. Каля капліцы пабудавалі званіцу з конусападобным купалам і крыжам наверсе. Пад капліцай знаходзілася ўсыпальніца, дзе пахавалі парэшткі жонкі графа. У гэтай жа ўсыпальніцы праз чатыры гады быў пахаваны і сам граф Дзмітрый. Дарэчы, калі пасля 1939 года капліца з магільным склепам Маўрасаў была разбурана, з’явіліся чуткі, што Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спірце.
Дзмітрый Маўрас памёр у 1896-м. Пасля яго смерці Тарнова разам з усёй ардынацыяй перайшло адзінаму нашчадку мужчынскага полу Мікалаю Дзмітрыевічу (1862–1919). Граф Мікалай Дзмітрыевіч 30 чэрвеня 1882 года ў Радзівонішскай царкве быў абвенчаны з Адэлаідай Аляксандраўнай (Адэляй Алекаўнай) Рамала (1865–18.02.1909), румынскай падданай. Шлюб іх быў бясплодным. У 1911 годзе Мікалая Маўраса прызналі недзеяздольным і аддалі пад апеку, пасля чаго ён жыў у Пецярбургу. У 1913-м даведнік «Увесь Пецярбург» паведамляў ягоны адрас: «Граф Маўрас Мікалай Дзмітрыевіч, Гатчына, Люцеўская, 11». Разам з ім жыла ягоная старэйшая сястра Марыя фон Эксэ, удава генерал-маёра. Памёр Мікалай Маўрас у Гатчыне ў 1919 годзе.
11 красавіка 1921 года Лідскі павятовы камітэт прыняў у дзяржаўны скарб частку Маўрасавай ардынацыі: фальваркі Малы Ольжаў, Шчытнікі, Белагруду, Чыжоўшчыну і Бабоўцы. Да восені 1939-га Тарнова належала баронам Кехле (Koehle).
Напачатку 1890-х у перапісцы з дэпартаментам герольдыі аб правах на свой графскі тытул Мікалай Сімоніч указвае дачку Марыю, але нічога не піша пра жонку. Відавочна, шлюб Сімонічаў распаўся і напрыканцы 1880-х Лізавета Дзмітрыеўна вярнулася на Лідчыну. Пра гэта сведчыць і тое, што іх малалетні сын Аляксандр, які памёр у 1889-м, пахаваны каля царквы ў Лебядзе. Па-за шлюбам, 12 студзеня 1896-га, Лізавета Дзмітрыеўна нарадзіла ад адстаўнога карнета Міхаіла Міхайлавіча Скосырава сына Барыса.
Каб скасаваць шлюб з Сімонічам, графіня пайшла на вельмі рызыкоўны крок. Яшчэ да нараджэння Барыса, у снежні 1895-га, псаломшчык Лебядской Свята-Мікалаеўскай царквы Лідскага павета Міхал Рафаловіч быццам бы па сваёй ініцыятыве данёс у Санкт-Пецярбургскую духоўную кансісторыю аб незаконнасці шлюбу Сімонічаў – Мікалая Мікалаевіча і Лізаветы Дзмітрыеўны.
Пецярбургская кансісторыя пачала следства па гэтай справе, якое было завершана ў маі 1898-га. Было даказана, што бацька мужа Мікалай Іванавіч і маці жонкі, Кацярына Іванаўна, – родныя брат і сястра, а іх дзеці – стрыечныя брат і сястра. Шлюб асоб у такой ступені сваяцтва, безумоўна, быў забаронены законам.
Граф М. М. Сімоніч патлумачыў, што ўступіў у шлюб з Л. Д. Маўрас па легкадумнасці, непаразуменні і юнацкай закаханасці, давераным асобам нічога не было вядома. Ці ведаў нешта святар, які іх вянчаў, ён не ведае. Колькі ён заплаціў светару, не памятае. Графіня Лізавета Сімоніч (народжаная Маўрас) патлумачыла, што не ведала да шлюбу аб сваім сваяцтве з мужам. Са святаром не разлічвалася, таму не ведае, колькі грошай яму заплацілі.
Нікога са старэйшага пакалення ў той час ужо не было ў жывых, святар, што вянчаў Сімонічаў, сталы і паважаны ў Пецярбургу протаіерэй Іван Філосафаў, даў паказанні, што яго падмануў стары граф Маўрас, які абяцаў, але так і не падаў неабходнае пасведчанне аб трохразовым абвяшчэнні пра шлюб у Вільнi.
Духоўная кансісторыя загадам ад 29 мая скасавала шлюб Сімонічаў, наклала на былых мужа і жонку сямігадовую епітым’ю – уступаць у новыя шлюбы ім можна было толькі праз 7 год – і накіравала звесткi пракурору, які распачаў крымінальную справу. Аднак 27 студзеня 1899 года пасля даклада міністра юстыцыі імператар загадаў гэту справу спыніць.
Нягледзячы на сямігадовую епітым’ю, Лізавета Дзмітрыеўна выходзіць замуж за Міхаіла Міхайлавіча Скосырава. Гэта бачна з прашэння, датаванага 3 верасня 1900 года на імя начальніцы Смольнага інстытута аб справе дачкі ад першага шлюбу Марыі, у якім былая графіня Сімоніч фігуруе ўжо як Скосырава, прычым указвае сваім месцам жыхарства маёнтак Вялікая Лебяда Лідскага павета.
Міхаіл Скосыраў (карнет запасу, адукацыю атрымаў у кавалерыйскім вучылішчы ў Цверы) толькі з 1899 года з’яўляецца ў віленскай памятнай кніжцы як чыноўнік пры Віленскім генерал-губернатары. З 25 лістапада 1900 года ён лічыцца чыноўнікам для асаблівых даручэнняў «звыш штату». Лізавета Дзмітрыеўна працуе ўчастковай папячыцельніцай у Віленскім дабрачынным таварыстве. У гэты час сям’я Скосыравых жыве ў Вільні, у доме Горскага па Гарыстым завулку.
1 снежня 1903 года Міхаіл Скосыраў атрымлівае пасаду земскага начальніка 7-га ўчастка Лідскага павета Віленскай губерні і знаходзіцца на гэтай пасадзе да 1915 года. Адначасова ён узначальвае добраахвотнае пажарнае таварыства ў Жалудку. У 1904-м, па афіцыйнай інфармацыі віленскай памятнай кніжкi, сям’я жыве ў Вільні, на Вялікай Пагулянцы.
З 1906 года маёнтак Вялікая Лебяда з’яўляецца сталым месцам пражывання ўсёй сям’і Скосыравых. Аднак адрасная кніга Вільні за 1913 год зноў указвае, што Скосырава Л. Д. жыве ў горадзе Вільні, у доме 1 на Георгіеўскім праспекце, тэл. 14-17. Верагодна, гэта быў бацькоўскі дом, якім у той час валодаў брат Скосыравай. Мо, муж і жонка пасварыліся?
З 1914 года Лізавета Дзмітрыеўна з’яўляецца сябрам апякунскай рады Лідскай прыватнай жаночай гімназіі Ф. Л. і В. С. Навіцкіх. Месцам жыхарства сям’і Скосыравых запісана мястэчка Жалудок (Лідская вуліца), з 1915-га Скосыраў жыве ў Жалудку, а яго жонка ў Лідзе.