Пра што гавораць помнікі ля Ходараўцаў?
Я спачатку неяк не заўважыў і толькі зараз выпадкова звярнуў сваю ўвагу на цікавы і прафесійна напісаны артыкул Вікторыі Русілевіч, надрукаваны ў «Лідскай газеце» №110 за 28 верасня 2013 г. пад назвай “Хто пахаваны на ўездзе ў Ходараўцы”. Паважаная Вікторыя паспрабавала адказаць на пытанне, якія людзі пахаваны пад прыгожымі старасвецкімі помнікамі ў Ходараўцах і каля дарогі ля вёскі Баяркі. Закончыла журналістка свой вельмі пазнавальны артыкул словамі: “Калі вы валодаеце якімі-небудзь звесткамі аб гэтым помніку, пішыце або тэлефануйце ў рэдакцыю “Лідскай газеты”. Напішам гісторыю раёна разам!”
Праблема з абодвума помнікамі ў тым, што хоць тыя нябожчыкі – людзі багатыя, але яны не пакінулі ніякага следу ў гісторыі.
Пачнём з апошняга, з помніка каля вёскі Баяркі. Каб даведацца, хто там пахаваны, трэба ведаць гістарычную літаратуру, якая датычыцца Лідчыны. Прыводжу цытату з рэдкай зараз кнігі Эдварда Хлапіцкага “Нататкі падарожжаў па краі ў розныя часы”. Аўтар у красавіку 1862 г. ехаў дарогай з Навагрудка ў Гродна: “...За Нёманам вёска і мястэчка князя Вітгенштэйна Беліца. Дарога ў тры мілі з Беліцы да Жалудка бяжыць сярод шырокіх раўнін, якія ўпрыгожваюцца гаямі і маляўнічымі вёскамі. Вялікія абшары, а пасярод іх купкі з бярозак, ліп і каліны. Часам па квяцістых лугах уюцца раўчукі, нагадваючы нам добра знаёмую Францыю і яе прыгожыя раўніны пад Саонам у Бургундыі. Тая ж дрымотнасць і пяшчотнасць пейзажу, тая ж самая неахопліваемая вокам, ва імзе вясковых дымоў і надводнай пары, знікаючая перспектыва. Толькі сялянскія хаты і сам быт сялян іншыя. Толькі згода і еднасць паміж рознымі сацыяльнымі пластамі іншая! На дзясятай вярсце за Беліцай краявіды мяняюцца. Прыгожы пас сасновых бароў, а сярод іх высокі нагробны абеліск з напісаным на бронзе імем харунжага Філіповіча; скрыжаванне дарог, за лесам зноў палі, вёскі і абсаджаныя ляшчынай крыжы. Далей млын (Ходараўцы), белая і прыбраная як маладая дзяўчына цэркаўка паноў Грабоўскіх (Дзікушкі) і потым Жалудок”. Такім чынам, высокая прыгожая стэла ля дарогі – надмагілле абшарніка Філіповіча, які памёр да 1862 г., на жаль, бронзавай дошкі з інфармацыяй пра пахаванага на помніку не захавалася.
З фундаментальнай кнігі майго добрага знаёмага, выдатнага гісторыка з Вільнюса Чэслава Малеўскага “Роды шляхетныя на Літве. Лідскі павет” даведваемся, што Філіповічы, гербу Ліс, у першай палове XIX стагоддзя валодалі фальваркам Вярсока (каля Эйшышак), ваколіцай Шаркіны (каля Лядска), маёнткам Камышова (у Навагрудскім павеце), маёнткам Абрэмаўшчына (у Гродзенскім павеце) і, самае галоўнае, маёнткам Хацяновічы, які якраз і знаходзіўся зусім недалёка ад месца пахавання і дзе, відавочна, жыў сам Філіповіч.
Пра жыццё Юльяна і Разаліі Буткевічаў, якія пахаваны ў Ходараўцах, таксама нічога канкрэтнага сказаць немагчыма, акрамя іх маёмаснага статуту, пра які няцяжка даведацца з той жа кнігі Малеўскага. Таму паважаная Вікторыя цікава расказвае пра ўвесь род Буткевічаў на Лідчыне і пра самага вядомага прадстаўніка гэтага роду – Стэфана Буткевіча, які 20 гадоў выконваў ролю прадвадзіцеля дваранства (маршалка шляхты) Лідскага павета. Вось пра гэтага цікавага чалавека я магу дадаць шмат цікавай інфармацыі.
Стэфан Буткевіч (19.02.1815–30.03.1896). Пахаваны на старых лідскіх могілках па праспекце Перамогі. У 1885 г. Стэфан Буткевiч, тады ўжо былы маршалак Лiдскага павета, пабудаваў новую, ашаляваную i крытую гонтам званiцу недалёка ад увахода на могілкі, тут жа, каля званіцы, ён разам з жонкай Эмiлiяй Буткевiч з Адамовiчаў (1813–1879) і знайшоў свой апошні прытулак.
Стэфан Буткевіч, сын Дамініка і Эміліі з Шукевічаў, валодаў маёнткам Косаўшчына з фальваркам Качанава і вёскамі Косаўшчына, Болтуці, Цвермы, Татарцы, Навіцкія, Былінскія – усяго 1363 дзесяціны і 150 душ. Пасля смерці маці атрымаў у спадчыну маёнтак Мінойты з вёскай (570 дзесяцін, 52 душы).
Адукацыю будучы маршалак атрымаў у Шчучынскім павятовым вучылішчы. У 1853 г. “тытулярны саветнік Буткевіч” у Памятнай кніжцы Віленскай губерні запісаны сярод “попечителей сельских запасных магазинов”.
Службовыя абавязкі маршалка шляхты выконваў з 12 кастрычніка 1855 г. Амаль што адразу быў узнагароджаны медалём у памяць аб вайне 1853-56 гг., потым ордэнам Св. Станіслава III ст. і знакам за 15 год службы. На сваёй пасадзе ён заставаўся да 1875 г. – роўна 20 гадоў.
Маршалак Лідскага павета Буткевіч згадваецца ў мемуарах рускага афіцэра І. В. Любарскага – палкавога доктара, полк якога стаяў у Лідзе перад паўстаннем 1863 г. Мясцовая інтэлігенцыя шукала паразумення з рускімі афіцэрамі: «У той час тутэйшыя абшарнікі і службоўцы не толькі не чужыліся рускіх лю-дзей, але імкнуліся зблізіцца з імі і ўсталяваць добрыя адносіны; таму запрашалі рускіх у свае сямействы і аказвалі ім самую вялікую ўвагу. Я, напрыклад, зусім яшчэ юны і халасты чалавек, быў проста збянтэжаны тым, што да мяне першым прыехаў з візітам прадвадзіцель дваранства (маршалак) – асоба, якая карысталася вялікай вагой у мясцовым грамадстве. Сталася так, што для збліжэння з афіцэрамі мясцовае дваранства падрыхтоўвала раскошны баль, і з гэтай мэтай заводзіліся знаёмствы нават з тымі з вайскоўцаў, хто па недахопе сродкаў трымаўся ўбаку ад павятовага грамадства».
***
У запісцы віленскаму генерал-губернатару А. Л. Патапаву ў сакавіку 1868 г. Буткевіч пісаў, што заробку ад казны ён не атрымліваў і выкананне сваіх службовых абавязкаў прадвадзіцеля дваранства каштавала яму двух маёнткаў, якія ён прадаў, каб пакрыць расходы на гэтай пасадзе.
Пасля адстаўкі з пасады маршалка надворны саветнік Буткевіч (надворны саветнік – грамадзянскі чын VII класа ў «Табелі аб рангах» Расіі, адпавядаў чынам падпалкоўніка ў арміі ці капітана II рангу флоту; афіцыйны зварот: «Ваша высокаблагароддзе») амаль што да канца жыцця абіраецца галосным (па-сучаснаму – дэпутатам) Лідскай гарадской Думы. Менавіта з галосным Лідскай гарадской Думы Стэфанам Буткевічам быў асабіста знаёмы Францішак Багушэвіч – паэт згадваў яго ў сваіх газетных артыкулах.Да 1913 г. гарадская ўправа арандавала будынак, які стаяў у раёне горада, што называўся Ферма, пад палкавую царкву ў сына былога маршалка Эмільяна Стэфанавіча Буткевіча.
Прадвадзіцель дваранства (маршалак шляхты) Стэфан Буткевіч у паўстанні 1863 г. не ўдзельнічаў. У гісторыі горада Стэфан Буткевіч, на жаль, застаўся як чалавек, які ў 1870-я гг. прапанаваў віленскаму генерал-губернатару разабраць наш замак Гедыміна на будаўнічыя матэрыялы...





