Экскурс у гісторыю бежанства Першай сусветнай вайны (фота)
Летась споўнілася 100 гадоў з пачатку Першай сусветнай вайны, якая пачалася далёка ад Беларусі, але стала паваротным момантам у яе гісторыі. Цэлае стагоддзе аддзяляе нас ад падзеі, якая разбурыла імперыі, перакроіла межы краін, паламала лёсы цэлых народаў і на працягу ўсяго жыцця болем адгукалася ў сэрцах людзей, а зараз – і іх нашчадкаў. Так здарылася, што на долю маіх родных: дзядулі Івана, бабулі Алесі, іх дачкі, маёй цёткі Вольгі, а таксама іх сына і майго бацькі Івана, якому ішоў усяго шосты год, – у гэты час выпаў цяжкі лёс бежанцаў. Светлая памяць аб іх натхніла мяне напісаць аб тых падзеях. На аснове запісаных успамінаў, захаваных дакументаў, архіўных матэрыялаў, а таксама гістарычных крыніц мне хацелася паказаць трагічны лёс нашых землякоў-бежанцаў. Бо ў 1915 годзе большасць беларусаў Гродзеншчыны (і Лідчыны ў тым ліку), Віленшчыны, Брэстчыны, Беласточчыны пакінула родныя мясціны і падалася ў невядомы для іх край, перажываючы голад, холад і пекла рэвалюцый. Не дзіўна, што для многіх з іх бежанства асела ў памяці як найважнейшая трагічная падзея ў жыцці.
Расійская імперыя ўступала ў Першую сусветную вайну дрэнна падрыхтаванай і паступова страчвала сваю ваенную магутнасць. Пад пагрозай захопу апынуліся заходнія губерні. Для таго каб не пакінуць немцам мясцовыя стратэгічныя рэсурсы, расійскія ўлады прынялі рашэнне эвакуіраваць ваенныя і прамысловыя прадпрыемствы. Акрамя таго, пры адступленні імкнуліся прымяніць тактыку 1812 года – “выпаленай зямлі”. Па ўсёй лініі фронту пачалося прымусовае высяленне сялянства. У адносінах да незадаволеных, акрамя растлумачальнай працы, ужываўся прымус з прымяненнем паліцыі і коннай арміі. Рабаўніцтва і гвалт, якія чыніліся арміяй, сталі звычайнай з'явай. Пры нежаданні насельніцтва сыходзіць вёскі і мястэчкі проста спальваліся.
Вось як грунтоўна, з болем і непакоем за лёс бежанцаў-беларусаў пісаў у газеце “Наша Ніва” Якуб Колас: “Дзеецца нешта дзіўнае: у адзін момант народ, што меў сваю старонку, што быў сам сабе панам, быццам растае, рассейваецца, як туман, каб ад гэтага часу весці ўжо вечна жыццё вандроўніка. Спярша людзям цяжка нават зразумець, якой ахвяры ад іх вымагаюць. Хто меў свой дом, у таго і думка ў галаве не дзержыцца, што ён будзе не гаспадаром, а кутнікам. А тым часам акопы рэжуць яго палеткі, бомбы капаюць аграмадныя ямы, выварочваючы Зямлю-Матку, агонь нішчыць вёскі і гарады, і толькі памяць аб пакінутай Бацькаўшчыне будзе жыць у народзе, пакуль самае яго імя не счэзне... Пакінуць родны край, гэта і ёсць найвялікшая ахвяра. Вось у чым яе страшэнства: у каго згарэла хата, той можа адбудаваць яе, у каго забралі іменне, той працай сваёй можа ізноў прыдбаць яго, але народ, які адарвалі ад роднай глебы і рассеялі па чужых землях, ніколі не верне сабе даўнейшага жыцця, а будзе мыкацца між чужых, як выкляты Богам за нейкі цяжкі грэх”.
Незлічоныя натоўпы абяздоленых людзей рухаліся на ўсход. Ішлі ўласным ходам, ехалі на фурманках. Гінулі ад голаду і эпідэмій, стральбы артылерыі. Ішлі суцэльнай сцяной, пляжылі пасевы збожжа, бульбы, псавалі сенажаці і лугі. Тым часам вёскі Лідчыны поўніліся чуткамі аб прыбліжэнні фронту, аб гвалтоўным высяленні. “Фронт набліжаўся, рускія адступалі, – апісваецца ў адной з гістарычных крыніц. – Людзі не ведалі, што рабіць: ці бегчы ў Расію, ці хавацца ў лясах і балотах, пакуль фронт не пройдзе. Ксяндзы казалі сваім вернікам, што палякам няма чаго баяцца немцаў, бо яны ваююць з рускімі, а не з палякамі, і раілі не пакідаць сваіх дамоў. Праваслаўныя святары раілі праваслаўным бегчы ў глыб Расіі, бо рускім нібыта пагражаюць зверствы з боку немцаў і нават смерць. Таму беларусы выязджалі, а палякі заставаліся на месцы”.

Асабліва баяліся казакоў. “Казакі ездзілі па вёсках і палохалі людзей, што немцы гвалцяць жанчын без усялякага разбору, грудзі абсякаюць ім шаблямі, а мужчын вешаюць і страляюць. Паніка пайшла па вёсках”.
Пачаліся ваенныя рэквізіцыі. У сялян забіралі коней з вазамі на ваенныя патрэбы. Захаваўся дакумент, падпісаны вайсковым старшынёй Гросам, аб тым, што ў селяніна в. Дроздава Івана Ісідаравіча Кудлы па распараджэнні вайсковага начальства ўзята кабыла з фурманкай. Згодна з гэтым пасведчаннем, ён меў магчымасць вярнуць маёмасць у фальварку каля Вільні. Але пачалося наступленне на заходнім фронце, і дзеду Івану, вядома, было не да каня. Трэба было ратаваць сям’ю. Пасля ваганняў вырашылі збірацца ў дарогу.

Першыя бежанцы: колькі тут драматызму, бязвыхаднасці...
Наколькі адказна дзяржава спрабавала падыходзіць да эвакуацыі грамадзян з зоны ваенных дзеянняў у глыб Расіі, можна меркаваць па вопісу маёмасці. У адпаведным дакуменце селяніна в. Дроздава Івана Кудлы занатавана, што паліцэйскі ўраднік Іваноў прыбыў на сядзібу разам з сельскім старастам Ганчарскага таварыства Восіпам Дычэкам, і сумесна з запрошанымі сумленнымі ацэншчыкамі Васілём Кудлам і Восіпам Шутом і сведкамі Мікалаем Кудлам і Юрыем Пазняком яны правялі вопіс рухомай і нерухомай маёмасці. Дзякуючы таму, што гэты дакумент стогадовай даўнасці мае родныя збераглі, сёння мы маем магчымасць меркаваць, як жылі, што мелі ў той час сяляне-сераднякі Лідскага павета. У вопіс нерухомай маёмасці былі занатаваны дом новы і дом стары, гумно, два свірны, два хлявы, канюшня – ужо па гэтым можна казаць, што матэрыяльная база селяніна была нядрэннай. А вось што ўяўляла сабой база вытворчая: асноўнай цяглавай сілай у апрацоўцы глебы і транспартным сродкам былі дзве кабыліцы і мерын, да іх ішоў цэлы шэраг сельскагаспадарчых прылад (саха, бароны жалезная і драўляная, малатарня, сячкарні конная і ручная). Для перавозкі грузаў меліся вазы і сані. Аб дабрабыце селяніна сведчыць наяўнасць жыўнасці: тры каровы, дзве цялушкі, двое цялят і бык, апроч гэтага, чацвёра свіней, 22 курыцы, 20 авечак. Дзед быў нядрэнным пчаляром: у яго на пасецы было больш як 20 вуллёў. На прысядзібным участку рос садок. Па ўспамінах майго бацькі, у гаспадарцы было дзесяць дзесяцін ворнай зямлі, сенажаць, выган і невялікі лясок. На той момант, у жніўні 1915-га, бульба заставалася ў полі і па ацэнцы ўраджай мог быць 700 пудоў, гэта значыць, 11,2 тоны (па 2 капейкі за кілаграм). У засеках свірна заставалася 680 пудоў збажыны (у пераліку – больш за дзесяць тон па 10-12 капеек за кілаграм). Без увагі ацэншчыкаў не засталіся нават салома і сена. Апісана была хатняя маёмасць (посуд, сталы, лавы, вопратка, палатно, кросны, жорны). Ацэншчыкі ўзялі на ўлік нават плот, дошкі і нарыхтоўкі з дуба для вазоў. Згодна з вопісам, уся маёмасць Івана Ісідаравіча была ацэнена ў 10 491 рубель – на той час даволі вялікія грошы. Паводле запісу на грашовых купюрах, дзяржаўны банк гарантаваў абмен папяровых грошай на залатую манету ў суадносінах: адзін рубель – 1/15 імперыяла. Але што сталася з гэтым “багаццем”?..

Бацька Іван Іванавіч Кудла, цётка Вольга і бабуля Алеся.
З успамінаў бацькі, Івана Іванавіча Кудлы: “Мы ўжо ведалі, што нашыя бабуля, цёця і сястра ў ліку бежанцаў апынуліся і ўладкаваліся пад Серпухавам. Як ні хацелася, але і нас абставіны прымусілі рушыць у дарогу: немец ужо захапіў Вільню. Тата Іван Ісідаравіч, мама Аляксандра Вікенцьеўна і я, шасцігадовы хлопчык, выехалі дзесьці пад канец жніўня 1915 года. Памятаю, як збіраліся ў дарогу: грунтоўна рыхтавалі фурманку, узялі запасное кола, змазалі буксы. На воз уладкавалі ежу: сала, здор, крупы з грэчкі і ячменю, муку і гарох. Вопратку і палатно склалі ў куфар. Зарэзалі барана, закалолі свінчо, пасалілі і склалі ўсё ў драўляныя бочкі. Запраглі лепшага каня, другога – побач, на змену. З абразом Мікалая Цудатворца (дарэчы, ён аберагаў сям’ю ўсе гады бежанства, ваеннага ліхалецця і цяпер вісіць у пачэсным кутку як дарагая рэліквія) абнеслі фурманку, развіталіся з роднымі мясцінамі і рушылі ў невядомасць... З нашай вёскі выехала, напэўна, больш за палавіну жыхароў: сем’і Шутоў (браты Аляксандр, Сямён, Ануфрык), сям’я Любы Кудла, таксама – Максімовічаў… Кароў гналі пры возе. Мама даіла. Малака хапала, лішак давалі іншым. Першы прыпынак – ля Навагрудка. Там быў катлапункт. Давалі свежую капусту, але ў нас хапала свайго. Тут жа кармілі і коней. Надвор’е было спякотнае – усім хацелася піць. У вясковых студнях ваду вычэрпвалі да дна. Далей рушылі ў бок Дняпра. Гналі скаціну, шмат гублялася… Людзі ішлі пехатой: шум, крык, лаянка. Разам ехалі Грасы з Істакаў (Нікадзіму быў год, ён захварэў на тыф, яго хацелі скінуць). Было многа людзей з Ганчароў, сярод іх Германовіч Кандрат з сям’ёй. Трымаліся знаёмых, але ў вэрхале страчваліся. Насустрач ішло многа вайсковай тэхнікі, павозак, салдат. Спадзяваліся затрымацца на Дняпры: абяцалі ж пераможную вайну! Але хутка зразумелі: дарма”.
Ішла вялікая колькасць народу – цэлы вэрхал. скаціна, павозкі, хворыя, трупы людзей… Пахаладала – хадзілі ў лес па дровы, палілі вогнішчы, грэліся. Многія бежанцы, будучы ўзлаваныя на неабходнасць высялення і, акрамя таго, знаходзячыся ў паніцы, усё на шляху разбівалі і руйнавалі. Гэтым наносілі страты мясцоваму насельніцтву. Рабавалі жыллё, здзяйснялі масавыя патравы, самавольную высечку дрэў для вогнішчаў, капанне бульбы і г. д. Таму мясцовыя жыхары нярэдка ставіліся да іх варожа, справа даходзіла да забойстваў.

Большасць бежанцаў не мела ніякага ўяўлення, куды ў канчатковым выніку яны патрапяць, дзе будуць жыць. Усе ведалі цвёрда адно: яны ехалі ў Расію, якая павінна даць прытулак, а некаторыя нават спадзяваліся яшчэ лепш наладзіць там сваё жыццё.
Надыходзілі халады. Становішча бежанцаў набліжалася да крытычнага. Стала відавочным, што без арганізацыі чыгуначных перавозак праблему не вырашыць. У той жа час, як сведчаць гістарычныя крыніцы, “па дарогах і шляхах гужавым шляхам рухалася 450-500 тысяч чалавек. Асабліва шмат бежанцаў знаходзілася паміж Мінскам і Смаленскам, Гомелем і Бранскам. Было прынята рашэнне арганізаваць вываз эвакуіраваных у глыб Расіі і выдзяляць для гэтай мэты штосутачна 1 200 вагонаў. Пры пасадцы ў цягнік дазвалялі браць не больш за два пуды багажу на аднаго чалавека, але фактычна грузілі ўсё хатняе начынне. Відавочца пісаў, што «большасць бежанцаў едзе са значным запасам пшаніцы, мукі і іншых прадуктаў». Каля станцый заходніх губерняў спынялі транзітныя абозы, у бежанцаў скуплялі коней з вазамі і іншую жывёлу, каб паскорыць вываз. Кожны эшалон меў свайго суправаджальніка, які павінен быў клапаціцца аб эвакуіруемых ад моманту пасадкі да рассялення ў месцах прыбыцця. На пажыўных пунктах транзітных станцый людзей кармілі гарачай ежай, у тым ліку выдавалі дзецям яйкі, малако і белы хлеб. Адначасова медыкі аказвалі дапамогу хворым, эпідэмічных хворых выдалялі з эшалонаў для стацыянарнага лячэння. Такі быў усталяваны парадак, але ў жыцці назіралася іншае: цягнікі бежанцаў рухаліся надзвычай павольна, з кароткіх прыпынкаў на час кармлення рухаліся без папярэджання, адны паспявалі атрымаць ежу, а іншыя не. Многія адставалі ад цягніка. Вагоны бітком набітыя, уперамешку са здаровымі ляжаць у трызненні тыфозныя і курчацца халерныя хворыя, якія часта хаваюцца, каб не патрапіць на вочы медыцынскаму персаналу падчас абходаў. Але апынуцца ў вагонах, хоць бы і такіх, марылі ўсе бежанцы. На станцыях пасадкі былі шматтысячныя чэргі”.

З успамінаў бацькі: “Мы пагрузіліся на вагоны. Коней забралі ваенныя, кароў адпусцілі на волю. Ехалі па чыгунцы не менш за два месяцы. Дзесьці кармілі. З вагонаў выносілі памерлых. Лямантавалі. Хтосьці адставаў ад цягніка… Высадка ў Ніжнім Ноўгарадзе. Натоўп людзей у бараку. Цесна. Кармілі. Сваю яду часткова зрасходавалі, а многа і сапсавалася. Тут упершыню пазнаў голад. З Ніжняга Ноўгарада цягніком нас перавезлі ў гарадок Лукаянава. Выдалі білет бежанца і якіясьці грошы (па снежань 27 руб. 96 кап., за снежань, студзень і люты – па 21 рублю). Адтуль – фурманкамі ў сяло Стара Раждзественна...”


Тады, у 1915-м, ніжагародскія ўлады не былі гатовыя да прыёму велізарнай колькасці новых людзей. Тут не было інфармацыі нават аб прыкладным ліку чаканых бежанцаў. Не былі арганізаваныя структуры па прыёме, размяшчэнні бежанцаў. У паветы не былі адпушчаны спецыяльныя грашовыя сродкі. Закона аб бежанцах не існавала, таму не быў вызначаны памер бежанскага пайка, не было ўказанняў аб умовах размяшчэння іх на прыватных кватэрах, у паветах не было дастатковай колькасці хлеба. Адначасова ў паветах быў пачаты збор інфармацыі аб вольных працоўных месцах. Але іх у гарадах было ня-шмат. Не было пастаяннай працы ў сельскай мясцовасці, хаця яна магла адкрыцца як часовая пры малацьбе хлеба, выкопванні бульбы, ачыстцы цыбулі. На чыгуначнай станцыі можна было займацца пагрузкай на мясцовых складах. Такім чынам, патрабаваліся, як правіла, чорнарабочыя, ды і то для часовых работ. Не менш значнай праблемай было забеспячэнне бежанцаў цёплай вопраткай і абуткам, бо большасць прыбывала, не маючы нават зменнай бялізны.

З успамінаў бацькі: “У сяле Стара Раждзественна мясцовае насельніцтва прыняло нас добразычліва. Земства выдзеліла дом. Далі каня, карову, курэй. Бацьку ўладкавалі на службу лесніком. Першыя месяцы выдавалі грашовую дапамогу, але потым, калі бацька стаў сам зарабляць, адмянілі. Зажылі добра. Недалёка рака, лес. Бацьку падабаліся праца лесніком і ўрадлівая зямля. З вясковымі мы былі ў добрых зносінах. Наведвалі царкву, матуля спявала ў царкоўным хоры. Яды хапала сабе, нават і на продаж – малако, масла, сыр, яйкі. Здзіўляла многае: як апраналіся мясцовыя сяляне (кашуля навыпуск, падперазана аборкаю), як насілі ваду (па два вядры з каромыслам праз плечы). У кожнай хаце быў самавар (для нас гэта была навіна!), чаёўнічалі ўсёй сям'ёй, і калі хтосьці заходзіў, запрашалі за стол, падавалі булкі. У хуткім часе і бацька купіў бліскучы самавар. Абмяркоўвалася магчымасць тут прыжыцца і застацца надалей”.

Але ў Расіі грымнула Лютаўская рэвалюцыя. Адносіны да перасяленцаў пагоршыліся і ад новай улады, і ад мясцовага насельніцтва. Былі ўведзены падаткі, забіралі ўсё: і жыўнасць, і збожжа. Былі выпадкі нападу, разбою. Бежанцам зноў прыйшлося ўцякаць… З успамінаў бацькі: “Мы з сумам пакідалі абжытае селішча. Падаліся ў Серпухаў. Там былі мая бабуля Аляксандра Андрэеўна, цёця Соф’я Ісідараўна і сястра Вольга. Бабуля была пры хаце, рыхтавала ежу, падрабляла прыбіральшчыцай у канторы. Хварэла, а ў 1918 годзе памерла, і там, каля Серпухава, пакоіцца яе прах. Цёця Соня працавала настаўніцай. Сястра Вольга вучылася ў Навінкаўскай царкоўнапрыходскай школе і ў чэрвені 1917 г. скончыла яе, аб чым маецца пасведчанне... Мы пасяліліся на ўскраіне Серпухава. Займалі палову дома. Помню яры, кусты, рэчку, дзе праводзілі вольны час… Я хадзіў у школу, пасябраваў з суседскімі хлопцамі. Тата ўладкаваўся працаваць на паркаленабіўную фабрыку, былое таварыства Н. Н. Коншына, мама – у нейкага начальніка прыслугай. Заробкі былі малыя, у горадзе – мітынгі, беспрацоўе, усё часцей даходзілі чуткі пра Беларусь. Там усталявалася Народная Рэспубліка. Заканчвалася вайна. Бацька сустракаўся з бежанцамі з Беларусі. Шмат гутарылі, шмат раіліся – трэба вяртацца на радзіму… З фабрыкі тата звольніўся 7 лютага 1919 года, адпрацаваўшы бесперапынна два гады. Грошай на разлік не хапала: частку далі грашыма, частку – сваёй прадукцыяй (палатном). Прыйшоў бацька і кажа: “Ну, вось і ўсё – збірайце манаткі, і шыбуем дахаткі...”
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ўсе бежанцы ўраўноўваліся ў правах з грамадзянамі і ніякімі вiдамi забеспячэння не карысталіся, толькі сацыяльным. Паступова цэны сталі расці, а прадукты – знікаць. Як адзначалі самі бежанцы, з 1917 г. сітуацыя з забеспячэннем была катастрафічная, мясцовым сельскім насельніцтвам ніякай прадукцыі ў горад не дастаўлялася, а калі і дастаўлялася, то ў самай абмежаванай колькасці і па вялізных цэнах. Хлебнага пайка стала не хапаць, каб пракарміць сям’ю. Замест хлеба сталі выдаваць муку, не больш за 6 фунтаў на душу, але, каб пячы хлеб, патрэбныя былі дровы, якія па цане былі недаступныя. Бежанцы аб'ядноўваліся, спрабуючы арганізаваць працэс свайго вяртання на радзіму.

Рэальнае ж іх вяртанне дамоў пачалося пасля завяршэння савецка-польскай вайны. Тэрыторыя Беларусі была падзелена, і вялікая яе частка адыходзіла да Польшчы. У выніку большасці бежанцаў-беларусаў прыйшлося вярнуцца ў чужую краіну. З успамінаў бацькі: “Дабіраліся цягніком. На мяжы – затрымка, праверка... У дарозе ўсе думкі былі пра родныя мясціны... У Дроздаве ж позірку адкрыўся жудасны малюнак: пабудовы і дом, гумно і хлявы – без дзвярэй. Не стала ні малатарні, ні сячкарні, ні жорнаў. Ні сталоў, ні зэдлікаў, нават агароджу панеслі. Вугал зруба новай хаты быў падняты, а залатнік, які традыцыйна клалі пад першы “вянок”, укралі. Вяртаць маёмасць, якую мы пакінулі і якую нам так скрупулёзна апісалі і ацанілі, не было каму.
Пайшлі да далёкага родзіча, якому больш за ўсё перапала з нашай гаспадаркі, а ён даў толькі два вядры бульбы і бохан хлеба. У аднавяскоўцаў выменьвалі паркалёвае палатно на хатнія пажыткі і яду. Мала-памалу сабралі насенне на пасеў. Была вясна. На яду збіралі шчаўё і крапіву. Пасадзілі агародчык. Бульбу саджалі, збіраючы ў аднавяскоўцаў лупіны. Восенню крыху накапалі. Далей – болей. Завялі жыўнасць, кабылку. Зямелька давала добры ўраджай. Працавалі ад зары да зары. Я ўжо станавіўся за плуг, баранаваў, браў касу, наведваў школу, вучыўся добра”.
Але хутка зноў над нашай гаротнай зямлёй навісла пагроза – фашысцкая навала. А наша вёска – што прахадны двор: з аднаго боку – шаша, з другога – чыгунка.
***
У гады нямецкай акупацыі 1915-1918 гг. насельніцтва Гродзенскай губерні, і Лідчыны ў тым ліку, незваротна скарацілася. Многія мужчыны загінулі на фронце. Тысячы бежанцаў не вярнуліся на радзіму. Грамадзянскае насельніцтва акупаваных тэрыторый гінула ад голаду, хвароб, расстрэлаў. Населеныя пункты былі разбураны і спустошаны “вялікай” вайной, некаторыя вёскі перасталі існаваць. Ужо ў наш час, пры Савецкім Саюзе, пра Першую сусветную ўспаміналі мала... Хаця Другая сусветная – гэта ж працяг Першай... Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Ад аўтара: калі ў вас таксама ёсць успаміны родзічаў аб Першай сусветнай, дакументы, рарытэты тых часоў або вы хочаце выказаць свае меркаванні ці дапоўніць гэты матэрыял, мае нумары тэлефонаў: 59-93-04 (хатні), 8-029-1299304 (Вел.).







