Лідскія інваліды-калясачнікі ініцыявалі рэспубліканскі праект

30 Декабря 2015 2596

У новы, 2016-ы, год сем юнакоў і дзяўчат з Беларусі, у тым ліку тры – з Ліды, увойдуць з надзеяй на здзяйсненне сваіх самых запаветных мараў. Не, нават не так – з упэўненасцю ў здзяйсненні сваіх самых запаветных мараў! І такая перакананасць абгрунтавана зусім не верай у цуды Дзеда Мароза. Маладыя людзі, аб якіх пойдзе размова, сталі ўдзельнікамі рэспубліканскага праекта “Не губляйся – паспрабуй!”

Анастасія Фёдарава з Бабруйска, Уладзімір Уласаў са Жлобіна, Павел Картэль з Беразіно, Павел Жылінскі з аграгарадка Бальценікі Воранаўскага раёна і лідчане Сяргей Жамойцін, Алена Нічыпар, Яўген Унгур – усе яны маюць прыроджаную альбо набытую інваліднасць. Але прытрымайце тут стогны шкадавання і спагады: яны не маюць у іх патрэбы. Гэтыя юнакі і дзяўчаты зусім не пазбаўленыя імкнення весці паўнавартаснае жыццё: наведваць з жонкай кафэ, а з дзіцем – цырк, займацца ў спартзале, адпачываць на прыродзе і іншае. Пагадзіцеся, жаданні простыя і для нас, людзей, не абмежаваных у фізічных здольнасцях, магчыма, нават наіўныя, але не для іх. Для інвалідаў-калясачнікаў на шляху iх здзяйснення ёсць бар’еры, зламаць якія і павінен праект “Не губляйся – паспрабуй!”

– У нашай краіне ён рэалізуецца з падтрымкай замежнага гранда, – паведаміў старшыня Лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў” Аляксандр Аўдзевіч. – Дарэчы, не выпадкова, што каардынацыя праекта вядзецца менавіта з нашага горада, з Ліды. Мы праявілі актыўнасць і прынялі ўдзел у конкурсе на фінансаванне. Нашы ініцыятыўнасць і жаданне змяніць нашае ж жыццё да лепшага былі пачутыя, падтрыманыя, і вось, напярэдадні Божага Нараджэння і Новага года, праект “Не губляйся – паспрабуй!” стартаваў.

Яго ідэя ў тым, каб праз праблему аднаго чалавека вырашыць цяжкасці іншых. Бо гэтае “асабістае” на самой справе актуальнае для многіх. Праблема агучваецца як жаданне, мара, выкананне якой і будзе яркім пацвярджэннем таго, што ўсё немагчымае – магчыма. Аляксандр абмаляваў журналісту “Лідскай газеты” таксама механізм працы праекта: кожны ўдзельнік будзе здымацца ў відэароліках. У першым чалавек раскажа, як атрымаў інваліднасць, падзеліцца сваёй марай і растлумачыць, якія бар’еры да гэтага часу перашкаджалi ўвасобіць яе ў жыццё. Напрыклад, лідчанін Яўген Унгур хоча займацца спортам. Паблізу яго дома ёсць добры спартзал – “Алімп”, але на шляху да яго ёсць перашкоды – высокія бардзюры. Іншы жыхар нашага горада, Сяргей Жамойцін, марыць правесці выхадныя адпачываючы на прыродзе: парачыся ў лазні, шпацыруючы па лесе. Здавалася б, Лідскі раён валодае адпаведнай інфраструктурай – аграсядзібамі, – але ці прадугледжаны яны для самастойнага адпачынку людзей з абежаванымі фізічнымі здольнасцямі? Аналагічнае пытанне тычыцца і салонаў прыгажосці, бесперашкодна наведваць якія марыць лідчанка Алена Нічыпар.

У аснову наступных відэаролікаў лягуць ужо гісторыі таго, як мары ўдзельнікаў праекта ўвасабляліся ў жыццё, якія цяжкасці прыйшлося пераадолець на гэтым шляху. У рамках праекта будзе паказана, як бабруйчанку Анастасію Фёдараву сустрэў сталічны дэльфінарый, а жыхароў Жлобіна Уладзіміра Уласава і яго жонку – мясцовыя кафэ. Даведаемся, ці змог Павел Картэль (г. Беразіно) звазіць сына ў цырк, а Павел Жылінскі з суседняга нам Воранаўскага раёна – вырашыць пытанне з асабістым транспартам.

– Фармальна людзі з абмежаванымі магчымасцямі валодаюць тымі ж канстытуцыйнымі правамі, што і іх здаровыя суайчыннікі, – разважае Аляксандр Аўдзевіч. – Фактычна ж – такія грамадзяне жывуць у «сацыяльным гета», акружаныя сценамі неразумення і адчужэння. Але так быць не павінна. Нам не патрэбныя «залатыя горы» і людскi жаль. Нам неабходныя роўныя магчымасці. Мы хочам бесперашкодна выходзіць з пад'ездаў сваіх дамоў і бесперашкодна жыць па-за іх сценамі. І праект “Не губляйся – паспрабуй!” накіраваны на тое, каб паказаць: гэта магчыма. Вядома, і мы, інваліды-калясачнікі, і, упэўнены, мясцовыя ўлады атрымаем каласальны вопыт сумеснай працы, сумеснага вырашэння праблем. Але самае галоўнае – усе гэтыя напрацоўкі можна будзе выкарыстоўваць у далейшым для стварэння безбар'ернага асяроддзя, для стварэння краіны, дружалюбнай да людзей з абмежаванымі фізічнымі здольнасцямі.З усімі відэаролікамі ўдзельнікаў праекта “Не губляйся – паспрабуй”, па меры іх выхаду, можна будзе знаёміцца ў тым ліку і на афіцыйным сайце “Лідскай газеты”, у раздзеле «Відэа». Раёнка выступае адным з інфармацыйных партнёраў Лідскай міжраённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» у гэтай справе.

inva

НА ЗДЫМКУ (злева направа): Павел Жылінскі, Алена Нічыпар, Аляксандр Аўдзевіч, Яўген Унгур і Сяргей Жамойцін. З удзельнікамі праекта “Не губляйся – паспрабуй!” са Жлобіна, Беразіно і Бабруйска сустрэча адбывалася праз “Скайп”.

Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться