У Лідзе падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу імя Валянціна Таўлая на лепшы зборнік вершаў

07 Сентября 2025 592

Менавіта да ХХХІІ Дня беларускага пісьменства Гродзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі абвясціла конкурс на лепшы зборнік сучаснай беларускай паэзіі імя паэта-барацьбіта Валянціна Таўлая пад назвай «Шляхі, пракладзеныя ў заўтра».

Конкурс праводзіўся з 2 ліпеня па 2 верасня 2025 года. Было заяўлена каля 100 цудоўных аўтарскіх выданняў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Перад членамі журы стаяла вельмі складаная задача – выбраць лепшыя зборнікі.

Так, 7 верасня ў Доме-музеі Валянціна Таўлая адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў конкурсу, дзе ганаровае 3 месца атрымалі Ірына ЗАХАРАВА з Мінска за зборнік вершаў «Мне солнце душу обожгло» і Вольга СЕЛІЦКАЯ з Мінска за зборнік «Есть». 2 месца падзялілі паміж сабой Генрых ТАРАСЕВІЧ з Мінска за кнігу «Прасцяг» і Людміла ШАЎЧЭНКА з Гродна за кнігу «Откровение».1 месца дасталася Віктару ШНІПУ з Мінска за зборнік «Адзінокае дрэва нябёс» і Аляксандру МАРОЗАВУ з Астравецкага раёна за кнігу «Страна, в которой я живу». Гран-пры конкурсу атрымала Таццяна ЯЦУК з Баранавіч за кнігу вершаў «Прага цішыні».

– Гран-пры – прыемная нечаканасць. Калі тваю творчасць падтрымліваюць, то ўзнікае яшчэ большае жаданне ствараць нешта новае. Што датычыцца маёй кнігі “Прага цішыні”, то гэта зборнік ваенна-патрыятычнай паэзіі. Тая кніга, што выхоўвае патрыятызм і заклікае берагчы памяць. Я працую ў школе №4 горада Баранавічы. У час Вялікай Айчыннай вайны непадалёку знаходзіўся лагер смерці Калдычава. Мы з мужам наведалі гэтае месца, і я зразумела, што мне патрэбна пра гэта абавязкова напісаць. З’явіўся магутны штуршок для стварэння паэмы, якая напісана на адным дыханні. Дзякуй усім, што мой твор адзначылі, – падзялілася эмоцыямі пераможца конкурсу Таццяна Яцук.

У сувязі з тым, што на конкурс даслана нямала годных паэтычных выданняў на беларускай і рускай мовах, якія проста нельга было абысці ўвагай, было прынята рашэнне ўзнагародзіць шэраг аўтараў-канкурсантаў спецыяльнымі дыпломамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У гэты спіс увайшлі: лідчанін Руслан ПІВАВАРАЎ («Беседа»), Вольга АЛІЗАР з Гродна («У імя Перамогі»), Надзея САЛОДКАЯ з Полацка («Свет-вадзіца»), Марына ТРУШЫНА з Пастаў («Мне говорили…»), Наталля КАНДРАШУК з Кобрына («Рифмуя душу»), Алена БЕЛЬСКАЯ («Примерила счастье»), Алена КОТАВА з Пружан («Да бацькоў»), Тамара КАВАЛЬЧУК з Асіповіч («Усё, што люблю»), Наталля САВЕТНАЯ з Гарадка («Солнечные грошики»), Вольга НОРЫНА з Мінска («Сосновая иголка»).

Віншуем усіх пераможцаў з узнагародамі!










Текст: Анжелика ЗАБРОДСКАЯАнжелика ЗАБРОДСКАЯ
Поделиться
0Комментарии
Авторизоваться